Настаўнік хіміі і біялогіі Грыцкевіцкай СШ Андрэй Радаман, уладальнік нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”, вызначыўся з прафесіяй яшчэ ў дзяцінстве, калі вучыўся ў сваёй роднай Сноўскай школе.
Любоў да яе ў свой час яму прывіла настаўніца біялогіі Вольга Паўлаўна Хінейка. Захапленне гэтым прадметам ён працягнуў ужо ў педагагічным класе, дзе паглыблена вывучаў хімію і біялогію. Яшчэ школьнікам паспяхова здаў экзамены ў БДПУ імя Максіма Танка і стаў студэнтам. У суседнія Грыцкевічы пераехаў па размеркаванні і працуе тут ужо 26 гадоў настаўнікам біялогіі і хіміі, класным кіраўніком і кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні.
“Вечна вынаходзіць, спрабаваць, удасканальваць і ўдасканальвацца — вось адзіны курс настаўніцкага жыцця” — гэтыя словы К.Д. Ушынскага сталі дэвізам работы Андрэя Станіслававіча.
А.С. Радаман лічыць, што аснова добрага выніку — сістэмная работа з адоранымі дзецьмі, якой ён займаецца больш за 18 гадоў. Навукова-даследчая дзейнасць арганічна дапаўняе яго ўрокі, а пазакласная даследчая работа развівае ў дзяцей камунікатыўныя кампетэнцыі, вучыць крэатыўна разважаць, дае пачуццё свабоды.
— Галоўнае — знайсці тых, хто хоча гэтую пасляўрочную свабоду (без гаджэтаў) выкарыстаць з вынікам, — гаворыць Андрэй Станіслававіч. І гэта яму сапраўды ўдаецца.
Выхаванцы А. Радамана на працягу многіх гадоў запар займаюць лідзіруючыя пазіцыі на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных навукова-даследчых канферэнцыях. Сярод іх — дыплом пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі-2025”, 6 спецыяльных прэмій Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і многае іншае.
Педагог з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Андрэй Станіслававіч — шчаслівы настаўнік, таму што самая вялікая яго ўзнагарода — вочы дзіцяці падчас аб’яўлення перамогі. І не выклікае сумнення, што гэтых перамог будзе яшчэ больш.
Лілія ІВАНЕНКА.



