Цеснае супрацоўніцтва краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў эфектыўна ў розных сферах. У тым ліку і ў барацьбе са злачыннасцю.
Напрыклад, у сакавіку бягучага года мы даведаліся аб тым, што Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС нашай краіны ліквідавала тры ядры разгалінаванай міжнароднай махлярскай арганізацыі. Яна складалася з грамадзян Беларусі, Расіі, Украіны, Кыргызстана і іншых краін. Злачынцы займаліся крадзяжом грошай з банкаўскіх карт-рахункаў грамадзян пад маркай удзелу ў гандлі на сыравінных рынках, рынках крыптавалюты, фондавым рынку Forex. У адзін дзень у лютым былі затрыманы больш за 150 чалавек.
Махлярскія кол-цэнтры знаходзяцца ў розных краінах. І нашы праваахоўнікі супрацоўнічалі з адпаведнымі органамі дзяржаў, якіх тычылася гэта праблема. З міністэрствамі ўнутраных спраў Расіі, Казахстана і Кыргызстана створаны сумесныя следча-аператыўныя групы.
Як паказвае жыццё, іменна цеснае супрацоўніцтва, узаемаразуменне прыносяць такія добрыя вынікі. У тым ліку і пры абароне законаў і інтарэсаў грамадзян нашых краін.
У наш неспакойны час, калі Захад імкліва мілітарызуецца, настала патрэба мацней клапаціцца пра нацыянальную бяспеку краін СНД. Напачатку красавіка ў Маскве прайшло пасяджэнне Савета міністраў абароны дзяржаў Садружнасці. Абмяркоўвалі вострыя пытанні. Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін у сваім выступленні падкрэсліў: Украіна з’яўляецца інструментам у барацьбе Захаду з Расійскай Федэрацыяй. Сапраўды: Расія праводзіць спецыяльную ваенную аперацыю не супраць украінскага народа, а супраць нацызму. Ва Украіне ён вырашчаны заходнімі спецслужбамі, фінансава-алігархічнымі кланамі, якія на працягу ўсёй гісторыі множылі свае капіталы за кошт войнаў. Цяпер такую ж выгаду мае і ўкраінская вярхушка, кіраўнік тэрарыстычнага кіеўскага рэжыму са сваімі прыбліжанымі. І не ў іх інтарэсах заканчваць канфлікт. Сітуацыя складваецца вострая і трывожная.
Гэтай жа тэме, у тым ліку, быў прысвечаны яшчэ адзін міжнародны дыялог. У Маскве адбыўся савет кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў краін СНД. Удзел у ім браў, зразумела, і наш Максім Рыжанкоў. Абмяркоўваліся таксама пытанні забеспячэння ўстойлівага развіцця, сітуацыя на Блізкім Усходзе і захаванне праўды пра подзвіг савецкага народа ў Вялікую Айчынную вайну. Забеспячэнне нацыянальнай бяспекі нашых краін, перавод абароны ў лічбавую сістэму — такія пытанні былі абмеркаваны ў Мінску на Міжнародным ваенна-навуковым форуме. Прысутнічалі на ім прадстаўнікі краін СНД і ЕАЭС.
Варта адзначыць: агучана прапанова аб’явіць 2028 год у СНД Годам сацыяльнага развіцця і якасці жыцця. Агульныя меркаванні, агульныя мэты, імкненні, сацыяльныя выгады і зручнасці для людзей — агульная шкала вымярэння якасці жыцця.
Рашэнне аб гэтым пазней прымуць лідары дзяржаў.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



