Міхаіл Аляксандравіч Карчміт (1949 — 2004)
Ураджэнец Маладзечанскага раёна Міхаіл Карчміт закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і 29 гадоў адпрацаваў на зямлі Нясвіжчыны. Інжынерам, галоўным інжынерам у калгасе “Ленінскі шлях” (цяпер ААТ “Лань-Нясвіж”), старшынёй калгаса “Рассвет” (цяпер ААТ “Сейлавічы”), старшынёй калгаса імя Калініна (цяпер СВК “Агракамбінат Сноў”).

Чалавек разважлівы, рашучы і настойлівы, вялікі прафесіянал сваёй справы, Міхаіл Аляксандравіч шмат зрабіў для павышэння ўзроўню механізацыі ў гэтых гаспадарках, паляпшэнню ўмоў працы людзей і яе прадукцыйнасці. Вырасла культура земляробства, ураджайнасць. Паспяхова вырашаліся сацыяльныя пытанні. За дасягненне поспехаў у калгасе “Рассвет” яго кіраўніка ўзнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”.
У 1988 годзе Міхаіла Карчміта выбралі старшынёй буйнога, перадавога, вядомага за межамі рэспублікі ордэна Дружбы народаў калгаса імя Калініна. І ён са сваёй камандай капітальна абнавіў вытворчасць. Укаранялі новыя тэхналогіі, купілі шмат новай тэхнікі. Грошы ў калгасе былі, пастараўся для гэтага яго папярэднік Якаў Васільевіч Аляксанкін. У гаспадарцы стварылі сваю перапрацоўчую галіну. У ліхія 90-я, калі распаўся Савецкі Саюз, калі крызіс наступіў у эканоміцы, галапіравала інфляцыя і гаспадаркі гублялі грошы, Міхаіл Карчміт паспеў укласці ў справу, у развіццё сабраныя Аляксанкіным мільёны. Ён надаў сельгаспрадпрыемству вялікі імпульс. Пра дар прадбачання Карчміта пасля часта ўспаміналі з самай высокай адзнакай. Агракамбінат “Сноў” дасягнуў высокіх вытворчых паказчыкаў, заняў вядучае месца ў Беларусі.
Палі і фермы “Снова” Міхаіл Аляксандравіч ператварыў у вучэбныя аўдыторыі для кіруючых кадраў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі рэспублікі. “Сноў” не толькі не страціў аб’ёмаў вытворчасці 1990 года, а і памножыў іх. Напрыклад, у 2003-м збожжа ў параўнанні з 1990-м сабралі болей на 80 %, цукровых буракоў — на 71,8 %, малака атрымалі на 3,9 % больш, мяса — на 71%. Міхаіл Карчміт стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі. У 2001 годзе яму прысвоілі высокае званне “Герой Беларусі”. Міхаіла Карчміта двойчы выбіралі ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



