Тэму сённяшняй публікацыі навеяў Парад на Краснай плошчы ў Маскве 9 Мая, прысвечаны Дню Перамогі. На цэнтральнай трыбуне для ганаровых гасцей побач з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным знаходзіліся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. Зразумела, ва ўрачыстасці бралі ўдзел і кіраўнікі іншых краін, але зараз размова ідзе пра Садружнасць Незалежных Дзяржаў.
Напярэдадні, вечарам 8 мая, у Крамлі адбыліся перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Падчас размовы беларускі лідар падкрэсліў, што Перамога — велізарны здабытак усіх рэспублік Савецкага Саюза. Толькі, на жаль, не ўсе засвоілі той страшны ўрок. Наш Прэзідэнт сказаў:
— Я ўсё-такі не магу пазбавіцца ад думкі: некаторыя нашы сябры, суседзі, з кім мы жылі ў адной дзяржаве, чамусьці адмаўляюцца прызнаваць гэтыя святы. Асабліва нашы суседзі, беларускія. Заўсёды паўстае пытанне: вось навошта яны гэта робяць?
Гэта такое наша дасягненне! Нашы продкі ў свой час выратавалі ад карычневай чумы не толькі Еўропу — увесь свет. Зразумела, што было б не толькі з намі, прайграй гэтую вайну нашы папярэднікі.
Гэта наш вялікі набытак. Мы з гэтага зыходзім. Гэта набытак і расіян, і беларусаў, і ўсіх рэспублік Савецкага Саюза. Ваявалі ж усе (няхай не да ўсіх вайна дайшла) і гінулі дзясяткамі, сотнямі тысяч.
Проста непрыгожа і праціўна, шчыра кажучы, калі назіраеш за некаторымі нашымі “таварышамі”, якія вырашылі не тое што забыцца, а наогул кінуць пад ногі гэту Перамогу. Ну а наогул, вядомыя асобы, у якіх продкі блізкія (бацькі, дзяды) ваявалі ў гэтай вайне, яны наогул незразумела як сябе паводзяць.
Але мы-то не можам з вамі гэту Перамогу камусьці аддаць. Гэта наш набытак, наша дасягненне. Беларусы страцілі кожнага трэцяга ў гэтай вайне. Які Прэзідэнт у Беларусі можа сабе дазволіць кінуць пад ногі, як анучку, гэту Вялікую Перамогу?! Ніякі!
Уладзімір Пуцін выказаў удзячнасць Кіраўніку Беларусі за візіт у Маскву для ўдзелу ў святкаванні Дня Перамогі і адзначыў яго сімвалічнасць — БССР найбольш пацярпела падчас Вялікай Айчыннай вайны і нямецкай акупацыі. Расіяне нікога не запрашалі на Парад афіцыйна. Проста сказалі, што рады бачыць усіх, хто захоча прыехаць. Такое было актуальна ў напружанай абстаноўцы забеспячэння бяспекі — усе чулі і бачылі ваяўнічую браваду ў публічным полі: кіраўнік кіеўскага рэжыму, які пагражаў сарваць Парад на Краснай плошчы беспілотнікамі, з’едліва хваліўся, маўляў, святкаванне расіян залежыць ад украінцаў. На яго выпад афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава адказала: калі Кіеў паспрабуе падобнае, то Масква адкажа ўдарамі па яго цэнтры, і прапанавала пасольствам замежных краін эвакуіравацца са сталіцы Украіны. Парад на Краснай плошчы адбыўся. Ён выклікаў і ўзнёсласць, і хваляванне, і гонар за нашых сяброў-суседзяў. У нашай Саюзнай дзяржаве рубяжы ахоўваюь надзейныя сілы.
У Вялікай Айчыннай вайне Савецкі Саюз страціў 30 мільёнаў чалавек забітымі і прапаўшымі без вестак. У тым ліку Узброеныя Сілы — амаль 12 млн чалавек. Раненні, кантузіі і апёкі рознай ступені цяжкасці атрымалі звыш 15 млн чалавек. Больш за 1 мільён 300 тысяч ураджэнцаў Беларусі ваявалі з ворагам на розных франтах, звыш 600 тысяч з іх загінулі.
А ўсяго наша рэспубліка страціла 3 мільёны сваіх жыхароў.
Страты РСФСР склалі каля 14 мільёнаў чалавек. Казахская ССР паслала на фронт звыш аднаго мільёна сваіх воінаў, больш палавіны загінулі. Кіргізская ССР — 350 тысяч, дамоў не вярнуўся кожны трэці. Пасланцоў Узбекскай ССР на фронце было паўтара мільёна, загінулі звыш 500 тысяч. Ваявалі з ворагам і гераічна гінулі таджыкі, туркмены, азербайджанцы, ураджэнцы ўсіх рэспублік СССР.
Стойкасць і мужнасць усіх брацкіх народаў сталі падмуркам Вялікай Перамогі. Высокае званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена больш за 280 ураджэнцам Узбекістана, у т.л. 18 чалавекам — за вызваленне Беларусі, 54-м ураджэнцам Таджыкістана, больш 80-і ўраджэнцам Туркменістана, у т.л. 5-і — за вызваленне БССР, 74 ураджэнцам Кіргізіі, 441 ураджэнцу Беларусі — пры тым, чатыром чалавекам яго прысвоілі двойчы.
У віншавальным пасланні з Днём Перамогі лідарам краін СНД Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дата 9 Мая навечна ўпісана ў лёсы савецкіх народаў: “Памяць аб тых, хто цаной неймаверных намаганняў і ўласнага жыцця падарыў нам свабоду, з’яўляецца маральным компасам і перасцярогай ад паўтарэння трагедый мінулага”.
У віншаваннях беларускаму лідару, усяму беларускаму народу кіраўнікоў краін СНД гаворыцца, што агульныя каштоўнасці, гістарычная памяць застануцца надзейнай асновай для ўмацавання дружбы і ўсебаковага развіцця паміж краінамі. Дзеля гэтага ў вогненных 1940-х плячом да пляча стаялі народы савецкіх рэспублік, кавалі Перамогу над акупантамі на фронце і ў тыле.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



