На Нясвіжчыне пашыраецца праект “Кожная пятніца — роднае, сваё”, які аб’ядноўвае людзей вакол роднай мовы, нацыянальных каштоўнасцей і якасных айчынных тавараў. Гэта больш, чым проста ідэя, — гэта выбар кожнага з нас, які ўмацоўвае нашу краіну і культуру.

Да рэспубліканскай акцыі з задавальненнем далучылася раённая газета “Нясвіжскія навіны”. Сёння карэспандэнты наведалі Ліпскую сярэднюю школу дзеля таго, каб сустрэцца з самымі маленькімі вучнямі — першага і другога класа.
Галоўны рэдактар Ірына Ефішова расказала дзеткам аб тым, як важна шанаваць і берагчы тое, што люба нашаму сэрцу, роднае і блізкае — мову, песні, казкі, традыцыі, саму культуру беларускага народу.
— Дзе б вы ні былі, і на якой бы мове не гаварылі, заўжды помніце пра тое, што ваша родная мова — беларуская, — падкрэсліла яна. — На ёй гаварылі вашы дзяды і прадзеды, на ёй паэты ўсхвалялі нашу Радзіму. Старанна вывучайце роднае слова і беражыце яго, каб перадаць надалей.


Супрацоўнікі рэдакцыі правялі з дзецьмі віктарыну на веданне беларускіх слоў, а пасля растлумачылі сэнс тых, якіх яны не ведалі.
У заканчэнне сустрэчы кожны вучань атрымаў у падарунак кніжку з беларускай народнай казкай. У іх усё — любоў да роднай зямлі, роднай хаты, сям’і, праслаўленне мудрасці, мужнасці, кемлівасці, асуджэнне здраднікаў, гультаёў. І менавіта ў казцы — уся мудрасць беларускага народа.





