Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Аб’ём прадукцыі на 100 га сельгасугоддзяў у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна: рост у два-тры разы за 35 гадоў

Пост опубликован: 24.03.2026

Адным з паказчыкаў, які яскрава характарызуе дзейнасць сельскагаспадарчых арганізацый, з’яўляецца аб’ём вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі на 100 гектараў сельгасугоддзяў.

Ім можна аперыраваць, каб у чарговы раз паказаць эфектыўнасць гаспадарання нашых аграрыяў. Убачыць, які шлях яны прайшлі за гады станаўлення суверэннай Беларусі. Зноў: як было і як стала. Магчыма, для некаторых чытачоў лічбы здаюцца стамляючай рэччу. А для тых, хто цікавіцца, хто аналізуе, умее лічыць, думаю: сённяшняе вяртанне ў свет лічбаў статыстыкі будзе дарэчы, каб параўнаць.

За кропку адліку звычайна бярэцца 1990 год — апошні год, калі наша рэспубліка была ў складзе Савецкага Саюза, калі працавалі эканамічныя і фінансавыя інстытуты, калі яшчэ дзейнічалі вытворчыя сувязі і кожная рэспубліка выконвала адведзеную ёй ролю згодна з народнагаспадарчым планам усёй краіны.

Дык вось, вытворчасць малака на сто гектараў сельгасугоддзяў у 1990-м у сельгаспрадпрыемствах Мінскай вобласці была 762,6 цэнтнера, у Нясвіжскім раёне — 1014,8 цэнтнера. Мяса жывёлы і птушкі рэалізавана на забой у жывой вазе адпаведна 198,6 і 314,1 цэнтнера. У першым выпадку працаўнікі нашага раёна апераджалі сярэдні паказчык сталічнага рэгіёна ў 1,3 раза, у другім выпадку — у паўтара раза. Нясвіжцы заўсёды ішлі ў шэрагу лідараў абласнога спаборніцтва.

У якой яме апынулася вытворчасць пасля бязграматнай спробы рэфармавання гаспадарання і распаду СССР, сведчаць паказчыкі 1995 года. У вобласці вытворчасць малака знізілася да 469,7 цэнтнера на сто гектараў, у нашым раёне — да 692 цэнтнераў. Рэалізацыя мяса — адпаведна да 119,2 і 200,4 цэнтнера. Гэта быў перыяд не проста выжывання, а экзамен на прафесіяналізм, вытрымку, уменне знаходзіць выхад у складанейшых сітуацыях. І нашы разумныя, працавітыя людзі вытрымалі гэты цяжкі экзамен.

Праз пяць гадоў працаўнікі раёна выправілі справы ў малочнай галіне, спаду ўжо не было, паступова пайшло нарастанне аб’ёмаў. У 2003-м крышку недабралі да ўзроўню 1990 года, а ў 2004-м ужо пераўзышлі яго — было атрымана 1162 цэнтнеры на 100 гектараў. Праз год — 1330 цэнтнераў. І далей кожны год яны паступова нарошчвалі вытворчасць малака. У 2015-м паказчык 1990-га быў пераўзыйдзены больш чым у два разы, у 2024-м — больш чым у тры разы. Летась гэта лічба дасягнула 3255 цэнтнераў малака.

У мясной галіне раёна на папраўку справы пайшлі з 2001 года. У 2013-м узровень 1990 года быў перакрыты больш чым у два разы. Самы высокі паказчык — 756 цэнтнераў мяса на сто гектараў сельгасугоддзяў — дасягнуты ў 2020 годзе. Летась ён склаў 680 цэнтнераў.

Працаўнікі жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў, кіраўнікі, спецыялісты і рабочыя ведаюць, якія задачы стаяць перад імі. Добры догляд жывёлы і птушкі, правільнае, дыферэнцыраванае кармленне абавязкова высакаякаснымі кармамі, своечасовае лячэнне — вось складнікі высокага выхаду прадукцыі. Падчас нядаўняй справаздачы Урада краіны Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыводзіў факты дрэннага гаспадарання ў жывёлагадоўчай галіне, неапраўдана высокага падзяжу жывёлы ў частцы сельгаспрадпрыемстваў Беларусі. Працаўнікі Нясвіжчыны ўспрынялі сказанае як штуршок да яшчэ больш эфектыўнай далейшай работы. Забеспячэнне харчовай бяспекі сваёй дзяржавы — вось галоўнае, што выконваюць аграрыі з году ў год. А за кошт чаго выдатна з гэтым спраўляцца — зноў паслухайце Кіраўніка дзяржавы. Наведваючы 28 лютага малочнатаварны комплекс у Лагойскім раёне, ён падкрэсліў:

— Дысцыпліна і парадак — гэта аснова любых тэхналагічных працэсаў… Чысціна і парадак, так павінна быць пастаянна. Сістэма павінна быць.

Наша краіна дасягнула зараз найбольш высокага ўзроўню самазабяспечанасці прадуктамі сярод краін Еўразійскага эканамічнага саюза — 94,1 %. Па малочнай прадукцыі яна складае 291,9 %, па мясе — 140,2%.

Усё, што “звыш” — мы прадаём тым краінам, якія маюць патрэбу. Аб’ём экспарту беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання летась дасягнуў рэкордных 10 мільярдаў долараў.

Аб’ём прадукцыі на 100 га сельгасугоддзяў у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика