Ураджэнец Уздзенскага раёна
Сцяпан Крэмез пасля заканчэння сямігодкі вучыўся
на педагагічных курсах у Бабруйску. Любіў скакаць з парашутам з вышкі, вывучаў тэорыю пілатавання самалёта. У 1940
годзе юнака прызвалі ў Чырвоную Армію. Трапіў служыць
у авіячасць, што стаяла ў літоўскім Каўнасе.
22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. І малады лётчык прыняў свой першы, цяжкі паветраны бой з ворагам. Самалёт з фашысцкай свастыкай ён збіў, але і самога параніла. Лячыўся ў шпіталях Смаленска і Вязьмы. Калі выздаравеў, яму даручылі лятаць на самалёце сувязі. Але воіна цягнула на фронт. У 1942-м у небе на подступах да Сталінграда стралок-радыст Крэмез на штурмавіку рабіў у дзень па 5-6 баявых вылетаў. Перамога савецкіх войск пад Сталінградам акрыліла ўсіх, Чырвоная Армія пайшла ў наступленне. Сцяпан Адамавіч вёў баі над Крывым Рогам, Адэсай, Кішынёвам. Граміў ворага ў Румыніі, Югаславіі, Венгрыі і Аўстрыі. 9 красавіка 1945 г. у баі з нямецкім знішчальнікам над Венай яго моцна параніла. Цэлы год давялося лячыцца ў шпіталі. Мужны воін быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I-й і II-й ступеней, медалём “За баявыя заслугі”.
Вярнуўшыся дамоў, вучыўся ў рэспубліканскай партыйнай школе і адначасова — завочна ў БДУ. З 1948 года настаўнічаў у Ляхавіцкім раёне. У 1951 — 1992 гг. узначальваў Гарадзейскую СШ №1. У 1953 г. яны першыя ў вобласці ўвялі політэхнічнае навучанне, рыхтавалі трактарыстаў і камбайнераў. Першыя ў вобласці перайшлі і на кабінетную сістэму. На цікавыя, глыбокія, ідэйныя ўрокі гісторыі, якую выкладаў дырэктар, прыходзілі паслухаць, пераняць вопыт многія настаўнікі. Школа неаднаразова ўдзельнічала ў ВДНГ СССР. Сцяпан Адамавіч меў 6 медалёў выставы. Ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, насіў званне “Заслужаны настаўнік Беларусі”.
Падрыхтавалі
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ і Таццяна ГНЕДЗЬКА.



