У Нясвіжскім раённым цэнтры культуры адбылося ўрачыстае адкрыццё XVIII Велікоднай выставы “Яечак сёлета багата — мы шчыра сустракаем свята”.
Вялікдзень для кожнага беларуса — свята асаблівае і сакральнае, без перабольшвання. У ім спалучыліся не толькі хрысціянскія каштоўнасці і вера, але і трацыцыі самога народа, клапатліва захаваныя і перададзеныя нам у спадчыну. Светлае Хрыстова Уваскрэсенне ўвасабляе адвечныя духоўныя каштоўнасці: дабро, справядлівасць, веру і надзею.
Сёлетняя выстава ўжо васямнаццатая па ліку, і з года ў год усё больш майстроў Нясвіжчыны далучаецца да яе. Велікодная выстава папоўнілася непаўторнымі работамі і паказала сапраўдны творчы палёт. У кожным вырабе — цеплыня душы майстра, талент, памножаны на абсалютнае пачуццё прыгажосці.
Сярод гасцей мерапрыемства — благачынны цэркваў Нясвіжскай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка, настаяцель рымска-каталіцкага касцёла Божага Цела ксёндз-канонік Пётр Шарко і дырэктар Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Людміла Матусевіч.

У сваім звароце да прысутных, Аляксандр Данчанка адзначыў, што ў кожным творы, у кожным экспанаце выставы бачыцца вялікі духоўны сэнс, усведамленне важнасці і велічнасці надыходзячага свята.
Галоўныя героі ўрачыстага мерапрыемства — майстры Нясвіжчыны, людзі, здольныя ўласнымі рукамі ператварыць звычайныя рэчы ў сапраўдны цуд. І душа майстра сапраўды адчуваецца ў кожнай рабоце — ад размаляванага велікоднага яечка да вышытай іконы. У кожнага з іх сваё бачанне і сваё асэнсаванне Вялікадня, але ва ўсіх работах — найвялікшы змест. Майстры клапатліва захоўваюць сакрэты роспісу пісанак, інкрустацыі саломкай, ганчарнага майстэрства і іншых відаў творчасці. Самыя яркія і арыгінальныя вырабы, з тых, што прадстаўлены на выставе, будуць адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі на VIII Велікодным фестывалі, які адбудзецца 26 красавіка.

Удзельнікі мерапрыемства змаглі пабываць на ўнікальных майстар-класах, падрыхтаваных майстрамі: інкрустацыя саломкай велікоднага яйца (майстар-клас ад Алены Івахнінай), выраб велікоднага дэкору (майстар-клас ад Паліны Паскрэбка), роспіс на спіле дрэва “Велікоднае яйцо” (майстар-клас ад Ульяны Чыркун), роспіс велікодных яечак воскам (майстар-клас ад Дзіаны Мацкевіч), лепка з гліны “Велікодныя анёлачкі” (майстар-клас ад Жаны Гапонавай), бісерапляценне “Велікодны дэкор” (майстар-клас ад Юліі Мішкевіч).

Сапраўдным падарункам для майстроў і гасцей стала выступленне батлейкі — традыцыйнага беларускага лялечнага тэатра. Такі від тэатральнага мастацтва пашырыўся на беларускіх землях яшчэ ў 16 стагоддзі і ў аснове пастановак былі менавіта біблейскія сюжэты. Наша зямлячка, бібліятэкар Ланскай інтэгрыраванай сельскай бібліятэкі — Алена Жук — ужо больш за дзесяцігоддзе займаецца не толькі адраджэннем батлейкі, але і пашырэннем такога віда тэатральнага мастацтва.

Ірына ЕФІШОВА.



