Сёння на адным з палёў камунальнага сельскагаспадарчага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Эксперыментальная база “Свеклавічная” адбылося свята першага снапа — традыцыйны абрад «Зажынкі», які даў афіцыйны старт уборачнай кампаніі ў нашым раёне.
На свяце прысутнічалі кіраўніцтва раёна і дэпутацкага корпуса, кіраўнікі і спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і сельгасарганізацый, прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённага аб’яднання прафсаюзаў, святары і, вядома ж, аграрыі Нясвіжчыны.





‘‘Зажынкі’’ — старажытны земляробчы абрад, які сімвалізуе пачатак вялікай хлебаробскай працы. На каласістым полі — тэхніка, якая будзе задзейнічана ва ўборачнай кампаніі, а таксама людзі, якім трэба будзе працаваць ад світання да цямна, каб своечасова ўбраць збожжа з палёў.
Па даўнім беларускім звычаі, менавіта жанчыны, як берагіні зямлі, першымі выйшлі ў поле. Нашы продкі былі ўпэўнены ў тым, што першыя каласы новага ўраджаю павіны зжаць мудрыя і вопытныя гаспадыні. Сярпамі яны зрэзалі першыя каласы новага ўраджаю і ўрачыста перадалі іх старшыні райвыканкама Андрэю Ратомскаму і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў Нясвіжчыны. Па традыцыі старшыня падкінуў сноп уверх, каб спраўдзіліся самыя найлепшыя пажаданні наконт будучага ўраджаю.





Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, кіраўнік раёна Андрэй Ратомскі адзначыў, што задача, якая стаіць перад аграрыямі сёння, — убраць з палёў новы ўраджай у тэрмін і без страт.
— Шаноўныя прысутныя, паважаныя камбайнеры, хлеб заўсёды даваўся няпроста, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў свята. — Гэты ўраджай закладваўся год назад, калі мы ўносілі ўгнаенні, сеялі азімыя, даглядалі пасевы… І сёння мы можам бачыць вынікі нашай працы, плён нашай зямлі. Добры ўраджай ці дрэнны, вялікі ці малы — яго трэба ўбраць увесь. Надвор’е сёлета выпрабоўвае нас. Але, як мне помніцца, мабыць, ніколі жніва не было простага: прыродныя ўмовы, тэхнічны складнік заўсёды ўносілі карэктывы. Але гэтаму заўсёды супрацьстаяла плённая праца і адданасць нашых хлебаробаў. Таму жадаю ўсім добрага надвор’я падчас жніва, высокага ўраджаю і дабрабыту. Хачу напомніць, што кошт ураджаю сапраўды вялікі, але ён не суадносны ні з адной кропляй страчанага чалавечага здароўя. Таму заўжды памятайце пра тэхніку бяспекі. Мы павінны правесці жніво ўдала і сустрэцца на дажынках з выдатнымі вынікамі. Са святам усіх і ў добры шлях!

Са словамі віншаванняў да аграрыяў звярнуўся таксама настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў гарадскім пасёлку Гарадзея протаіерэй Аляксандр Цяляк. Айцец Аляксандр пажадаў усім здароўя, добрых вынікаў на жніве і Боскай міласці.
Пасля агульнай малітвы павіншаваў аграрыяў са святам ‘‘Зажынак’’ пробашч касцёла Святога Юзафа ў г.п. Гарадзея ксёндз Аляксандр Вітко:
— Малітва — гэта размова з Богам, — сказаў ён. — Таму сёння мы просім у Яго блаславення на гэтае жніво. Праславім Бога, які ва ўсемагутнасці сваёй стварыў зямлю і шчодра засадзіў яе раслінамі.
Ён загадаў людзям апрацоўваць яе і збіраць ураджай для падтрымання жыцця. Няхай Ён блаславіць вас і шчодра ўзнагародзіць вашу працу!

