Трыццаць пяты год супрацоўніцтва краін, былых рэспублік СССР, у рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў багаты на розныя падзеі ў розных сферах. Сёння мы звернемся да некаторых з іх, што адбыліся параўнальна нядаўна.
7 красавіка ў Мінску быў падпісаны кантракт паміж Беларуссю і Азербайджанам. Мінскі аўтамабільны завод паставіць 100 машынакамплектаў аўтатэхнікі Гянджынскаму аўтазаводу. Наогул, падобныя пастаўкі ажыццяўляюцца з 2007 года.
Вытворцы абедзвюх краін наладзілі выдатную прамысловую кааперацыю. За 19 гадоў у Азербайджане было сабрана болей за 15 тысяч трактароў МТЗ і каля 4 тысяч аўтамашын МАЗ. Апошнім часам на шасі Мінскага аўтазавода ў Гянджы сабралі камунальную тэхніку, яна атрымала высокую ацэнку. І вось падпісаны кантракт, згодна з якім на поўдзень будуць адпраўлены машынакамплекты, каб сабраць тэхніку для патрэб Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў. Летась туды былі адпраўлены нашы пажарныя машыны — партнёры ацанілі іх таксама высока.
Акрамя МАЗа і МТЗ, у кааперацыі ўдзельнічае “Магілёўліфтмаш”. У мінулым годзе ў Баку адкрылі вытворчасць беларускіх ліфтаў. Ёсць дамоўленасць аб замене тых, што выпрацавалі свой рэсурс, у колькасці трох тысяч.
Падабаюцца паўднёвым партнёрам і беларускія прадукты. Летась у краіне запрацаваў сёмы магазін з беларускімі таварамі. Наладжана супрацоўніцтва таксама ў галіне будаўніцтва і турызму.
31 сакавіка — 2 красавіка ў Маскве праходзіла 20-я міжнародная спецыялізаваная выстава лазернай, аптычнай і оптаэлектроннай тэхнікі “Фатоніка”. Яна з’ўляецца вядучай у СНД пляцоўкай для бізнесу ў вобласці фатонікі і яе прымянення. Беларусь у ёй удзельнічае пастаянна. У рамках выставы не проста адбываюцца сустрэчы з патэнцыяльнымі партнёрамі з іншых краін. Беларускія вытворцы оптыкі там маштабна пазіцыянуюць сябе, свае магчымасці і ўнікальныя напрацоўкі.
Не ўсе былыя савецкія рэспублікі змаглі захаваць высокія кампетэнцыі ў аптычнай сферы, напрацаваныя ў складзе СССР. А беларусы — змаглі, прытым на самым лепшым узроўні. Напрыклад, далёка за межамі краіны вядома прадукцыя ААТ “Рагачоўскі завод “Дыяпраектар”. Сёння яго галоўны партнёр — Расія, куды ідзе 80% экспарту. Беларусы выконваюць для яе важны дзяржаўны заказ для абароны. Раней “Дыяпраектар” выпускаў толькі танкавыя прыцэлы. Цяпер лінейка прадукцыі значна вырасла. Несумненна, яна цікавіць партнёраў Беларусі. Сёлета на выставе “Фатоніка”, акрамя нас і расіян, прысутнічалі Арменія і Кітай.
Шмат актыўнасцей і ў сацыяльнай сферы. “Мінск-2026” — пад такой назвай у нашай сталіцы ў сёмы раз прайшоў Міжнародны конкурс піяністаў. На яго паступіла больш ста заявак з дзевяці краін. Акрамя Беларусі, з Расіі, Узбекістана і іншых.
А ў расійскім Саратаве беларускія парашутысты заваявалі золата ў агульнакамандным заліку спаборніцтваў за Кубак ДТСААФ СНД. Яны сталі лепшымі, выступаючы побач з камандамі з РФ, Таджыкістана, Кыргызстана.
У нашай краіне нядаўна прайшоў “Вялікі турыстычны тыдзень”. У ім бралі ўдзел госці з Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана, Грузіі, Кубы, М’янмы і Турцыі. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава сустракалася з удзельнікамі міжнароднага турыстычнага форуму Travel НИВ “Садружнасць”. Абмяркоўваючы развіццё турызму на тэрыторыі краін СНД, акцэнт зрабілі на патрыятычным выхаванні. Такой была тэма і “круглага стала”: “Патрыятычны турызм і супрацоўніцтва дзяржаў СНД у захаванні памяці і выхаванні будучых пакаленняў”.
У нашых народаў агульная гісторыя, агульная Перамога над гітлераўскім нацызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Людзі розных нацыянальнасцей кавалі яе на франтах, у партызанскіх атрадах, у глыбокім тыле, працуючы для фронта і перамогі. Таму і нарадзілася прапанова: неабходна ствараць маршруты гістарычнай памяці ва ўсіх краінах СНД.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



