У Год беларускай жанчыны раённая газета сумесна з Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеем ажыццяўляе праект “Беларусачка: культурны код Нясвіжчыны”.
На фота — Таццяна Ксянжук, музейны даглядчык ДУ «Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей». Перад камерай яна паўстала ў беларускім народным строі з пляцёнкай у руках — традыцыйным прадметам побыту, добра знаёмым многім пакаленням беларусаў.

Пляцёнку здаўна выкарыстоўвалі для збору і захоўвання грыбоў, ягад, гародніны, яек і іншых прадуктаў. Лёгкая, зручная і добра вентыляваная, яна была незаменнай у сялянскай гаспадарцы і па праве лічылася адным з сімвалаў народнай практычнасці і майстэрства.
Сама гераіня прызнаецца: ледзь узяўшы пляцёнку ў рукі, яна адчула жаданне навучыцца плясці такія вырабы самастойна. Для Таццяны гэта не проста цікавасць да старадаўняга рамяства, а жывая сувязь з беларускай зямлёй, з традыцыямі продкаў, якія ўмелі ствараць прыгажосць і карысць сваімі рукамі.
— Мне важна адчуваць гэтую пераемнасць, — кажа Таццяна. — У кожным такім прадмеце ёсць цеплыня роднай хаты, памяць пра нашых бабуль і прабабуль, іх працавітасць, цярпенне і любоў да сваёй зямлі.
Таццяна не звыкла сядзець на месцы: яна пастаянна развіваецца, асвойвае новыя ўменні і беражліва ставіцца да народных традыцый. Яна пячэ хлеб, гатуе чай і натуральны квас, вяжа кручком галаўныя ўборы. А яшчэ марыць навучыцца ткаць — так, як калісьці ўмелі нашы продкі, перадаючы праз палатно часцінку душы, жаночай сілы і любові да роднай Беларусі.
Нагадваем: Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей у межах акцыі “Кожная пятніца — роднае, сваё” прапануе несвіжанкам і гасцям горада зрабіць памятнае фота ў беларускім нацыянальным строі. Прапанова дзейнічае кожную пятніцу з 11.00 да 13.00, з 17.00 да 19.00. Папярэдні запіс па тэлефонах: 8 01770 5-33-84 і 8 01770 2-06-34 — абавязковы.
Ганна КІСЕЛЬ.




