Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Насустрач 35-годдзю СНД. Наш ключавы партнёр у Цэнтральнай Азіі

Пост опубликован: 06.05.2026

Узбекістан Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка называе ключавым партнёрам у Цэнтральнай Азіі. Наш лідар тройчы наведваў гэтую краіну з афіцыйнымі візітамі. У яго з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым склаліся добрыя, дружалюбныя адносіны. Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі расце ў розных сферах. Тавараабарот у 2025 годзе перавысіў 850 мільёнаў долараў. Да 2030 года гэты паказчык мяркуюць давесці да двух мільярдаў.

Чарговы крок да паглыблення супрацоўніцтва быў зроблены ў лютым падчас наведвання Узбекістана беларускай дэлегацыяй на чале з Прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Ён пазнаёміўся з работай Самаркандскага аўтазавода, Групы кампаній SAG, іншых вытворчых пляцовак, паўдзельнічаў у пасяджэнні Узбекска-Беларускага дзелавога савета, абмеркаваў надзённыя пытанні з Прэзідэнтам Шаўкатам Мірзіёевым і прэм’ер-міністрам Абдулой Арыпавым. Дарэчы, у  пасяджэнні дзелавога савета бралі ўдзел больш за 50 беларусаў, а з боку гаспадароў — прадстаўнікі больш 200 кампаній са ўсіх рэгіёнаў краіны.

Наш Прэм’ер заклікаў бізнес-кругі актыўна ўключацца ў фарміраванне шырокай эканамічнай праграмы  двухбаковага супрацоўніцтва. Ён падкрэсліў, што ў простым гандлі патэнцыял не бязмежны, трэба інтэнсіўней развіваць кааперацыю, узаемадзейнічаць у інвестыцыйнай сферы, ствараць значныя сумесныя вытворчасці. Значная ўвага павінна надавацца далейшай прамысловай кааперацыі. Завяршаецца першы этап інвестпраекта па вытворчасці кабельна-правадніковай прадукцыі. Актыўна ідзе работа па арганізацыі лакалізаванай вытворчасці кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ і трактараў МТЗ.

Увага надаецца не толькі развіццю сеткі сэрвісных цэнтраў па Узбекістане, але і навучанню спецыялістаў. На базе ташкенцкай ВНУ да 1 верасня адкрыюць спецыялізаваны вучэбны клас, каб даць веды па эксплуатацыі нашай тэхнікі.

У апошняй дэкадзе красавіка ў Ташкенце прайшла міжнародная выстава “Інапрам. Цэнтральная Азія”. Пры абмеркаванні зацікаўленымі бакамі розных пытанняў ішла размова і аб важнасці сінхранізацыі дзеянняў у інавацыях. Напрацоўкі беларусаў на выставе деманстравалі “БЕЛАЗ”, “Белшына”, “Гомсельмаш”, МТЗ, “Інтэграл”, прадпрыемства па выпуску станцый водападрыхтоўкі для непрамысловых аб’ектаў і іншыя.

У ліпені ў Мінску плануецца Форум Рэспублікі Беларусь і Узбекістана. Яшчэ адна цаглінка ва ўмацаванне супрацоўніцтва.

У сакавіку гэтага года Прэзідэнт падчас сустрэчы з паслом Узбекістана ў Беларусі Рахматулой Назаравым сказаў:

— Эканомікі нашых краін не канкурэнтныя адна другой. Усё, што мы ўмеем рабіць, — ад сельскай гаспадаркі да машынабудавання — гэта ўсё патрэбна густанаселенай узбекскай дзяржаве.

У сферы АПК Беларусь гатова выдзеліць у Віцебскай і Магілёўскай абласцях землі, на якіх могуць працаваць узбекскія таварышы. Мы зацікаўлены ў пастаўках і перапрацоўцы ўзбекскай шэрсці на нашых прадпрыемствах. Азіяцкая краіна праяўляе цікавасць да развіцця атамнай энергетыкі. Беларусь можа падзяліцца сваімі кампетэнцыямі,                 пасадзейнічаць будаўніцтву іх атамнай электрастанцыі.

У Беларусі жыве шмат узбекаў. Наконт чаго Аляксандр Лукашэнка зазначыў:

— Мы з вялікім задавальненнем, асабліва сямейных людзей, запрашаем да сябе… Мы заўсёды рады бачыць вельмі працалюбівых узбекскіх людзей, калі яны вырашаць сюды прыехаць.

Узгадаў наш Кіраўнік дзяржавы і пра еднасць савецкіх народаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, у час ліхалецця і цяжкіх выпрабаванняў. Узбекістан прымаў нашых эвакуіраваных людзей, ствараў умовы для пражывання і працы, для вучобы дзяцей. У 1942 годзе ў ім функцыянавала 57 дзіцячых дамоў, дзе знаходзіліся 13 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх прывезлі з заходніх тэрыторый Савецкага Саюза, у тым ліку і з БССР. З Узбекістана на захад, на фронт, адпраўлялі прадукты харчавання, абмундзіраванне і ўсё іншае, што патрабавалася. У Фонд абароны працоўныя Узбекістана ўнеслі 625 млн рублёў. Беларускія і ўзбекскія салдаты плячо да пляча змагаліся з ворагам, не шкадуючы ні сіл, ні жыццяў. Агульны высокі патрыятызм, адзіны парыў у смяртэльнай схватцы і агульная Вялікая Перамога — вось той падмурак, які мацуе нашу агульную памяць. І вельмі важна: хоць і няма зараз Савецкага Саюза, застаюцца дружба, партнёрства, узаемны давер у рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Нашу краіну Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў наведваў у 2019 годзе. Сёлета чакаецца яго новы візіт. Несумненна, ён паслужыць далейшым імпульсам у развіцці эфектыўных адносін паміж дзяржавамі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

– Advertisement –
Яндекс.Метрика