Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Памятаем. Шануем. Герой Беларусі Міхаіл Карчміт

Пост опубликован: 14.07.2026

25 гадоў таму, 2 ліпеня 2001 года, тагачасны кіраўнік СВК “Агракамбінат Сноў” Міхаіл Карчміт атрымаў з рук Прэзідэнта нашай дзяржавы залатую Зорку Героя Беларусі.

Высокае званне ў той дзень атрымалі таксама генеральны дырэктар ВА “БелАЗ” Павел Марыеў і старшыня СКП “Кастрычнік” Гродзенскага раёна Віталь Крамко. Былому старшыні Гродзенскага аблвыканкама Аляксандру Дубко званне Героя Беларусі было прысвоена пасмяротна. Высокая ўзнагарода — за самаадданую працу, выключныя заслугі перад дзяржавай і яе народам.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка назваў узнагароджаных “залатым фондам нацыі і элітай беларускага народа”.

Міхаіл Карчміт гаварыў слова ў адказ. Было відаць, што хваляваўся. Сапраўды, гэта ж было так уражліва, так непрывычна. Міхаіл Аляксандравіч падзякаваў за высокую ацэнку яго намаганняў, за ўвагу да сельскагаспадарчай галіны і заверыў, што калектыў прадпрыемства, якое ён узначальваў, будзе дабівацца яшчэ лепшых вынікаў. Абяцанне сваё ён стрымаў, бо Міхаіл Карчміт быў чалавекам слова і справы.

З ліпеня з Зоркай Героя на грудзях Міхаіл Аляксандравіч стаяў на цэнтральнай трыбуне для гасцей на плошчы Незалежнасці падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, глядзеў парад.

4 ліпеня ў Снове мы з фотакарэспандэнтам раённай газеты бралі інтэрв’ю ў Героя Беларусі. Наш суразмоўца падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў сталічных мерапрыемствах. У яго голасе і словах гучалі гонар за краіну і ўпэўненасць у яе паспяховым далейшым развіцці. Міхаіл Аляксандравіч сказаў:

— Колькі б хто ні гаварыў, што Беларусь у заняпадзе, што няма перспектывы ў прамысловасці, я скажу: штуршок усё-такі ёсць. Так, мы жывём не вельмі багата, у нас шмат прадпрыемстваў, якія не працуюць або працуюць часткова. І ўсё-такі ёсць прадпрыемствы, якія пачынаюць выпускаць на сучасным узроўні добрую прадукцыю: МАЗ, БелАЗ. Мне спадабалася таксама тэхніка завода колавых цягачоў. Мы бачылі сучасныя ваенныя машыны. Беларускія навінкі выйшлі на еўрапейскія стандарты. Так што будучае — за нашай прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Старымі тэхналогіямі нельга жыць, нельга мірыцца з гэтым. Радасна за тое, што беларускі народ пачынае падымацца з каленяў. Новае дыханне набылі тыя ўчасткі вытворчасці, якія лічыліся “заваленымі”. Віцебскі “Віцязь” пачаў выпускаць прадукцыі больш, чым мінскі “Гарызонт”, і ў асноўным яна ідзе на экспарт. На трактарным заводзе, хаця пакуль не ўсё адладжана з якасцю, ёсць навінкі. Раней тэхніка новай мадыфікацыі адпрацоўвалася там пяцігодкамі. Цяпер, у апошнія два гады, на лінію выходзяць больш магутныя трактары.

Беларускі народ усё-такі бачыць будучыню. Магчыма, сёння не кожны ўсвядоміў гэта, а гадоў праз пяць будзе больш яскрава праглядвацца.

Міхаіл Карчміт верыў у свой працавіты, таленавіты беларускі народ, у дальнабачнасць, мудрасць і цвёрдасць нашага Прэзідэнта. І ўсё спраўдзілася. Сёння беларускія аўтамабілебудаўнікі — аўтары найвялікшага ў свеце, 450-тоннага кар’ернага самазвала БелАЗ-75710. Прадпрыемства “Белкамунмаш” першым у СНД наладзіла серыйны выпуск электробусаў, а Мінск стаў першай сталіцай на постсавецкай прасторы, дзе арганізаваны рэгулярны электробусны маршрут. Паспяхова развіваюцца вытворчасць легкавых аўтамабіляў, электроннае машынабудаўніцтва і ІТ-сфера. На бязмежных палях працуе новы трактар BELARUS-5425 магутнасцю больш за 500 конскіх сіл. Ураджай збожжа ўбірае гомельскі камбайн новай мадыфікацыі GS-2124.

У 2008 годзе першы ў краіне даільны робат замяніў восем рабочых. У рэспубліцы пабудавана і паспяхова працуе БелАЭС. На ўзровень дакрызіснага 1990 года Беларусь па аб’ёме валавога ўнутранага прадукта выйшла ў 2003-м. Сваю прадукцыю наша дзяржава экспартуе больш чым у 160 краін. За гады незалежнасці колькасць асабістых аўтамабіляў у нас вырасла амаль у чатыры разы. Беларусь стала касмічнай дзяржавай, і не толькі таму, што ў прасторы лятаюць нашы спутнікі, а і таму, што беларуская жанчына ўзнялася ў космас…

Шкада, што Міхаіл Аляксандравіч не ўбачыў пацвярджэння сваіх слоў у дасягнутых рэаліях — ён рана, у 2004-м, пайшоў з жыцця. Але засталіся яго наказы нашчадкам:

— Працаваць і далей будзе няпроста, у яшчэ больш жорсткіх умовах. Так дыктуе час. Так, нам цяжка. Таму што мы — першыя. Але тады хто, калі не мы, будзе вырашаць гэтыя пытанні?! Самае галоўнае — не спыняцца. Мы павінны вучыцца. Вучыцца да апошніх дзён свайго жыцця, таму што без руху наперад нічога не будзе.

Нагадаем: першым Героем Беларусі стаў ваенны лётчык падпалкоўнік Уладзімір Карват, які 23 мая 1996 года цаной свайго жыцця адвёў няспраўны самалёт ад населеных пунктаў Арабаўшчына і Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна. Званне яму прысвоілі пасмяротна.

Усяго ў нас 14 Герояў Беларусі. Самаадданыя працаўнікі, мужныя людзі, патрыёты сваёй Радзімы… Яны — яскравы прыклад служэння Бацькаўшчыне для ўсіх і кожнага.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика