Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Галоўны аграном ААТ “17 Верасня” Дзіна Андросік: “Азімыя — у камфортным адпачынку”

Пост опубликован: 09.03.2026

Сёлетняя снежная зіма дала падставу спадзявацца на багаты ўраджай. Будзе дастаткова вільгаці ў глебе. А вада — гэта аснова жыцця. Пра стан азімых сельгаскультур, пра падрыхтоўку да вясновых палявых работ сёння гутарым з галоўным аграномам ААТ “17 Верасня” Дзінай Андросік. Дзіна Дзмітрыеўна працуе ў гэтай гаспадарцы з 2016 года, закончыўшы Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Вярнулася пасля вучобы на родную Нясвіжчыну — яе малой радзімай з’яўляецца вёска Новы Сноў. Тры гады дзяўчына ўзначальвала ў “17 Верасня” паляводчую брыгаду. Столькі ж была аграхімікам. Як маладой сям’і, ім з мужам — а ён вадзіцель і камбайнер — у 2021 годзе гаспадарка выдзеліла дом сядзібнага тыпу. Вырошчваюць на ўчастку гародніну, фрукты і кветкі. Гадуецца ў сям’і сынок Аляксандр. Галоўным аграномам Дзіну Андросік прызначылі 9 студзеня бягучага года. Так што чарговую вясновую пасяўную кампанію мая суразмоўца сустракае на новай, больш адказнай і больш турботнай пасадзе.

Дзіна Дзмітрыеўна расказвае:

(без названия)— Азімыя збожжавыя сёлета займаюць у гаспадарцы 1300 гектараў, азімы рапс — 550 гектараў. Маючы большы азімы клін, хутчэй справімся з сяўбой яравых культур. Таму і павялічылі яго адпаведна на 50 і 150 гектараў у параўнанні з папярэднім годам. Каб атрымаць добры ўраджай, у полі папрацавалі як належыць. Глебу старанна падрыхтавалі да сяўбы. Унеслі мінеральныя ўгнаенні. Фосфару — па 70 кілаграмаў дзеючага рэчыва на гектар, калію — па 180. Пад пшаніцу пасля кукурузы і шматгадовых траў зааралі арганіку па 50 тон на гектар. Азімы рапс атрымаў мікраэлементы — марганец і бор. Яго двойчы апрацавалі рэгулятарам росту. Пры неабходнасці сёлета такую апрацоўку паўторым.

— Ураджай у вялікай ступені залежыць ад якасці палявых работ. Хто ў вас сапраўдны іх майстар?

— На падрыхтоўцы глебы трэба адзначыць Дзмітрыя Фянько. На сяўбе — Сяргея Зянько. Добрасумленныя, адказныя механізатары, высокія прафесіяналы.

— Дзіна Дзмітрыеўна, познія і частыя восеньскія дажджы не былі лішнімі, не выклікалі трывогі?

— Не, яны насыцілі глебу вільгаццю, стварылі спрыяльныя ўмовы для ўсходаў. Апошнія ў фазе кушчэння, у добрым стане ўвайшлі ў зімоўку. Затым выпаў снег, глебу скаваў мароз, і зараз расліны адпачываюць. Зразумела, што мы кантралюем іх стан. Вымярзання не будзе адназначна — таўшчыня снежнага покрыву дасягала 30 і больш сантыметраў.

Правяраем збожжавыя на жыццяздольнасць. Вы́разалі на полі маналіт глебы з раслінамі азімага ячменю, змясцілі ў памяшканне з тэмпературай дзевяць градусаў цяпла, каб усходы пачалі вегетацыю. Нават на першы погляд пасевы выглядаюць добра. Думаю, яны прадэманструюць высокі працэнт жыццяздольнасці.

— Шмат снегу — шмат вады. Месцамі, у нізінах, можа быць вымаканне пасеваў. Як гэта нівеліруеце?

— Калі такое назіраецца, звычайна падсяваем яравым ячменем. Нельга дапусціць зніжэння выхаду зерня з-за вымакання. Кожны кавалачак зямлі павінен даваць аддачу, прыносіць карысць.

— 17 лютага падчас справаздачы Урада краіны па выніках работы за 2025 год Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падверг аграрыяў крытыцы за пэўныя недапрацоўкі. У частцы гаспадарак краіны пад азімыя не былі ўнесены мінеральныя ўгнаенні, буксуе назапашванне іх пад яравую сяўбу. Як у вашай гаспадарцы ствараюцца запасы ўгнаенняў, хімікатаў для патрэб сельгаскультур? Не за гарамі падкормка шматгадовых траў, азімых збожжавых і рапсу.

— Падкормліваць збожжавыя і рапс будзем КАСам. Ім забяспечаны пад поўную патрэбу. Агульная забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі складае 80%. Завоз іх працягваецца. Хутка завязём хімікаты, іх пастаўшчыкі вызначаны. Тыя ж ростарэгулятары, напрыклад, павінны быць у нас на складзе ў сакавіку, так што марудзіць не будзем.
Маем дастаткова насення яравога ячменю, хутка закончым дастаўку насення кукурузы.

Мы з восені зааралі пад яравую сяўбу 8 тысяч тон арганікі. Вясной яе трэба будзе заараць яшчэ 18-19 тысяч тон.

— Вясной вам трэба пасеяць 30 гектараў яравога ячменю, 1200 — кукурузы, 330 — цукровых буракоў. Падкарміць 500 гектараў шматгадовых траў, а таксама лугі і пашы. Аб’ёмы работ значныя. Як рыхтуеце тэхніку да выхаду ў поле?

— Раскідвальнікі мінеральных угнаенняў да падкормкі шматгадовых траў, лугоў і пашы гатовыя. На падкормку азімых збожжавых і азімага рапсу пойдзе «Раса». Яна таксама гатова. Як і культыватары, плугі, збожжавая сеялка. Зараз у майстэрні рыхтуюцца да адказнай работы кукурузная і бурачная сеялкі. Трактары механізатары рамантуюць па чарзе, згодна з графікам. Усе стараюцца, каб тэхніка служыла бездакорна.

Гутарыла Тамара Праль-Гуль.

На фота: Галоўны аграном ААТ “17 Верасня” Дзіна Андросік і палявод Ілля Фянько кантралююць стан азімага ячменю.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика