Якаў Васільевіч Аляксанкін (1923 — 1991)
У 1984 годзе ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы было прысвоена Якаву Васільевічу Аляксанкіну, старшыні калгаса імя Калініна. Ураджэнец Смаленскай вобласці, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, абаронца Масквы, ветэрынарны ўрач па адукацыі, Якаў Васільевіч Аляксанкін узначаліў узбуйнены калгас імя Калініна ў 1951 годзе.

Першы год работы амаль не даў ніякіх вынікаў. Сабралі нізкі ўраджай сельгаскультур. Жывёлу трымалі ў сялянскіх хлявах. Грошай у касе не было. Каб купіць грузавую машыну, старшыня заплаціў свае.
Паправілі фінансавае становішча, развіваючы льнаводства. У 1954 г. гаспадарка мела ўжо больш за 3 мільёны рублёў даходу. Пачалася перабудова вёскі, ссяленне з хутароў. У 1956-1957-м гадах узвялі 60 вытворчых памяшканняў, 20 жылых дамоў, якія прадавалі калгаснікам у растэрміноўку без працэнтаў. Цэнтрам калгаса стаў прыгожы новы пасёлак у Снове. Пасля 1960 года ўзяліся за механізацыю ўсіх вытворчых працэсаў. Прыбытак ужо давала і жывёлагадоўля. Працягвалася інтэнсіўнае будаўніцтва фермаў. З 1962 г. стабільнымі сталі ўраджаі. З гектара атрымлівалі больш за 21 ц збожжа, 225 — бульбы. З 1977 года ўзялі накірунак на вытворчасць збожжа, буракоў, малака, ялавічыны і свініны, пазней — і мяса птушкі. Калгас імя Калініна стаў адным з перадавых у рэспубліцы. А сам пасёлак Сноў у 1975 годзе аднесены да ліку лепшых сельскіх забудоў СССР.
Якаў Васільевіч Аляксанкін — кавалер трох ордэнаў Леніна, ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 1-й ступені, узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. Заслужаны ветэрынарны ўрач БССР, кандыдат эканамічных навук, выдатнік сельскай гаспадаркі. Кіраваў калектывам да 1988 года. А калгас за высокія вытворчыя паказчыкі ў земляробстве і жывёлагадоўлі ў 1981 годзе быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



