У канцы красавіка ў Беларусі адбыліся Дні культуры Таджыкістана. Нас пазнаёмілі з лепшымі ўзорамі кінематаграфічнага, выяўленчага і музычнага мастацтва сяброў з далёкай азіяцкай краіны. Была аформлена цудоўная выстава работ сучасных мастакоў “Прыгажосць Таджыкістана: спадчына для будучыні”. Карціны, што размясціліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прынеслі нам подых багатай нацыянальнай культуры, што грунтуецца на старажытнасці, якую ведаюць і паважаюць. Палітра Таджыкістана вельмі каларытная, сонечная, маляўнічая. Выявы і прыроды, і культурных сцэн, і партрэты — усё сведчыць, падказвае гледачам пра асаблівасці, непаўторнасць іменна гэтай краіны.
У Палац Рэспублікі аматараў і зацікаўленых асоб запрасіў урачысты гала-канцэрт майстроў мастацтваў Таджыкістана. На сцэне выступілі папулярныя артысты і калектывы. Гэта Дзяржаўны сімфанічны аркестр Выканаўчага апарата Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан, танцавальны ансамбль “Гулрэз”, цэлы шэраг народных і заслужаных артыстаў Таджыкістана. Гучалі народныя мелодыі і вядомыя творы сусветнай класікі.
Паказ нацыянальных касцюмаў Таджыкістана, дэгустацыя таджыкскіх страў сталі складнікамі свята пад назвай “Наўруз”. Яго нашы госці арганізавалі ў фае Палаца Рэспублікі.
Цікавая, відовішчная імпрэза была прадстаўлена таксама жыхарам Віцебска і Маладзечна.
Вялікі пазнавальны пласт, пагружэнне ў глыбіню культурных традыцый і талентаў — усё гэта ўзбагачае гледача і слухача. Далёка не ўсім беларусам давялося пабываць у Таджыкістане, прайсціся па вуліцах Душанбэ, што яскрава і арганічна спалучаюць старажытнасць і сучаснасць, палюбавацца на горны ландшафт краіны.
Мастацтва Таджыкістана — мост паміж мінулым і будучым, між Усходам і Захадам, між векавымі традыцыямі і днём сённяшнім.
Як адзначыла міністр культуры Таджыкістана Матлубахон Саттарыён, “развіццю культурных сувязей паміж нашымі краінамі садзейнічае адкрытая, дружалюбная палітыка лідараў нашых дзяржаў: Яго Правасхадзіцельства Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан Эмамалі Рахмона і Яго Правасхадзіцельства Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паважанага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Дзякуючы іх асабістай дружбе і палітычнай волі, узаемадзеянне нашых краін паспяхова развіваецца не толькі ў сферы культуры, але і ва ўсіх іншых ключавых абласцях супрацоўніцтва”.
Народ Таджыкістана любіць сваю краіну, захапляецца ёю. Гэтак жа, як любім сваю Сінявокую мы, беларусы. Што нас і яднае — нацыянальны гонар, патрыятызм. А вось такія Дні культуры дапамагаюць яшчэ больш зблізіцца, каб дружба і супрацоўніцтва мацнелі.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



