Меню

З павагай да працаўнікоў жніва. СВК “Агракамбінат Сноў” адсвяткаваў “Дажынкі”

Пост опубликован: 12.09.2026

Флагман аграрнай галіны нашага раёна СВК “Агракамбінат Сноў” адсвяткаваў “Дажынкі”
Сёлетняе жніво стала чарговым пацверджаннем высокага ўзроўню прафесіяналізму сноўскіх аграрыяў. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, хлебаробы «Снова» сабралі годны ўраджай. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у гаспадарцы перавысіла 90 цэнтнераў з гектара — паказчык, які для многіх іншых гаспадарак застаецца марай.

Па добрай традыцыі на свяце дажынак аддалі даніну заслужанай павагі людзям, якія ўклалі ў няпростую працу хлебароба душу, веды, уменне і вопыт, зрабілі ўсё магчымае, каб выканаць ускладзеную на іх вялікую місію — забяспечыць харчовую бяспеку краіны. Раздзялілі са снаўчанамі гэты радасны момант намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Таццяна Жук, старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпупатаў Святлана Антончык, старшыня раённай арганізацыі беларускага прафсаюзу работнікаў АПК Святлана Мацкевіч, дырэктар ААТ “17 Верасня” Арцём Шастапёраў і намеснік старшыні праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” — упраўляючы ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Яўген Пякарчык.

Свята пачалося з традыцыйнага ўручэння апошняга дажыначнага снапа кіраўніку гаспадаркі Мікалаю Радаману.

Ад імя раённага кіраўніцтва і сябе асабіста працаўнікоў СВК “Агракамбінат Сноў” павіншавала Таццяна Жук. Яна шчыра падзякавала аграрыям за плённую працу і ўручыла Ганаровыя граматы Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта аграному Аляксандру Куратніку і намесніку старшыні праўлення Уладзіміру Мітроню. Падзяка старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта была аб’яўлена трактарыстам-машыністам Віктару Лазовіку і Аляксандру Міклашэвічу.

Шчыра павіншавала снаўчан і старшыня Нясвіжскага раённага Савету дэпутатаў Святлана Антончык.

— Сеяць і ўбіраць хлеб — традыцыйна мужчынскія заняткі, — падкрэсліла Святлана Анатольеўна. — Але не трэба забываць і аб жаночай ролі ў гэтых працэсах. Шаноўныя камбайнеры, вадзіцелі, спецыялісты, менавіта вашы жонкі і мамы падтрымлівалі вас у гэтай нялёгкай справе. А які асаблівы ўклад уносяць жанчыны, якія забяспечваюць бесперабойнасць жніва!
Каштоўнымі падарункамі старшыня раённага Савета дэпутатаў адзначыла агранома гаспадаркі Марыю Станчык і аператара АЗС Алу Паплаўскую

Да віншаванняў далучылася і старшыня раённай арганізацыі беларускага прафсаюзу работнікаў АПК Святлана Мацкевіч.

Святлана Адамаўна таксама аб’явіла Падзяку Нясвіжскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК повару Святлане Берднік, бухгалтару Тамары Праневіч, электрагазасваршчыку Яўгену Васюку, вадзіцелю Сяргею Грабёнка і вадзіцелю Мікалаю Жураўлевічу.

— Сёлета мы, як і заўжды, унеслі важкі ўклад у агульны каравай нашага раёна, — адзначыў старшыня праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай Радаман. — Мы атрымалі добрую ўраджайнасць як па збожжавым культурам, так і па рапсу. Усе гэтыя станоўчыя паказчыкі — вынік вашай працы, адданасці сваёй справе і роднай зямлі. Асаблівую падзяку я хачу выказаць нашым камбайнерам, якія ўбралі ўраджай своечасова і без страт, вадзіцелям, аператарам зернасушыльных комплексаў, якія шчыра працавалі штодня. Такія вынікі даюць нам упэўненасць у далейшых поспехах гаспадаркі. Шчыры дзякуй вам усім!

Акрамя таго, Мікалай Вячаслававіч адзначыў лепшых працаўнікоў гаспадаркі, тых, хто паказаў выдатныя вынікі на жніве.
“Дажынкі” ў “Снове” — гэта заўсёды яшчэ і культурная падзея. Для работнікаў і гасцей выступілі творчыя калектывы, гучалі песні. Але галоўнае — гэта атмасфера еднасці і гонару за сваю працу, за сваю зямлю, за свой калектыў.

«Дажынкі» — гэта свята, якое аб’ядноўвае людзей розных прафесій і пакаленняў. Тут ветэраны перадаюць вопыт маладым, тут гучаць словы ўдзячнасці тым, хто сваёй працай стварае харчовую бяспеку краіны. І пакуль на палях “Снова” расце хлеб, пакуль тут працуюць людзі, адданыя зямлі, — свята жніва будзе жыць і радаваць сваіх удзельнікаў.
Хлеб — усяму галава. А тыя, хто яго робіць, — гонар і слава роднай зямлі.

Ірына ЕФІШОВА. Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.
– Advertisement –
error: Копирование защищено!
Яндекс.Метрика