Гарадзейскі гарпасялковы дом культуры далучыўся да маштабнай рэспубліканскай акцыі “Кожную пятніцу — роднае, сваё”. У мінулую пятніцу, 13 сакавіка, ён сабраў сваіх гасцей на цудоўнае свята беларускай песні.
Ужо на парозе ўсіх сустракала ўсмешка і добразычлівасць загадчыцы ўстановы Святланы Майсейчык, ствараючы атмасферу сапраўднай гасціннасці. Зала напоўнілася святочным настроем: гучала музыка, а на выставе былі прадстаўлены сапраўдныя скарбы — вырабы мясцовых талентаў. Вышыванкі, сукенкі, карціны, дзіцячыя малюнкі, вырабы са скуры — усё гэта радавала вока і сведчыла пра багацце творчай душы жыхароў пасёлка.
Вядучыя свята, Святлана Майсейчык і Святлана Мартос, з любоўю і веданнем справы распавялі пра прыгажосць беларускай мовы і песні. Яны адзначылі, што беларускія песні — гэта сапраўдная скарбніца эмоцый: ад радасных і бадзёрых мелодый да напоўненых сумам і жалем, што кранаюць самыя глыбінныя струны душы.
На сцэну выйшлі ўдзельнікі музычнага ансамбля “Рэха” Завітанскага СДК у нацыянальных касцюмах: Лілія Ільюшэнка і Альбіна Сцепанюк. Іх выступленне стала сапраўдным падарункам для гледачоў.
Чароўныя галасы, цудоўныя песні, выкананыя з душой, выклікалі шквал апладысментаў і радасныя крыкі “Брава!”. Асабліва адзначылася прыгажуня Любоў Дрык з Нясвіжскага раённага цэнтра народнай творчасці, якая выканала некалькі песень на біс. Усе выступленні артыстаў суправаджаў таленавіты баяніст і выдатны спявак Іван Буглай, а за якасны гук адказваў мастацкі кіраўнік Віктар Шыманскі.
Свята не абышлося без інтэрактыву. Вядучыя правялі займальныя конкурсы, падчас якіх госці з задавальненнем адгадвалі беларускія загадкі, назвы песень і нават самі спявалі. Пераможцы атрымалі заслужаныя прызы. А пасля творчай часткі ўсіх жадаючых запрасілі на танцавальную пляцоўку, каб разам з артыстамі пакружыцца ў рытме падэспаня, мазуркі, кракавяка і, вядома ж, вальса.
Кульмінацыяй свята стала з’яўленне загадчыцы дома культуры з вялікім, духмяным караваем. Гасцей пачаставалі гэтым сімвалам беларускай гасціннасці, а потым запрасілі да стала, дзе ўжо чакаў гарачы самавар і разнастайныя прысмакі.
Сваімі ўражаннямі ад свята і цёплымі пажаданнямі падзяліліся А.Ю. Скачко, В.М. Мархель, К.А. Мядзведзь, В.С. Гунько і іншыя. Яны адзначылі не толькі высокі ўзровень арганізацыі, але і сапраўдную душэўнасць мерапрыемства. Дарэчы, такія святы ў Гарадзейскім гарпасялковым доме культуры — не рэдкасць. Тут рэгулярна праводзяцца Купалле, Масленіца, сустрэчы з ветэранамі працы льнозавода, жыхарамі пасёлка, а таксама канцэрты да 8 Сакавіка, Дня пажылых людзей і многія іншыя. Кожнае з гэтых мерапрыемстваў напаўняе жыццё пасёлка яркімі фарбамі і станоўчымі эмоцыямі.
Напрыканцы свята ўсе ўдзельнікі і госці зрабілі сумесны здымак на памяць. Дырэктар Святлана Майсейчык яшчэ раз запрасіла жыхароў і гасцей пасёлка актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх будучых мерапрыемствах, якіх, па яе словах, плануецца яшчэ шмат. І мы, безумоўна, прыйдзем, паважаная Святлана Міхайлаўна, абавязкова прыйдзем! Дзякуем за такое цудоўнае свята, якое падарыла столькі радасці і натхнення!
Георгій МАСКАЛІК,
г.п. Гарадзея.




