Алена Андрэеўна Сцепановіч (1941 — 2012)
Аператар па вырошчванні парасят свінатаварнай фермы “Горны Сноў” калгаса імя Калініна (цяпер СВК “Агракамбінат Сноў”) Алена Андрэеўна Сцепановіч сваёй прафесіі прысвяціла 34 гады. А прыйшла яна на ферму 18-гадовай дзяўчынай, папрацаваўшы спачатку ў паляводстве.

Усе працэсы на ферме выконвалі тады ўручную. Гэта была вельмі цяжкая праца. Даглядала Алена Андрэеўна спачатку 42, потым — 56 свінаматак. Рабочы дзень доўжыўся з палавіны пятай раніцы да дзевяці гадзін вечара. Але жанчына, маладая, увішная, працавала добрасумленна. За год атрымлівала 1500 і болей парасят. На дарошчванне перадавала іх вагой па 18 — 20 кілаграмаў. У той час паказчыкі Алены Сцепановіч лічыліся вельмі высокімі. У 1976 годзе ёй прысвоілі ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагародзілі двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума залатымі медалямі ВДНГ. У 1980 годзе нашу зямлячку выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у 86-м — дэлегатам ХХХ з’езда Камуністычнай партыі Беларусі.
Яна гаварыла: “Каб давялося зноў пачынаць спачатку, я выбрала б той жа шлях. Гэта мой лёс, мая жыццёвая дарога. На ёй заставалася галоўнае: патрэбнасць у любімай рабоце, адчуванне ўласнай неабходнасці там, дзе ты лепш за ўсё спраўляешся”.
Нават, пайшоўшы на пенсію, Алена Андрэеўна працягвала займацца грамадскай работай. Яна была членам праўлення агракамбіната, часта сустракалася з вучнямі Сноўскай СШ, расказвала аб сваёй працы, аб дасягненнях гаспадаркі, аб радасці жыцця на мірнай, вольнай беларускай зямлі. Дзялілася сваімі думкамі, давала парады. У гаспадарцы штогод, перад Днём жанчын, праводзяць турнір па міні-футболе сярод ДЮСШ Нясвіжскага раёна на прыз Героя Сацыялістычнай Працы Алены Сцепановіч.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



