Меню

Дзень добры, новы хлебны каравай!

Пост опубликован: 21.08.2026

У ліку першых у раёне, 1 ліпеня, вывелі сёлета на збожжавую ніву ўборачную тэхніку хлебаробы ААТ “Грыцкевічы”. Апошнія гектары ўбралі 11 жніўня.

Парадаваў азімы ячмень

Пачалі жніво з азімага ячменю, які займаў 124 гектары. Кожны даў па 95,3 цэнтнера. Гэтая культура сёлета асабліва парадавала. Летась было 79,4 ц/га, такім чынам прыбавілі 15,9 цэнтнера. Яравы ячмень вырошчвалі на 100 гектарах. Сабралі па 74,3 ц/га. Азімая пшаніца на кожным з 766-і гектараў дала ў сярэднім па  85,4 цэнтнера.

Сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы склала 85,5 ц/га. Валавы намалот — 8465,2 тоны.

На ўборцы працавала пяць збожжавых камбайнаў. За іх штурваламі былі добрасумленныя механізатары, і ў асноўным — вопытныя. Напрыклад, Сяргей Гаспадарык правёў сваё 24-е жніво, Георгій Закудоўскі — 21-е. А вось у Анатоля Кавалені яно было першым. Добрыя навыкі маюць таксама Юрый Наполеў і Аляксандр Ілюшын.

У лідарах — Аляксандр Ілюшын

Дзень добры, новы хлебны каравай!

Аляксандр Ілюшын

Лідарам па намалоце ў “Грыцкевічах” стаў малады камбайнер Аляксандр Ілюшын. Ён убраў 214,4 гектара, намалаціў 1820,5 тоны збожжа. Сёлета са свайго былога КЗС-1218 перасеў на GS2124. Напачатку ішлі прыцірка, абкатка новага камбайна, ліквідацыя няспраўнасці па гарантыі. З часам машына ўвайшла ў рабочы рытм. Вечарам 1 жніўня Аляксандр Ілю-шын і Георгій Закудоўскі сталі тысячнікамі ў сваёй гаспадарцы. І Аляксандр вырваўся наперад.

Вучоба ў Клецкім СПЛ, праца на трактары больш 10-і гадоў, парады старэйшых камбайнераў, уласнае жаданне ведаць і ўмець болей, чым яго работа на МТЗ-82, армейская загартоўка — вось складнікі, якія сфарміравалі рабочы характар Аляксандра Ілюшына. Падчас жніва ён заўсёды кіруецца лозунгам: “Сабе практычна не належыш”. Так, належыш полю, агульнай справе. Вялікай справе.

У складзе мехатрада Нясвіжчыны Аляксандр Ілюшын і яго памочнік Сяргей Карловіч накіраваліся на дапамогу хлебаробам Крупскага раёна.

Мара збылася

За штурвалам збожжаўборачнага камбайна ў акцыянерным таварыстве сёлета — навічок. Анатоль Каваленя. Дагэтуль падчас жніва ён займаўся ўборкай саломы, прасаваў яе.

— Вы ў новай ролі. Чыім было рашэнне аб такой перамене — Ваша асабістае ці кіраўніцва? — пацікавілася ў камбайнера.

— Я даўно хацеў сесці на збожжавы камбайн, — расказаў Анатоль Анатольевіч. — Сёлета адна машына стала свабоднай, і мне пайшлі насустрач. Яе перадаў механізатар Генадзь Сяргей, загадзя адрамантаваўшы. У нашай гаспадарцы так заведзена: калі аддаеш камусьці тэхніку, яна павінна быць спраўнай. Генадзь мне ўсё паказаў, расказаў і падчас жніва падказваў пры неабходнасці. Камбайну сем гадоў, працуе ён добра, а догляд і прафілактыка ў сезон, зразумела, патрэбны. Кожную раніцу траціў гадзіны дзве: чысціў, прадзімаў кампрэсарам фільтры і радыятар, змазваў неабходныя вузлы і дэталі. У пагодлівыя дні ў поле выязджалі ў дзевяць гадзін і адразу станавіліся на гонку — збажына паспявала праветрыцца. Пакідалі палеткі ў дзевяць вечара. Са сталовай гаспадаркі нам прывозілі абеды і падвячоркі. Толькі працуй!