Святочную атмасферу ‘‘Зажынак’’ дапоўніла выступленне творчых калектываў Нясвіжскага раёна, якія выканалі беларускія народныя песні, што праслаўляюць зямлю і працу хлебароба. Дзяўчаты ў прыгожых нацыянальных строях шчодра частавалі ўсіх прысутных традыцыйным асвяжальным квасам і духмянай выпечкай — сімвалам урадлівасці беларускай зямлі і яе гасціннасці.


Перад пачаткам работ быў здзейснены глыбока сімвалічны абрад: настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў гарадскім пасёлку Гарадзея протаіерэй Аляксандр Цяляк правёў асвячэнне ўборачнай тэхнікі і будучага ўраджаю, папрасіў нябеснае бласлаўленне на працу хлебаробаў і абарону ад нягод.

— Ад імя камбайнёраў, механізатараў, вадзіцеляў віншую ўсіх вас з “Зажынкамі”, — звярнуўся да ўдзельнікаў свята вопытны камбайнер гаспадаркі Аляксандр Шарамета. — Кожны з нас, з тых, хто сёлета ўдзельнічае ў жніве на Нясвіжчыне, зробіць усё магчымае для таго, каб даць добрыя вынікі. Камбайнерам хачу пажадаць высокіх намалотаў, гаспадаркам раёна і працоўным калектывам — стабільнай і зладжанай работы. А нашаму раёну — найвышэйшых паказчыкаў!
Кіраўнік ДП ‘‘ЭБ ‘‘Свеклавічная’’ Яўген Саліта выказаў падзяку за аказаны гонар правесці раённыя ‘‘Зажынкі’’ на сваіх палях і настроіў калектыў на працоўны лад:
— Хачу павіншаваць усіх са значным святам у жыцці кожнага хлебароба, з ‘‘Зажынкамі’’. Пажаданне ў мяне толькі адно: бяспечна і без страт убраць наш ураджай, да вырошчвання якога мы прыклалі максімум намаганняў. Дзяржаўнае прадпрыемства ‘‘Эксперыментальная база ‘‘Свеклавічная’’ да жніва гатова!
Урачыстая цырымонія ‘‘Зажынак’’, якая прайшла ў поўнай адпаведнасці з спрадвечнымі беларускімі традыцыямі, завяршылася самым галоўным — сігналам да пачатку жніва. Пасля традыцыйных слоў гаспадара поля ‘‘Па машынах!’’ магутныя камбайны з лепшымі механізатарамі сельгаспрадпрыемства за штурваламі, якія ўжо стаялі на беражку залацістага поля, дружна пачалі жніво. Першыя тоны новага ўраджаю хутка лягуць у бункеры, азначаючы пачатак адказнай гарачай пары на нясвіжскай зямлі. Раён упэўнена ўступіў у пару жніва, несучы ў будучыню векавыя традыцыі і абапіраючыся на працу сучасных хлебаробаў.


Да жніва аграрыі Нясвіжчыны падышлі ў поўнай гатоўнасці. Тэхнічны парк мабілізаваны, кадры навучаны. Агульная плошча збожжавых і зернебабовых культур у Нясвіжскім раёне — 19 679 гектараў.
Акрамя таго, мясцовым аграрыям трэба ўбраць больш 5350 гектараў рапсу. Гэта велізарная лічба і велізарная адказнасць — захаваць ураджай. Ва ўборцы прымуць удзел 119 камбайнавых экіпажаў і 128 адзінак аўтамабіляў. Трэба працаваць граматна і аператыўна. Цяпер самае галоўнае — гэта дысцыпліна, зладжанасць у працы і максімальная канцэнтрацыя намаганняў кожнага на дасягненне пастаўленых задач. Упэўнены, што дзякуючы самаадданай працы нашых аграрыяў, Нясвіжскі раён у чарговы раз пацвердзіць свае высокія дасягненні, і ўнясе важкі ўклад у агульны каравай краіны.


Ірына ЕФІШОВА.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.




