Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Як спрацавалі ў першым паўгоддзі 2026 года работнікі комплексаў і фермаў Нясвіжчыны

Пост опубликован: 23.07.2026

Настаў час прааналізаваць, як спрацавалі ў першым паўгоддзі 2026-га работнікі комплексаў і фермаў Нясвіжчыны. Перад намі — паказчыкі, прадастаўленыя рэдакцыі ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

Малако: плюс 6,2%

Вытворчасць малака за 6 месяцаў дасягнула ў раёне 1 035 233 цэнтнераў. Як бачна, жывёлаводы пераадолелі мільённы рубеж. 60 462 цэнтнеры малака надоена больш, чым было летась за аналагічны перыяд. Або на 6,2%.

Найбольшую колькасць спажыўнай прадукцыі выдаў СВК “Агракамбінат Сноў” — 185 597 цэнтнераў (+2,4%). На другім месцы па аб’ёме вытворчасці стаіць ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” — 140 826 цэнтнераў (+7,3%). На трэцім месцы — ААТ “17 Верасня” — 124 034 цэнтнеры (+8,6%). Важкую прыбаўку да леташняга ўзроўню далі ААТ “Лань-Нясвіж” (+15,1%), ЗАТ “1 Мая” (+11,8%), ААТ “Сейлавічы” (+7,4%). Вышэй сярэднераённага паказчыка прыбаўленне таксама ў ДП “ЭБ “Свеклавічная” (+6,7%).

У тым ліку ў чэрвені прырост валавога надою яшчэ вышэй — плюс 6,4% па раёне. +15,7% ён у ААТ “Лань-Нясвіж”, +10,4% — у “Сейлавічах”, +9,3% — у “ЭБ “Свеклавічная”, +9,2% — у “17 Верасня”.

Усе сельгаспрадпрыемствы ідуць з нарастаючым вынікам, адсюль і агульны паказчык па раёне радуе. Згадзіцеся: такое прыемна канстатаваць.

Рэалізавана малака па ўсіх каналах збыту 958 984 цэнтнеры. Тэмп росту да леташняга склаў 105,8%. 95,4% малака паступіла на малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, астатнія 4,6% — на падсобныя вытворчасці арганізацый.

Таварнасць малака склала 92,6%. Летась было 93%. Самая высокая яна ў ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” — 95,7%, у ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — 95%, у ААТ “Лань-Нясвіж” — 94,2%, у СВК “Агракамбінат Сноў” — 93,6%, у ААТ “Нясвіжскі рай- аграсэрвіс” — 93,5%. Павялічылі гэты паказчык толькі дзве гаспадаркі. “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” — на 0,6%, “Сейлавічы” — на 0,4%.

Пастаянны рост прадуктыўнасці дойнага статка сведчыць аб эфектыўнасці работы галіны, яе інтэнсіўным развіцці. Сёлета сярэдні надой малака на адну фуражную карову дасягнуў 4 992 кілаграмаў, што на 126 кг больш шасці месяцаў мінулага года. Прыбаўка склала 2,6%. Лідарам з’яўляецца “Агракамбінат Сноў”, дзе атрымалі па 6 337 кг малака ад каровы. Другім прызёрам ідзе ААТ “Грыцкевічы” з паказчыкам у 5 663 кг. Трэці прызёр — “17 Верасня” (4 974 кг). Услед ідуць “Нясвіжскія Астроўкі” (4 849 кг). Найбольшы прырост прадуктыўнасці назіраецца ў ААТ “Лань-Нясвіж” (+9,8%), у ЗАТ “1 Мая” (+6,2%), у “Сейлавічах” (+5,9%) і ў “НОВЫМ ЖЫЦЦІ” (+3,3%).

У тым ліку ў чэрвені па раёне на карову надоена 840 кілаграмаў малака, тэмп росту склаў 102,9%. Высокі ён быў у “Лань-Нясвіж” (+10,4%), у “Сейлавічах” (+8,4%), у “1 Мая” (+7,3%).

Як спрацавала паўгоддзе

У Яніны Лашук 22-гадовы вопыт работы аператарам машыннага даення. Шчыруе яна на МТК-4 “Прасці”. З пачатку года атрымала 708 тон малака. Яніна Казіміраўна добрасумленна выконвае ўсе свае абавязкі, карыстаецца заслужанай павагай у калектыве ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”.

Мяса: плюс 22,3%

Вытворчасць (вырошчванне) жывёлы і птушкі ў жывой вазе дасягнула па раёне 227 812 цэнтнераў, што значна больш адпаведнага перыяду летась. Тэмп росту склаў 122,3%. Вядучым мясным цэхам Нясвіжчыны з’яўляецца “Агракамбінат Сноў”. Тут выдалі на гара 134 320 цэнтнераў свініны, ялавічыны і птушкі. Тэмп росту — 124,9%. На другім месцы па аб’ёме вытворчасці знаходзіцца “Лань-Нясвіж” з 18 232 цэнтнерамі мяса. На трэцім месцы — “Нясвіжскія Астроўкі” з 16 180 цэнтнерамі. За імі ідуць “Сейлавічы” з 11 941 цэнтнерам і “1 Мая” з 10 672 цэнтнерамі.

Вырошчванне буйной рагатай жывёлы па раёне дасягнула 99 977 цэнтнераў, пры тэмпе росту 105,2%. У тым ліку 29 726 цэнтнераў атрымалі снаўчане, пры тэмпе росту 107,9%. Другімі ідуць “Нясвіжскія Астроўкі” з 16 180 цэнтнерамі (99,5%). Трэцімі — першамайцы з 10 672 цэнтнерамі (101,9%). Найбольшага росту аб’ёмаў ялавічыны дабіліся жывёлаводы “Агракамбіната Нясвіжскі” — 114,8%, “17 Верасня” — 113,1%, “Грыцкевіч” — 108%, “Агракамбіната Сноў” — 107,9%, “ЭБ “Свеклавічная” — 107%, “Нявіжскага райаграсэрвіса” — 106,8%.

