Другога верасня 1996 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выдаў Указ аб скліканні I Усебеларускага народнага сходу. Было намечана правесці яго 19-20 кастрычніка 1996 года ў Мінску.
Перад народам краіны стаяла важнейшая задача — спыніць спаўзанне ў бездань, перайсці на рэйкі далейшага развіцця. Перад сходам ставілася мэта — забяспечыць найбольш поўны ўдзел шырокіх слаёў насельніцтва ў абмеркаванні прымаемых Прэзідэнтам, Кабінетам Міністраў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі мер па пераадоленні эканамічнага крызісу, стабілізацыі сацыяльнага становішча ў грамадстве. На абмеркаванне дэлегатаў Прэзідэнт вынес Асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, праект новай рэдакцыі Канстытуцыі нашай дзяржавы і пытанні, праанансаваныя Прэзідэнтам на рэспубліканскі рэферэндум. Праект новай рэдакцыі Канстытуцыі, пытанні, якія меркавалася вынесці пазней на рэферэндум, былі загадзя аддадзены на шырокае абмеркаванне грамадствам. Беларусы выказвалі свае прапановы. Самае слушнае ўлічвалася пры распрацоўцы канчатковага варыянта Асноўнага закона.
І Усебеларускі народны сход прайшоў пад дэвізам “Толькі народ можа вырашаць свой лёс”.

Склад удзельнікаў сходу быў вызначаны ў колькасці 5 тысяч чалавек. У тым ліку ад Мінска — 800, ад кожнай вобласці — па 650 чалавек. Дэлегаты, якіх з месцаў накіравалі калектывы, і павінны былі абмеркаваць, акрэсліць, вызначыцца ў далейшым шляху, па якім рушыць Беларусь. Прэзідэнт звярнуўся да народа. Да мудрага, разважлівага, працавітага беларускага народа. І не памыліўся. Як не памыліўся ў 1994 годзе сам народ, абраўшы сваім лідарам разумнага, энергічнага, аддадзенага роднай зямлі чалавека.
Дэлегацыю Нясвіжскага раёна на I Усебеларускім народным сходзе ўзначальваў тадышні старшыня райвыканкама Уладзімір Дражын. У яе ўваходзілі намеснік старшыні Галіна Пархомчык, пенсіянер, член раённага савета ветэранаў вайны і працы Георгій Халецкі, намеснік дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Мікалай Красюк, галоўны інжынер Нясвіжскага льнозавода Георгій Маскалік, дырэктар гарадскога малочнага завода Ліна Баранцэвіч, электрык Сноўскага крухмальнага завода Іосіф Рымашэўскі, дырэктар Нясвіжскага хлебазавода Мікалай Чырко, начальнік майстэрняў аўтапарка №8 Вячаслаў Карповіч, начальнік Нясвіжскай ПМК-23 Міхаіл Пілішчык, старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Ашыхмін, старшыня КДП “Беларусь” Іван Кузьміч, дырэктар Нясвіжскай райаграпрамтэхнікі Мікалай Мурашка, намеснік старшыні калгаса “Слава” Віктар Азарка, тэхнік-асемянатар калгаса “17 Верасня” Вольга Пакумейка, аграхімік калгаса “Рассвет” Аляксандр Таратута, вадзіцель ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” Сяргей Карачун, старшыня праўлення райспажыўсаюза Раіса Глобаж, настаўнік СШ №4 г. Нясвіжа Зоя Мастоўская, загадчык хірургічнага аддзялення ЦРБ Ігар Богуш, камандзір вайсковай часці Уладзімір Захараў.
У склад дэлегацыі ўвайшлі таксама ўраджэнцы нашага раёна Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, і яго намеснік Аляксандр Абрамовіч. Іх кандыдатуры вылучылі калектывы Сноўскага крухмальнага завода і прадпрыемства “Гарадзеянафтапрадукт”.
Гэта былі людзі — высокія прафесіяналы сваёй справы. Яны карысталіся павагай і даверам у сваіх калектывах. Ім і быў аказаны высокі гонар прадстаўляць Нясвіжчыну на важным форуме, разам з кіраўніцтвам краіны, з калегамі прымаць адказныя рашэнні, што адыгралі велізарнае значэнне ў далейшым развіцці нашай дзяржавы.
Прэзідэнт параіўся з пасланцамі народа. Яны падтрымалі палітычны і эканамічны курс Кіраўніка дзяржавы. Гэтая падтрымка была выказана ў прынятай сходам рэзалюцыі.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота з адкрытых крыніц.



