Напэўна ў кожнай сям’і ёсць свае рэліквіі — тое, што засталося ад продкаў і перадаецца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне. Бабулін ручнік або абрус, верацяно, кошык…
І гэта сапраўдныя каштоўнасці! Рэчы з гісторыяй. Яны могуць расказаць пра многае, і назаўжды застануцца для нас напамінам аб тых родных і блізкіх, якія сышлі ў вечнасць. А між тым, гэта наш агульны скарб, своеасаблівы культурны код нашага рэгіёна.
У мяне, напрыклад, захоўваюцца ручнікі, сатканыя і вышытыя прабабуляй. Бывае, я разгортваю іх і адразу ў памяці ўсплывае дарагі сэрцу вобраз. Аб чым яна думала, калі сцяжок за сцяжком вышывала ўзор? Што турбавала яе ў той момант? І для маёй сям’і гэта найвялікшая каштоўнасць, якая, я спадзяюся, будзе захоўвацца і надалей.
У Год беларускай жанчыны раённая газета пачынае праект “Беларусачка: культурны код Нясвіжчыны” сумесна з Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеем. У ім мы раскажам вам пра тое, якія скарбы продкаў захоўваюць жыхаркі раёна.
Акрамя таго, Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей у межах акцыі “Кожная пятніца — роднае, сваё” прапануе несвіжанкам і гасцям горада зрабіць памятнае фота ў беларускім нацыянальным строі. Прапанова дзейнічае кожную пятніцу з 11.00 да 13.00, з 17.00 да 19.00. Папярэдні запіс па тэлефонах: 8-01770-5-33-84 і 8-01770-2-06-34 — абавязковы.
На фота: Валерыя Побаль, мастак-афарміцель дзяржаўнай установы “Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей”.
Ірына ЕФІШОВА.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.



