Меню

Агульны працоўны стаж — амаль тры стагоддзі

Пост опубликован: 14.11.2026

Вы калі-небудзь задумваліся над пытаннем: чаму так важна любіць сваю прафесію? Здавалася б, адказ ляжыць на паверхні — так лягчэй і прасцей працаваць. Але я прапаную паглядзець на гэтае пытанне з другога боку: толькі любімая справа дапамагае чалавеку раскрыцца, дае сілы і энергію на няпростым шляху да новых здзяйсненняў. Часам, любоў да пэўнага роду дзейнасці “заражае” і іншых членаў сям’і — так з’яўляюцца дынастыі.

Сёння нашы героі — прадстаўнікі сям’і Заяц. Іх працоўная дынастыя распаўсюджваецца на тры пакаленні, а агульны стаж працы складае амаль 300 гадоў. Цяжка сабе ўявіць, наколькі людзі любяць сваю работу, гараць ёю, калі здольныя зацікавіць тым, што робяць самі, і сваіх дзяцей.

Агульны працоўны стаж — амаль тры стагоддзі

Прадстаўнікі працоўнай дынастыі Заяц са старшынёй праўлення
СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалаем Радаманам, 2023 год

Гісторыя працоўнай дынастыі Заяц неадрыўна звязана са станаўленнем СВК “Агракамбінат Сноў”. Працаўнікі гэтай сям’і ўдзельнічалі ва ўсіх этапах развіцця гаспадаркі, сваёй адданасцю і любоўю да роднай зямлі назаўжды ўпісаўшы сваё прозвішча ў гісторыю Нясвіжскага раёна.

Фёдар Васільевіч Заяц — той чалавек, які паклаў пачатак слаўнай працоўнай гісторыі сям’і. Яго прафесійны шлях пачаўся ў далёкім 1961 годзе, калі ён прыйшоў у гаспадарку працаваць паляводам. Праз некалькі гадоў перайшоў у жывёлагадоўлю. Яго працоўны стаж складае 34 гады. І ўвесь гэты час ён быў адказным, прыстойным і добрасумленным працаўніком, заўсёды быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва. Яго жонка, Вера Іванаўна, таксама працавала ў жывёлагадоўчай галіне, была свінаркай, за добрасумленную і адданую працу на карысць дзяржавы была ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”. Сямейная пара выхавала трох дастойных сыноў, якія, у сваю чаргу, працягнулі дынастыю.

Нішто не вечна, і кожны чалавек на зямлі — толькі госць. Фёдара Васільевіча няма сярод нас больш за дваццаць гадоў, але справа яго працягвае жыць, захапляючы сельскагаспадарчай працай новыя пакаленні. А інакш і быць не можа, бо добрая справа падобна збожжу, якое патрапіла ва ўрадлівую глебу, — яно абавязкова дасць новыя ўсходы.

Так, Фёдар Васільевіч сапраўды пачаў працоўную дынастыю Заяц, але вельмі важна звярнуцца і да першакрыніц — яго бацькоў. Васіль Іосіфавіч і Таццяна Міхайлаўна таксама працавалі ў калгасе, былі паляводамі. І іх прафесійная дзейнасць прыпала якраз на самы няпросты перыяд станаўлення калгасаў. Сучаснаму чалавеку складана ўявіць, з якімі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца ў той час, пачынаючы ад элементарнага недахопу тэхнічных сродкаў і заканчваючы неабходнасцю пераканаць сельскіх жыхароў у мэтазгоднасці вядзення калектыўнай гаспадаркі. Але родная зямля давала ім сілы, падтрымлівала энтузіязм і шчодра ўзнагароджвала багатым ураджаем. Любоў да сваёй працы і добрасумленнасць далі свае вынікі: іх унукі і праўнукі таксама абралі працу на роднай зямлі і вернасць сваім спрадвечным мясцінам.

Трое сыноў Фёдара Васільевіча — Валянцін, Аляксандр і Сяргей — працягнулі справу, распачатую бацькам і дзедам. Усе яны звязалі свой лёс з СВК “Агракамбінат Сноў”, працавалі механізатарамі. Аляксей, Дзмітрый і Аляксандр — унукі Фёдара Васільевіча — таксама працуюць механізатарамі ў СВК “Агракамбінат Сноў”, унучка Аксана — у сферы жывёлагадоўлі, Ганна і Наталля пайшлі па эканамічным шляху, але таксама прыносяць карысць роднай гаспадарцы.

Цяпер ужо нельга даведацца, ці марыў малады палявод Фёдар Заяц аб тым, што яго справу прадоўжаць дзеці і ўнукі, што іх сям’я ператворыцца ў сапраўдную аграрную дынастыю. Але можна смела казаць аб тым, што кожнае пакаленне гэтага роду дастойна выхавала сваіх дзяцей, перадало ім простыя і ў той жа час вельмі важныя чалавечыя каштоўнасці і асабістым прыкладам паказала вялікае значэнне сялянскай працы.

— Безумоўна, хочацца верыць у тое, што наша дынастыя працягнецца, — гаворыць Наталля Радаман, адна з унучак Фёдара Васільевіча, — дзеці падрастуць і таксама застануцца тут, на роднай зямлі, прадоўжаць сямейную справу, распачатую шмат дзесяцігоддзяў таму. Таксама будуць араць зямлю, вырошчваць хлеб і атрымліваць асалоду ад сваёй працы.

Ірына ЕФІШОВА.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!
Яндекс.Метрика