“Я ні хвіліны не сумняюся ў мудрасці і празорлівасці беларускага народа, прадстаўнікамі якого вы з’яўляецеся. Упэўнены, вы правільна разберацеся ў сітуацыі, якая склалася, і дапаможаце гэта зрабіць тым, хто вас паслаў на гэты сход.Наперадзе ў нас нямала спраў, шмат цяжкасцей. Але я веру, што нішто не здольна ўнесці расколу паміж Прэзідэнтам і народам, які яго выбраў”.З даклада Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі “Толькі народ мае права вырашаць свой лёс” на I Усебеларускім народным сходзе, 19 кастрычніка 1996 года.
Згаджаюся з дэлегатам I Усебеларускага народнага сходу несвіжанкай Лінай Георгіеўнай Баранцэвіч (“НН” за 5 верасня), што нельга забываць, трэба ўзгадваць, як цяжка мы жылі ў пачатку 1990-х гадоў, пасля распаду СССР, каб правільна, справядліва, заслужана ацэньваць тое, што маем зараз. І для маладых людзей гэта з’яўляецца павучальнымі старонкамі гісторыі — у лёсе нашай дзяржавы, у лёсе дзядоў і бацькоў.
Каб усвядоміць глыбіню палітычнага і эканамічнага крызісу Беларусі ў той час, звяртаемся да рэспубліканскай прэсы мінулых гадоў і іншых крыніц. Страшныя, бязлітасныя да чалавека былі тыя часы.
Мовай лічбаў
Безнадзейна выглядала эканоміка Беларусі. Валавы ўнутраны прадукт у 1992 годзе зменшыўся ў параўнанні з 1991-м на 9,6%, у 1993-м — на 7,6% у параўнанні з папярэднім, у 1994-м — на 11,7% у параўнанні з 93-м. Прамысловая вытворчасць у 1992 годзе знізілася на 9,2%, у наступным — на 9,4%, яшчэ ў наступным — на 14,6%. Аб’ём інвестыцый у асноўны капітал па́ даў у тыя гады адпаведна на 29%, на 15% і на 11%. Раслі толькі спажывецкія цэны. 1992 год — у 10,7 раза, 1993 — у 12,9 раза, 1994 — у 23,2 раза. Інфляцыя склала 1290%. Дарэчы, у сёлетнім ліпені яна была каля 5%.
У 1992 — 1994 гадах, пры праўленні Вярхоўнага Савета, які фактычна трапіў пад кантроль нацыяналістаў, у Беларусі налічвалася 1986 стратных прадпрыемстваў — 24% ад агульнай колькасці. Ішло масавае скарачэнне работнікаў. Рэальныя даходы насельніцтва толькі за першы квартал 1994-га ўпалі на 33%. У 1995-м значна скараціўся выпуск грузавых аўтамабіляў, трактароў, тавараў народнага спажывання. 80% прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці былі блізкія да банкруцтва. Склады затавараныя. Напрыклад, стаяў “Гомсельмаш”. Тэхніка каштавала дорага, і ў беларускіх аграрыяў не было сродкаў купіць яе. Усё гэта — з-за дарагіх энерганосьбітаў, завозімай сыравіны і матэрыялаў. Як гаварылі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, “міна пад калгас падкладзена цэнавай палітыкай, і гадзіннікавы механізм яе ўжо ўключаны”.
У той жа час… Напярэдадні візіту ў Беларусь прэзідэнта ЗША Клінтана ў 1994 годзе Штаты прадалі нашай краіне 58 тысяч тон пшаніцы за 7800 тысяч долараў. За тону амерыканскай пшаніцы аддалі 134 долары 50 цэнтаў. Гэты кошт у некалькі разоў перавышаў той, які плацілі дома беларускім вытворцам збожжа.
Малады Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павёў дзяржаву нацыянальным шляхам. Адраджэнне прамысловасці, ды і ўсёй эканомікі, перавёў на ручное кіраванне. Асабіста ўнікаў у праблемы, сустракаўся з працоўнымі калектывамі.
…Сёння тыя намаганні яскрава бачны ўсім. У студзені — жніўні 2026 г. валавы ўнутраны прадукт краіны вырас на 1,9%. Сярэдняя зарплата ў жніўні склала 3135 рублёў, а ў Мінску — больш за 4100 рублёў. Беларусь пастаўляе на экспарт, на рынкі 149 дзяржаў, 52% сваёй прадукцыі.
Пра планы Захаду
Пасля распаду СССР большасць краін — былых савецкіх рэспублік — пайшла па двух шляхах. Адны інтэграваліся ў ЕС — гэта Літва, Латвія, Эстонія. Другія арыентаваліся на ЗША, чые “дэмакратыя” і ліберальныя каштоўнасці ўзводзіліся ў абсалют.
— Упасці ў абдымкі Амерыкі было ўгатавана і нам, — узгадвае Дзяніс Дук, рэктар Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. — Успамінаецца візіт Біла Клінтана ў Беларусь. Тады гаварылі і пра дамоўленасці, якія мы павінны былі рэалізаваць. У прыватнасці, абавязацельства па вывадзе ядзернай зброі з тэрыторыі краіны. За чым ішло запэўніванне, што ніякія санкцыі нашу краіну не крануць.
