Мікалай Мікалаевіч Герман (1923 — 1991)
Авалодваць дарослай прафесіяй Мікалай Герман пачаў у 15 гадоў — вучыўся ў бацькі кавальскай справе. Працаваў яго падручным у кузні Капыльскай МТС. Закончыў там курсы трактарыстаў і ў маі 1941-га самастойна выехаў на калгаснае поле.

Падчас вайны яны дапамагалі партызанам. Юнак збіраў па лясах зброю, бацька яе рамантаваў, і потым перадавалі народным мсціўцам. Атрымліваючы ад беларусаў адпор, фашысты звярэлі. 5 лютага 1943 года яны знішчылі родную вёску Германаў — Жавалкі, што на Капыльшчыне. Загінулі 512 яе жыхароў. Каго расстралялі, каго спалілі. Загінулі маці, два малодшыя браты і сястра Мікалая. Ён, брат і бацька засталіся жывымі, бо былі ў лесе. Яны прыйшлі ў партызанскі атрад, каб змагацца з акупантамі.
Пасля вызвалення Беларусі Мікалай Герман ваяваў на ІІ Украінскім фронце, быў разведчыкам, ачышчаў ад нацыстаў Чэхаславакію. Яго ўзнагародзілі медалём “За адвагу”, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.
У 1947 годзе франтавік дэмабілізаваўся, працаваў у калгасе на малой радзіме. Праз год прыехаў у Нясвіжскую МТС, стаў механізатарам, узначальваў трактарную брыгаду.
Наша МТС у 1961 годзе была пераўтворана ў райсельгастэхніку. І Мікалай Мікалаевіч у якасці слесара рамантаваў машыны. Камуніст якасна, своечасова выконваў сваю работу. Быў дысцыплінаваны, акуратны, майстэрства сваё ўдасканальваў пастаянна. Займаўся рацыяналізацыяй. Яго творчая думка нараджала ўсё новыя, слушныя прапановы, якія дапамагалі рабочым павышаць прадукцыйнасць працы, забяспечваць цэх патрэбнымі запчасткамі. Гэта быў важкі ўклад у эканоміку і прадпрыемства, і ўсяго раёна. Мікалая Германа ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 1971 годзе выдатнаму работніку прысвоілі высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем залатой зоркі і ордэна Леніна. Мікалай Мікалаевіч некалькі разоў удзельнічаў у ВДНГ у Маскве, адкуль вярнуўся з бронзавым медалём і дыпломамі. З’яўляўся ўдарнікам камуністычнай працы. Умелы рабочы шмат гадоў “лячыў” паліўную сістэму трактараў, меў у гэтай справе глыбокія веды і багаты вопыт. Перадаваў іх моладзі.
Сціплы, разважлівы, негаваркі. Такім памятаюць яго ўсе. Чалавека з залатымі рукамі, са светлай галавой. Партызана. Франтавіка. Працаўніка.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



