Першымі гледачоў тут сустракаюць карціны прадстаўніка першага пакалення дынастыі Уладзіміра Гоманава (1929 — 1998), заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, які пакінуў яскравы след у беларускім выяўленчым мастацтве.
Яго творчасць уяўляе сабой своеасаблівы партрэт Савецкай эпохі і ў той жа час мае адметныя рысы аўтарскага почырку з характэрнай жывапіснай палітрай і свабоднай манерай выканання.

Ураджэнец беларускага горада Сянно Віцебскай вобласці, Уладзімір Кірылавіч у дзяцінстве з-за сямейных абставін жыў у розных гарадах, куды камандзіравалі яго бацьку — у Феадосіі, Сімферопалі, Керчы, а ў 1941 годзе вярнуўся з мамай у родны горад. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Сенніцкім раённым Доме культуры кіраўніком мастацкай самадзейнасці.
У 1956 годзе Уладзімір Гоманаў скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, дзе яму пашчасціла вучыцца ў мастакоў А.П. Мазалёва і В.К. Цвірко, а ў 1962 годзе — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, у якім і працаваў да 1977 года педагогам.
Адна з ранніх яго карцін “Апошні бой Канстанціна Заслонава”, напісаная ў 1964 годзе, стала хрэстаматыйнай, увайшла ў школьныя падручнікі як ілюстрацыя да гістарычнай падзеі. Яна ж шмат у чым вызначыла далейшую творчасць мастака як майстра сюжэтна-тэматычнай карціны.

Гэтак жа ўпадабанымі жанрамі пачынальніка дынастыі заўсёды былі пейзаж, нацюрморт і партрэт. І ў кожным яго жывапісным творы ёсць адметныя рысы аўтарскага почырку — энергічны пастозны мазок, які стварае форму, і складана-адценкавая прыглушаная каляровая гама.
Магчыма, менавіта гэтая прыглушанасць і надае работам Уладзіміра Гоманава пэўную загадкавасць і прыцягальнасць. Так і здаецца, што застанься ты з яго карцінай у поўнай цішыні сам-насам, як табе пачне расказваць сваю дзівосную гісторыю “Святлана”, “Дзяўчына з кветкамі” або “Кіргіз на кані”…
Найлепшыя творы мастака знаходзяцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у абласных музеях, а таксама ў прыватных калекцыях на радзіме і за мяжой. У краязнаўчым музеі горада Сянно з 1999 года адкрыта для наведвання карцінная галерэя імя Уладзіміра Гоманава.
Наступную, і вельмі значную, частку экспазіцыі займаюць работы сына Уладзіміра Гоманава Леаніда Уладзіміравіча.
Мала хто ведае, што ў асобе Леаніда Гоманава Беларусь магла б набыць не вядомага мастака, а выдатнага спартсмена — у школе ён паспяхова займаўся акадэмічнай грэбляй і нават быў рулявым каманды, але атрыманая траўма перашкодзіла юнаку прысвяціць сябе спорту і ён звярнуўся да другога свайго захаплення — выяўленчага мастацтва.
— Мяне ў творчасць на ўсе сто працэнтаў прывёў бацька, — адзначыў Леанід Уладзіміравіч у нашай гутарцы. — Менавіта ён вучыў мяне маляваць. І яго ўрокаў мне хапіла, каб адразу пасля школы паступіць у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, з якога я выйшаў з кваліфікацыяй “Мастак-жывапісец. Педагог”.
Пасля заканчэння інстытута ў 1982 годзе Л.У. Гоманаў адслужыў у арміі і пачаў сваю творчую і педагагічную працу. Спачатку кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва на Мінскім камбінаце сілікатных вырабаў, затым выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава і вось ужо 16 гадоў дзеліцца сваімі ведамі і жывапіснымі навыкамі са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка на мастацкім факультэце. Па акадэмічным абмене ўніверсітэта Леанід Уладзіміравіч перыядычна выязджае ў Кітай у якасці педагога Паўночна-заходняга ўніверсітэта г. Ланчжоу. З гэтай далёкай краіны ён прывёз цыкл “Дарогамі Паднябеснай”, некаторыя работы з якога прадстаўлены і ў “МАРЫ”.
— Кітайскія пейзажы зачароўваюць, — зазначыў мастак у нашай гутарцы. — Я там адкрыў для сябе шмат новага і незвычайнага. Убачыць горы, палюбіць іх і перадаць іх прыгажосць іншым — гэта не так проста.

