Мы памятаем з дзяцінства словы цудоўнага твора: “Нам песня строить и жить помогает.”
Аўтар радкоў — Васіль Лебедзеў-Кумач, кампазітар Ісак Дунаеўскі. Колькі гадоў прайшло, а песня з намі не развітваецца, гучыць на розных сцэнах, у гарадах і вёсках. І людзі рады слухаць песнi. Вясёлыя і ўрачыстыя, сумныя адгукаюцца дружнымі апладысментамі. У чым я пераканалася, выязджаючы з хорам “Аптымісты” ў розныя населеныя пункты нашага раёна. Асабліва мы рады, калі наведваемся да пажылых мужчын і жанчын, якія знаходзяцца ў аддзяленні кругласутачнага пражывання ў вёсцы Лявонавічы. Падымаемся на другі паверх і бачым, што слухачы ўжо сабраліся і чакаюць нас. Нам прыемна. Стараемся іх “завесці”, развесяліць, просім падпяваць. І ведаеце, зваротная сувязь ёсць. А творы нашы ўсім вядомыя: “Аб добрым настроі”, “Малінаўка”, “Ехаў Ясь на кані”, іншыя бадзёрыя песні. Бачым, як спяваюць разам з намі, адчуваем, што недарэмна прыехалі, значыць, людзям трэба стварыць добры настрой, зрабіць так, каб не было сумна, а яны ўспомнілі свае маладыя гады. Ну якім слухачам залатога ўзросту невядомая “На пабыўку едзе малады марак…”? Думаю, памятаюць усе, і з задавальненнем слухаюць. А мы, як валанцёры, заўсёды прывозім ім салодкія пачастункі.

У аграгарадку Салтанаўшчына нас таксама чакалі, і мы пастараліся сваю праграму выканаць дастойна, а слухачы не заставаліся раўнадушнымі. Спявалі разам з намі “Каліну”, прыпеўкі дапамагалі спяваць, “Вальс развітання”. А самым для нас прыемным было тое, што ў зале сядзелі дзеці і яны спрабавалі падпяваць. На развітанне загадчыца сельскага клуба-бібліятэкі Ніна Елісеева падзякавала артыстам за канцэрт ад імя слухачоў і ўручыла кіраўніку хора Ірыне Латушка прыгожы букет.
Пры раённым Цэнтры культуры дзейнічае аддзел нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва, задачай якога з’яўляецца выезд у аддаленыя вёскі раёна. Такія паездкі наладжваюцца ў рамках аўтаклуба. А нядаўна на чале з дырэктарам РЦК Ганнай Віннічак выехалі ў Друцкаўшчызну. Там ёсць прыгожы вялікі будынак клуба, у ім і бібліятэка. Спачатку гледачоў было мала і мы ўжо хваляваліся, а потым яны прыйшлі — нават юныя школьнікі. І мы з энтузіязмам пачалі канцэрт, у якім прагучалі папулярныя песні розных гадоў, вакальная мужчынская група выканала песні “Вечарком за акном”, “Першай справай самалёты”. Іх вакальнае майстэрства гледачы ацанілі бурнымі апладысментамі. І ўвогуле, наш рэпертуар выклікаў добрыя і дружныя эмоцыі, за што мы, вядома, засталіся ўдзячнымі. І ў далейшым “Аптымісты” з нецярпеннем чакаюць сустрэч са сваімі слухачамі.
Раіса ХВІР, г. Нясвіж, удзельніца хору.