Вытворчасць (вырошчванне) свініны сёлета склала 61 362 цэнтнеры, або 220,3% да ўзроўню леташняга паўгоддзя. 38 213 цэнтнераў даў “Агракамбінат Сноў”, 14 725 ц — “Лань-Нясвіж”, 5 792 ц — “Сейлавічы”.

Мяса птушкі атрымана 66 381 цэнтнер (104,8%). Пастаўшчык гэтага дыетычнага прадукту ў нас адзін — СВК “Агракамбінат Сноў”.

У мясной галіне таксама значную ролю адыгрывае прадуктыўнасць жывёлы і птушкі. І яе рост — высокая ацэнка працы людзей.

У раёне ўзяты новы рубеж у сярэднясутачнай прывазе буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме. Пры леташніх 896 грамах сёлета маем 913. Снаўчане атрымалі 1 066 грамаў, з прыбаўкай у 31 грам. Жывёлаводы “НОВАГА ЖЫЦЦЯ” — 951 грам, з прыбаўкай у 29 г, “Грыцкевіч” — 929 грамаў, з прыбаўкай у 61 грам.

Яшчэ больш адчувальны рывок зроблены ў свінагадоўлі. Замест леташніх 413 грамаў сярэднясутачнай прывагі адной галавы цяпер маем 773 грамы. Тэмп росту дасягнуў 187,2%. На 120 грамаў павялічылі прывагу ў суткі снаўчане, і цяпер на іх свінакомплексе яна дасягнула 888 грамаў. Стараюцца свінаводы і астатніх гаспадарак, дзе займаюцца гэтай галіной.

Кожны бройлер на птушкаферме “Агракамбіната Сноў” за суткі прыбывае ў вазе на 66,6 грама. Сёлета гэты паказчык на 2,7 грама вышэй леташняга.

Як спрацавала паўгоддзе

Аператар па вырошчванні цялят Галіна Горбель мае значны працоўны стаж — 28 гадоў. Яна даглядае маладняк ад нараджэння да трох месяцаў на малочнатаварнай ферме “Астроўкі”. Галіна Аляксандраўна любіць сваю прафесію, любіць жывёлу. Сёлета за паўгода яна атрымала 22 тоны валавой прывагі, што на тону больш леташняга.

І статак расце

Па стане на 1 ліпеня бягучага года на комплексах і фермах сельгаспрадпрыемстваў раёна налічвалася 80 425 галоў буйной рагатай жывёлы. Тэмп росту склаў 102,9%. Амаль 18 з палавінай тысячы стаіць у “Агракамбінаце Сноў”. Больш за 13 тысяч — у “Нясвіжскіх Астроўках”. Амаль 8,8 тысячы галоў — у “1 Мая”.

У тым ліку малочны статак гаспадарак раёна налічвае 20 598 кароў. У параўнанні з леташнім іх стала болей на 767.

Значна павялічылі колькасць рагуль “17 Верасня” — на 194 галавы, “Нясвіжскія Астроўкі” — на 175, “Лань-Нясвіж” — на 97, “Нясвіжскі райаграсэрвіс” — на 70, “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” — на 56.

Зразумела, што ні ў адным сельгаспрадпрыемстве колькасць дойных кароў не зменшылася.

Мае месца рост свінапагалоўя — на 37,5 %. І ўсяго ў статку налічваецца на 1 ліпеня 59 430 свіней. У ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” гадуюць авечак. Іх тут амаль 700. А ў “Агракамбінаце Сноў” утрымліваецца чуць не паўмільёна бройлераў.

Расце пагалоўе дзякуючы атрыманню належнага прыплоду. Так, цялят ад кароў і цялушак атрымалі сёлета 10 836, тэмп росту склаў 109%. Самы высокі ён у “ЭБ “Свеклавічная” — 127,8%, у “17 Верасня” — 118,6%, у “Сейлавічах” — 116,8%.

Парасят ад асноўных і правяраемых свінаматак атрымана 59 412. Тэмп росту дасягнуў 178,2%.

Паглядзіш на ўсе гэтыя лічбы — і дзіву даешся. Гэта ж які аб’ём работы выконваюць нашы людзі, каб усё пагалоўе дагледзець, накарміць, пачысціць, падаіць, вылечыць. Для яго будуюцца новыя комплексы, манціруецца новае, сучаснае абсталяванне, каб умовы ўтрымання сталі больш камфортнымі і ўмовы працы людзей больш зручнымі, эфектыўнымі. Пэўная частка работнікаў займаецца нарыхтоўкай кармоў. З дня ў дзень. З году ў год. Набываецца вопыт, расце прафесіяналізм. Старэйшыя перадаюць свае веды, напрацоўкі маладым. Добра, што ёсць каму перадаваць. Вёска жыве, вёска рупіцца, каб ва ўсіх на стале было малако, тварог, сыр, смятана і масла, сала, мяса і каўбасы. А да ўсяго гэтага яшчэ — духмяны хлебны каравай. Дзякуй людзям вёскі за ўсё, што маем.

Як спрацавала паўгоддзе

Алег Апановіч даглядае адкормачнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы. На ферме “Копцеўшчына” ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” працуе амаль восем гадоў. Узрост яго падапечных — ад двух месяцаў да двух гадоў. Кожны бычок прыбывае за суткі ў вазе на 900 — 1000 грамаў. Працуе Алег Аляксандравіч бездакорна, пра яго можна пачуць толькі добрыя водгукі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика