«Мелодыя жаночай душы ў слове паэта» — у Нясвіжы прайшло свята паэзіі Паўлюка Пранузы
У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы адбылася знакавая падзея для культурнага жыцця рэгіёна — Х фестываль паэзіі “Голасам свайго пакалення”. Мерапрыемства прымеркавана да 108-годдзя з дня нараджэння славутага земляка, ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, паэта Паўлюка Пранузы.


Ужо дзесяць гадоў запар бібліятэка захоўвае вернасць традыцыі, штогод адкрываючы для чытачоў і наведвальнікаў новыя, часам, малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Паўла Кузьміча. Сёлетні юбілейны фестываль — падзея асаблівая. У межах Года беларускай жанчыны арганізатары звярнуліся да самага патаемнага: вобраза Жанчыны ў лёсе і творчасці нашага славутага земляка. Для яго гэта не проста літаратурны матыў, а сапраўдная філасофія жыцця. Тут і трапяткі вобраз Маці, чыя малітва берагла салдата сярод франтавых пажараў, і вобраз каханай Жонкі — надзейнага тылу і вечнага натхнення ў мірныя будні, і светлыя вобразы Дачок як сімвал будучыні і непарыўнага працягу роду.

Менавіта таму гэтае свята — унікальная магчымасць сказаць шчырае і сімвалічнае “дзякуй” нашым маці, жонкам і дочкам. Тым, хто штодзённа натхняе нас на добрыя справы, беражліва захоўвае народныя традыцыі і напаўняе свет гармоніяй.
Праграма фестывалю была насычанай і разнастайнай. Для малодшых школьнікаў прайшла творчая сустрэча з паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і СНД Ірынай Карнаухавай “Літаратурныя героі сярод нас”, а навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа пагутарылі з паэтэсай, членам Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццянай Цвірко ў рамках сустрэчы “Пішу сэрцам і душою…”. Яскравым момантам стаў літаратурны вечар з удзелам сяброў Саюза пісьменнікаў Беларусі Раісы Раманчук, паэтэсы і спявачкі Аліны Галіцкай, а таксама членаў літаратурна-музычнага аб’яднання “Крыніца” (Баранавіцкі раён).


Літаратурна-музычны салон “На паэтычнай хвалі” стварыў непаўторную атмасферу жывога дыялогу, дзе шчырая лірыка тонка перапляталася з меладычнымі песнямі. У гэтай гармоніі слова і музыкі ўсе жаночыя абліччы зліліся ў адзіны вобраз Роднай Зямлі, ператвараючы наш фестываль у нізкі паклон той вышэйшай жаноцкасці, якая ахоўвае мір і напаўняе кожнае сэрца святлом.
Сапраўдным упрыгожваннем свята стаў традыцыйны конкурс чытальнікаў “Маці. Жыццё. Радзіма”. Юныя таленты з Нясвіжскага і Клецкага раёнаў не проста дэкламавалі вершы — яны прапусцілі кожнае слова праз свае сэрцы, прадэманстраваўшы глыбокае, зусім не дзіцячае разуменне вечных каштоўнасцей. У іх шчырых галасах гучала будучыня нашай зямлі.
Конкурс праходзіў у 3-х узроставых групах. У ім прынялі ўдзел 14 чалавек, вучні школ горада і раёна, а таксама 2 удзельнікі з суседняга Клецкага раёна.Узрост удзельнікаў — ад 9 да 15 гадоў. У склад журы запрасілі І.А. Карнаухаву, а таксама Н.А. Балашову і А.В.Башкіраву загадчыка сектара ўліку фондаў і навуковага супрацоўніка ўстановы “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры”, М.А. Бугаёву, малодшага навуковага супрацоўніка музея — філіяла М.Багдановіча.


Удзельнікі вельмі творча падыйшлі да конкурсу: падрыхтавалі візуальнае і музычнае суправаджэнне, пастараліся перадаць эмацыйны настрой і прыгажосць вершаў.


Пераможцамі ў 3-х узроставых групах сталі: Ксенія Бурбуць з Клецка і несвіжане Марк Лагун, Елісей Людко, Ягор Гурбан, Маргарыта Юхо, Данііл Пагрэбіцкі. Рабяты атрымалі Дыпломы і падарункі. Журы асобна адзначыла несвіжанак Дар’ю Струковіч і Ксенію Вініцкую, а таксама Варвару Кавалька з Клецка, якія ўзнагароджаны Граматамі і памятнымі сувенірамі, як і ўсе астатнія ўдзельнікі конкурсу.
Яркай і відовішчнай часткай фестывалю стала выступленне ўзорнага тэатральнага калектыву “Раптам” пад кіраўніцтвам Ганны Татур Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў. Маладыя акцёры прадставілі на суд гледачоў кранальныя тэатральныя пастаноўкі па матывах вершаў Паўлюка Пранузы, здолеўшы перакласці мову паэзіі на мову сцэны і надаць мерапрыемству асаблівы мастацкі каларыт.

Арганізацыя і правядзенне такога маштабнага свята стала магчымай дзякуючы моцнаму сяброўству і падтрымцы з боку Грамадскага аб’яднання “БРСМ”.
На жаль, на фестывалі не змаглі прысутнічаць дочкі Паўла Кузьміча — Алена Паўлаўна і Вера Паўлаўна. Але ў тэлефоннай размове яны выказалі шчырую ўдзячнасць усім, хто памятае Паўла Кузьміча, чытае яго кнігі і шануе яго памяць.
У ходзе падрыхтоўкі мерапрыемства, Алена Паўлаўна падзялілася ўнікальнымі сямейнымі фотаздымкамі, што зрабілі сустрэчу з аматарамі пранузаўскага слова па-сапраўднаму асабістым.
Да юбілейнага фестывалю цэнтральная бібліятэка падрыхтавала “Метадычную скарбонку” — зборнік, у якім сабраны матэрыял, карысны для бібліятэкараў, настаўнікаў. Гэта сцэнарыі літаратурных сустрэч, распрацоўкі мерапрыемстваў, гульні, віктарыны, рэкамендацыі па папулярызацыі творчасці паэта. Мы спадзяёмся, што гэтыя матэрыялы дапамогуць зрабіць знаёмства з паэзіяй Пранузы жывым, шчырым і запамінальным. Таксама былі складезены рэкамендацыйныя спісы літаратуры, якія дапамогуць кожнаму глыбей пазнаёміцца з творчым светам майстра.
Для гасцей і наведвальнікаў падчас фестывалю працавала інтэрактыўная пляцоўка, дзе кожны мог стаць удзельнікам творчага працэсу і адчуць подых паэзіі праз гульню. А прыемным і цёплым напамінам аб свяце стаў асаблівы сувенір — брэндзіраваны чай, водар якога будзе яшчэ доўга саграваць сэрцы паважаных гасцей.
Варта адзначыць, што праца супрацоўнікаў бібліятэкі атрымала высокае прызнанне на дзяржаўным узроўні. Назапашаны за дзесяцігоддзе вопыт па папулярызацыі творчасці славутага земляка быў прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў 2025 годзе, дзе атрымаў 1-е месца на абласным этапе і высокае 2-е месца ў рэспубліканскім туры.
Але гэта перамога — толькі пачатак. Цяпер нашы планы — пашырыць міні-музей “Куток паэта Пранузы”, зрабіць яго больш сучасным і дынамічным. З гэтай мэтай распрацаваны гуманітарны праект, які дапаможа ўвасобіць ідэі ў жыццё.

Аксана КУНАШ,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы.