Рыхтуючыся да сустрэчы Клінтана, беларускія газеты рэкламавалі амерыканскія “Крайслеры” за 24 тысячы долараў ЗША. І гэта ў той час, калі большасць насельніцтва атрымлівала штомесяц зарплату ў 20 долараў. Гэта была проста насмешка над рабочым чалавекам.
Пазней толькі што абраны Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка наведваў завод “Гарызонт”. І рабочыя прасілі яго аб зарплаце: “Ну хаця б 30 долараў, каб хоць як-небудзь працягнуць, хлеба купіць…”. “У нас за адны суткі ў 18 разоў падаражэў хлеб”, — канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Ідучы ў пачатку 90-х у абдымкі Штатаў, мы павінны былі выконваць усе патрабаванні Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка і іншых структур Захаду. Згодна з планамі апошняга, на чале нашай дзяржавы павінен стаць праваднік знешне навязанай нам ідэалогіі, адэпт рынкавых адносін. Пра рынак тады гаварылі прыгожа: “Насельніцтва будзе жыць у ліберальнай краіне, калі ўсе эканамічныя пытанні адрэгулюе рынак”. На гэты “пернік” многія купіліся, не думаючы, якія сацыяльныя ўзрушэнні могуць ускалыхнуць грамадства. “Калі на вуліцу маглі быць выкінуты тысячы і тысячы рабочых прадпрыемстваў краіны. У выніку яна страціла б брэндавыя прадпрыемствы — тыя ж МАЗ, БЕЛАЗ… Іх проста не стала б. Як гэта адбылося з тымі ж латвійскімі РАФ, “ВЭФ”. Акрамя таго, спыненне (а потым і ліквідацыя) горадаўтвараючых прадпрыемстваў прывяло б да таго, што тэрыторыі недаатрымлівалі б падаткі, інфраструктура ўсё больш і больш стала б прыходзіць у заняпад”, — чытаем далей разважанні эксперта.
І Беларусь, і Расія стаялі на пазіцыі захавання міру, спадзяваліся на чэснасць заходніх партнёраў. Апошнія абяцалі, што не будзе ніякага расшырэння НАТА, што Еўропа і Беларусь пойдуць па шляху свабоднага і мірнага супрацоўніцтва. Што выйшла на самай справе, мы добра ведаем. І НАТА расшырылася, і Беларусь разглядалася як бліжняя калонія Заходняй Еўропы. Нашы рэсурсы яны ацэньвалі, як і рэсурсы краін Азіі і Афрыкі. Наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка зразумеў гэта падчас візіту ў Францыю, калі Беларусі паставілі жорсткія ўмовы. Яна павінна жыць у рамках, якія ўстановіць МВФ, мы павінны адмовіцца ад супрацоўніцтва з Кітаем. Але ж Беларусь — суверэнная дзяржава. Яна арыентуецца на шматвектарнасць супрацоўніцтва з усімі, хто прытрымліваецца парытэту, узаемапавагі, узаемнай выгады. Палітыка нашай дзяржавы будуецца з мэтай стварэння дабрабыту беларускага народа. А эгаістычны дыктат Захаду для нас проста непрыймальны.
Да 1994 года пад куратарствам амерыканцаў беларускія “свядомыя” ва ўгоду Захаду многае перапісалі ў гісторыі і паспелі вывучыць частку дзяцей у рэчышчы сваіх нацыяналістычных светапоглядаў. У ТЭМУ
Вось як апісвае справы ў рэспубліцы канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў у сваёй кнізе “Так было. + Личное” вядомы вучоны-эканаміст, член-карэспандэнт НАН Рэспублікі Беларусь, доктар эканамічных навук, прафесар, дзяржаўны і грамадскі дзеяч Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч:
“В экономике дела шли очень плохо. Останавливались предприятия, союзные органы помогали республике слабо. Были проблемы с энергоносителями, товарами повседневного спроса. Вузы и школы испытывали проблемы с финансированием. В равной степени это касалось здравоохранения, науки, культуры. А Москва требовала соблюдать графики поставки в союзный фонд мяса и молока, перечислений в союзный бюджет денежных средств, собираемость которых резко упала. Было плохо. Я неоднократно выезжал к Председателю Госплана СССР Ю.Д. Маслюкову. По многим вопросам находил у него поддержку. В первую очередь по снижению объемов поставок продовольствия в союзный фонд. Была частичная поддержка по капитальным вложениям на строительство жилья, хотя строительный комплекс практически остановился. Правдами и неправдами мы оставляли в распоряжении республики часть выпускаемых тракторов, автомобилей, чем поддерживали сельчан. Но дефицит был во всем, ситуация еще ухудшилась позднее, после развала СССР…
В октябре 1995 года Президент Республики А.Г. Лукашенко проводил совещание по экономическим вопросам. Тема не носила стратегического характера, но была достаточно чувствительной: промышленные предприятия работали далеко не все, а те, которые оставались “на плаву”, свои производственные мощности использовали не более чем наполовину от проектных возможностей. Аналогичное положение сложилось на селе, где на животноводческих комплексах вырезалось поголовье из-за нехватки кормов, отмечался высокий уровень падежа скота и другие пооблемы”.