Таксама ён увесь час удзельнічае ў мастацкіх выставах у Беларусі і ў міжнародных праектах: у Францыі ў Парыжы (2019), у Італіі на Біенале ў Венецыі (2020), у Аўстрыі ў Вене (2021).
Як адзначае мастацтвазнаўца, дырэктар галерэі “МАРА” Ларыса Бортнік, Леанід Гоманаў, нягледзячы на пашану да сямейных традыцый, у мастацтве ідзе сваім шляхам. Яго жывапісны почырк значна адрозніваецца ад почырку яго бацькі выразнай малюначнай асновай, светлай, мажорнай каляровай палітрай і тонкім лесіровачным мазком, які стварае гладкую, роўную паверхню палатна.
Сам жа Леанід Уладзіміравіч прызнаецца ў сваёй любові да алейных фарбаў менавіта з-за тэхнічных магчымасцей, якія яны даюць.
— Акварэль, гуаш і акрыл не паддаюцца лесіроўцы, — гаворыць ён. — А алей можна накладваць шмат разоў і дабівацца пэўнай глыбіні выявы. Гэтаму нас вучылі і ставілі ў прыклад Рэмбрандта, які рабіў па 30 — 40 лесіровак, і мы сёння здзіўляемся, які ў яго глыбокі, філасофскі, прасторавы жывапіс.
Гаворачы непасрэдна аб творчым працэсе, мастак адзначыў, што падыходзіць да палатна напалову з натхненнем і напалову — з разуменнем таго, што трэба пісаць, каб удасканальвацца.
— Калі мастак не ўдасканальваецца, ён стаіць на месцы, — упэўнены Леанід Гоманаў. — Рух неабходны заўсёды.
Творчае крэда Леаніда Уладзіміравіча — быць сумленным у стаўленні да мастацтва.
— Мастацтва — гэта народны набытак, — лічыць ён. — І яно павінна выклікаць эмоцыі, бударажыць розум. Гэта — акно ў будучыню, праз якое мы разглядаем новыя, далёкія гарызонты.
Сваю адданую і шчырую любоў да мастацтва Леанід Уладзіміравіч перадаў генетычна і практычна сваёй дачцэ Ганне.
Ганна Гоманава — асоба яркая і неардынарная, якая паднялася да вяршыні Алімпу паралельнымі шляхамі ў мастацтве вакальна-музычна-харэаграфічным, кінематаграфічным, тэлевізійным, мадэльным і выяўленчым. Яна спявачка, актрыса, тэлевядучая, мастачка і мадэль, якая ўваходзіць у дзясятку самых прыгожых дзяўчат Беларусі.
На пытанне, як ёй удаецца ўсё гэта сумяшчаць, Ганна Леанідаўна з усмешкай адказала, што на тое, што падабаецца, заўсёды знаходзіцца час, тым больш, што ў яе ўзросце яшчэ шмат сіл і магчымасцей.

— Мой лёс быў прадвызначаны, — зазначыла яна ў нашай гутарцы. — Дзядуля быў заслужаным дзеячам мастацтваў, бацька — сябра Саюза мастакоў Беларусі, і мяне аддалі ў мастацкі ліцэй №26 (зараз — каледж мастацтваў), пасля я паступіла ў мастацкае вучылішча імя Глебава, дзе выкладаў бацька, у яго і вучылася. Вышэйшую адукацыю атрымлівала завочна ў эканамічным вузе, але і пры гэтым не пакідала мастацтва — у мяне ўжо ішлі персанальныя выставы.
Выставачную дзейнасць Ганна пачала ў 2010 г. выставай “Дэбют у трэцім пакаленні” ў галерэі “Ласандр-арт” у Мінску. Сёння на яе рахунку дабрачынныя выставы і акцыі ў Беларусі, Украіне, Расіі, Германіі, Кітаі пад назвамі “Арт-Ваяж” і “China-Ваяж”, калектыўныя выставы ў Парыжы, у Мадрыдзе, у Палерма, у Маскве.
Яе жывапіс — яшчэ адна звонкая нота ў сямейным мастацкім акордзе, прычым, нота, праспяваная жаночым голасам — экспрэсіўным, дынамічным, яркім.
Улюбёная тэма Ганны Гоманавай — падарожжы (шмат работ звязана з рознымі краінамі), а таксама яна любіць абстракцыі. Крыніцай натхнення, па яе словах, служыць усё, што прыгожа.
— Я аптымістычны чалавек, — гаворыць мастачка. — Мне падабаецца жыць гэта жыццё і ствараць прыгажосць.
На пытанне аб любімых колерах яна адказала, што з узростам палюбіла тыя, якія не падабаліся раней — зялёны, бардо, аліўкавы. Раней яе прыцягвалі больш адкрытыя, яркія колеры, зараз — больш складаныя.
— Я і сама стала крыху больш складанай асобай, таму і палітра разам з гэтым мяняецца, — адзначае Ганна. — Аднак, калі гаварыць аб перавагах — то люблю яркія колеры.

Творчае крэда маладой мастачкі — “марыць і дзейнічаць”, а мастацтва для яе — гэта магчымасць самавыражэння, спосаб перадачы пэўных ведаў праз пакаленні, а таксама — гісторыя і спадчына.
Кожны з трох аўтараў, прадстаўленых на выставе “Дынастыя ў трох пакаленнях” — непаўторны і арыгінальны. І ўпэўніцца ў гэтым лепш за ўсё на свае вочы, наведаўшы мастацкую галерэю “МАРА”.
Экспазіцыя будзе дзейнічаць да 8 лістапада. Не прапусціце!