У распараджэнні Анатоля Кавалені таксама трактар “Масей Фергусон-6713” і неабходныя для яго сельгасмашыны. Сёлета ўносіў мінеральныя ўгнаенні пад цукровыя буракі, рыхтаваў глебу пад сяўбу, сеяў кукурузу. Затым займаўся нарыхтоўкай травяных кармоў — сена, сенажу. Механізатар ён старанны, вопытны. У ААТ “Грыцкевічы” працуе 10 гадоў. Дарэчы, сёлета ў майго суразмоўцы яшчэ адна круглая дата — у красавіку споўнілася 40 гадоў.

Збылося добрае жаданне — вывесці ў поле камбайн, убачыць з вышыні яго мосціка залацісты дыван спелых каласоў, удыхнуць  цёплы, духмяны пах намалочанай збажыны… Жніво — апафеоз хлебаробскай справы. І няма нічога дзіўнага, што Каваленя хацеў  стаць яго ўдзельнікам. Першае жніво “падбіла бабкі”: скошана 208,2 гектара збожжавых, намалочана 1747,4 тоны зерня. А гэта другое месца ў іх сельгаспрадпрыемстве.

Завяршыўшы работу на полі гаспадаркі, Анатоль Каваленя паехаў абмалочваць збажыну на прыватных участках вяскоўцаў.

Дзень добры, новы хлебны каравай!

Анатоль Каваленя

Агульная справа

На адвозцы збожжа ад камбайнаў на ток былі заняты на МАЗах вадзіцелі Міхаіл Заяц, Мікалай Казакевіч, Мікалай Клімовіч, Мікалай Ярош і Яўген Круглік. Сярод іх таксама ішло спаборніцтва. І вось падведзены вынікі. На першым месцы — Мікалай Клімовіч з 1977 тонамі. На другім — Міхаіл Заяц з 1973,2 тоны.

Дзень добры, новы хлебны каравай!

Мікалай Клімовіч

 

Дзень добры, новы хлебны каравай!

Міхаіл Заяц

Адначасова магутныя МАЗы з прычэпамі дастаўлялі збожжа ў засекі дзяржавы. Пагутарыла з маладым вадзіцелем Яўгенам Круглікам. Сёлета ў яго было трэцяе жніво. Працавалася з добрым настроем. Адзінае, кажа, — сёлета дажджы трохі перашкаджалі хутчэй правесці ўборку. Ён вазіў збожжа ў Гарадзею, у Слуцк. Машыны загружалі з вечара, у шэсць гадзін раніцы рухаліся ў дарогу, каб хутчэй даставіць груз на прыёмны пункт. І так — рэйс за рэйсам. Акрамя дзяржзаказу, акцыянернае таварыства яшчэ плануе звыш яго прадаць 2 тысячы тон  харчовай пшаніцы.

Кіпела работа на збожжатаку. Праз сушылку ЗСК-40 прайшло звыш 5484 тон зерня. Калектыў аператараў склалі Мікалай Коранеў, Віктар Грамко, Яўген Якавенка, Валерый Рудой. Сушылку М-819 абслугоўвалі Анатоль Піліпчук і Яўген Баранчык. На іх ляжала таксама высокая адказнасць: каб машыны працавалі без збояў, каб зерне даводзілася да неабходнай кандыцыі.

Немалаважнае значэнне мае і своечасовае вызваленне палёў ад саломы. Яе ўборка даручана Міхаілу Клімовічу і Андрэю Кліму. Яны працуюць з прэсамі. І закруцілі ў рулоны амаль 600 тон.

З клопатам аб новым ураджаі

Сёлета ў гаспадарцы ўпершыню пачынаюць вырошчваць азімы рапс ураджаю 2027 года. Пад яго адвялі 250 гектараў, знізіўшы плошчу пад пшаніцай. Убраўшы папярэднік — азімую пшаніцу — пралушчылі ржышча, унеслі гліфасат, мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, зааралі, выраўнялі глебу. Усё гэта выконвалі механізатары Ігар Наумовіч, Міхаіл Клімовіч, Сяргей Цыуля, да хімработ падключыўся Георгій Закудоўскі. З сеялкай пайшоў Ігар Наумовіч, які ўжо закончыў гэтую работу. Не паспееш азірнуцца, як настануць тэрміны сяўбы азімых збожжавых. І так — з году ў год. Адвечны клопат хлебароба.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

error: Копирование защищено!
Яндекс.Метрика