4 верасня ў Высокаліпскай інтэграванай сельскай бібліятэцы прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню беларускага пісьменства “Дзень беларускага пісьменства — сімвал шанавання культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі”. На гістарычным “падарожжы” прысутнічалі бібліятэкары ДУК “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы” і навучэнцы 1 — 4 класаў ДУА “Ліпская сярэдняя школа”.


Дзень беларускага пісьменства — гэта нацыянальнае свята з глыбокімі каранямі, якое адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Кожнае напісанае слова, кожная прачытаная кніга — гэта не проста літары на паперы, а цаглінка ў будынку нашай нацыянальнай культуры, якую мы павінны перадаць наступным пакаленням.
На мерапрыемстве школьнікі пазнаёміліся з біяграфіяй беларускага першадрукара Францыска Скарыны, з жыццём і дзейнасцю першых асветнікаў нашай зямлі Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага, Спірыдона Собаля. Пасля іх пра родную культуру і пісьменства прымушаюць нас задумацца Францішак Багушэвіч, Цётка, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч і іншыя сапраўдныя патрыёты Бацькаўшчыны.



Таксама дзеці даведаліся шмат цікавага пра гісторыю станаўлення і развіцця беларускага пісьменства і кнігадрукавання. Яшчэ прысутныя пазнаёміліся з традыцыяй святкавання Дня беларускага пісьменства ў Беларусі. Даведаліся, што за час правядзення свята набыло агульнанацыянальны статус, стала значнай падзеяй у культурным жыцці краіны і месцам правядзення святочных мерапрыемстваў-2026 абраныя Касцюковічы Магілеўскай вобласці.

У бібліятэцы дзейнічала выстава кніг, зробленых рукамі майстра Юліі Лабацэвіч “Дабро, рассыпанае па старонках кніг”. Мяккія кнігі з фетру — гэта арыгінальныя развіваючыя дапаможнікі з аб’ёмнымі дэталямі, шнуроўкамі і ліпучкамі. Гэта — унікальныя тактыльныя цацкі для дзяцей, створаныя ў выглядзе кніжак, дзе кожная старонка змяшчае розныя інтэрактыўныя элементы.


З кнігамі па гісторыі беларускага пісьменства можна было пазнаёміцца на выставе “Пад небам беларускага пісьменства”. Для прысутных таксама быў праведзены майстар-клас па стварэнні валошкі.
Гэта мерапрыемства яшчэ раз даказала: пакуль мы памятаем і шануем сваю мову і кніжную спадчыну — жыве і развіваецца наша краіна.
Людміла БАРЫСАВА, бібліятэкар 1 катэгорыі Высокаліпскай інтэграванай сельскай бібліятэкі.



