У Год беларускай жанчыны раённая газета сумесна з Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеем ажыццяўляе праект “Беларусачка: культурны код Нясвіжчыны”.
У фотапраекце прыняла ўдзел нясвіжанка — Валерыя Лянгус, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Яна пазіруе нам у народным беларускім строі, узаемадзейнічаючы з гістарычнай спадчынай — драўлянай ступай з таўкачом.

Гэты традыцыйны прадмет побыту быў шырока распаўсюджаны ў беларускіх вёсках. У сялянскай гаспадарцы ступа была вельмі патрэбнай рэччу. Да з’яўлення зручных млыноў і іншых прыстасаванняў у ёй уручную апрацоўвалі невялікую колькасць збожжа. Напрыклад, з проса ці ячменю рабілі крупы, ачышчаючы зёрны ўдарамі таўкача.
Ступу звычайна рабілі з цвёрдага дрэва: дуба, ясеня, клёна ці бярозы. Яе выдзёўбвалі з суцэльнага кавалка дрэва. Таўкач рабілі асобна — гэта была доўгая цяжкая палка з патаўшчэннем на канцы. Такія ступы служылі шмат гадоў і часта перадаваліся ў сям’і з пакалення ў пакаленне.
Акрамя вучобы, Валерыя піша карціны акрылавымі фарбамі, захапляецца чытаннем літаратуры, а таксама мае незвычайнае хобі — верхавую язду. Для яе гэта не проста занятак, а магчымасць адцягнуцца ад гарадской мітусні, адчуць свабоду і атрымаць асалоду ад яднання з прыродай. Розныя захапленні раскрываюць нясвіжанку як творчую, рознабаковую і тонка адчуваючую натуру.
Нагадваем: Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей у межах акцыі “Кожная пятніца — роднае, сваё” прапануе несвіжанкам і гасцям горада зрабіць памятнае фота ў беларускім нацыянальным строі. Прапанова дзейнічае кожную пятніцу з 11.00 да 13.00, з 17.00 да 19.00. Папярэдні запіс па тэлефонах: 8 01770 5-33-84 і 8 01770 2-06-34 — абавязковы.
Ганна КІСЕЛЬ.