Калі ж на першым рэспубліканскім рэферэндуме ў маі 1995 года большасць беларусаў прагаласавала за змену дзяржаўнай сімволікі, за наданне рускай мове статусу дзяржаўнай нараўне з беларускай, за эканамічную інтэграцыю з Расіяй, іх рэакцыя і рэакцыя Захаду была негатыўнай. Дзяржаўны дэпартамент ЗША не прызнаў рашэнняў беларускага народа. Праігнараваў думку большасці. Хіба ж гэта нармальна, дэмакратычна? Вось тады, па сутнасці, і былі скінуты іх маскі. Драпежнік паказаў сваё нутро, свой небяспечны выскал. Беларусы зразумелі: заходнія партнёры вялі нас на шлях радыкальнага нацыяналізму, яны даўно марылі зрабіць з Беларусі анты-Расію.
Нас хацелі паставіць на тыя ж рэйкі, на якія паставілі Украіну. Што сталася з Украінай, мы зараз бачым.
Палітычныя інстытуты заходніх краін практыкавалі фарміраванне мадэлей дэмакратыі для меней развітых рэгіёнаў. Ставілі, так сказаць, доследы над імі. У тым ліку і над Беларуссю. Толькі мы ім не паддаліся.
Успомнім словы Прэзідэнта
— Мы стаім над безданню сістэмнага крызісу дзяржавы. Нават пасля Вялікай Айчыннай вайны такога не было. Агульны спад вытворчасці склаў 40%. Сельская гаспадарка адкінута на 20 гадоў назад. Інфляцыя ў 1993 годзе склала 1700% і ўзрастае на 50% штомесячна. Спынена вытворчасць на многіх прадпрыемствах, расце беспрацоўе. Зніжаецца матывацыя да прадуктыўнай працы. Працвітаюць спекуляцыя, насілле, размываюцца маральныя асновы грамадства, чэснасць і прыстойнасць робяцца катэгорыямі трэцяга гатунку. Злачыннасць замахнулася не толькі на бяспеку грамадзян, але і на саму дзяржаву. Карупцыя паралізавала работу ўлады. Па жывому разрэзаны традыцыйныя сувязі брацкіх народаў.
З перадвыбарчай праграмы. 1994 год.
— Людзі Беларусі! Я не абяцаю вам малочных рэк і кісельных берагоў. Не хачу лгаць. Нам усім давядзецца расплачвацца за тое, што мы так доўга цярпелі нежыццяздольную палітыку ўрада, які даўно абанкруціўся. Прадстаіць вялікая і цяжкая работа, якую ніхто, акрамя нас саміх, не зробіць. Адвесці дзяржаву і народ ад бездані — вось першасная задача Прэзідэнта. Я веру ў мудрасць і працавітасць беларускага народа. Упэўнены, што рашэнне гэтай задачы нам па плячы.
З перадвыбарчай праграмы. 1994 год.
— Становішча засмучальнае. Аднак гэта тая рэальная кропка адліку, з якой мы павінны пачаць новы этап нашай гісторыі. Па ключавых пытаннях я выказаў сваю пазіцыю, можа, жорстка, але без навядзення дысцыпліны і павышэння адказнасці нам проста не абысціся. Для стабілізацыі становішча і выхаду з крызісу патрэбны цвёрдая палітычная воля і праграма надзвычайных мер, распрацоўка якой пачалася.
З выступлення на сесіі Вярхоўнага Савета 21 ліпеня 1994 года.
— Мне не было і сарака гадоў… І галоўнае, што мне давялося рашаць, — гэта трэба было адвесці вось гэты асколак Савецкага Саюза, вельмі тэхналагічны, вельмі развіты, з магутнай эканомікай, з монстрамі фінішнай вытворчасці — МАЗам, БЕЛАЗам, МТЗ, дрэваапрацоўкай і гэтак далей. Усё спынена было, паліцы пустыя ў магазінах, людзі — на плошчах. Іх ужо разагрэлі нашы нацыяналісты ў той час, пад пэўнымі лозунгамі…
З інтэрв’ю ІТАР-ТАСС.
Жнівень 2009 года.
— Галоўнае багацце Беларусі — наш народ. Важнейшая задача ўсіх прадстаўнікоў улады, у тым ліку і Прэзідэнта, — забяспечыць яму дастойнае жыццё. Пакінем ззаду палітычныя амбіцыі і канфрантацыю. Бо ў нас ва ўсіх, такіх розных, адна зямля, адна Радзіма, ёсць для чаго і для каго жыць і працаваць.
З уступнай прамовы на цырымоніі інаўгурацыі. 20 ліпеня 1994 года.
Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



