“Чужое зямлі нам не трэба.
Пачуцці ў нас сёння адны:
Мы хочам, каб мірнае неба
Не знала пажару вайны”.
Алесь БАЧЫЛА

Падчас свята, у Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, шмат цёплых, добрых слоў і ўдзячнасці выказваецца людзям, якія прысвяцілі сябе працы ў гэтай галіне народнай гаспадаркі. Іх шмат, добрасумленных і працавітых, творчых і крэатыўных, маладых і вопытных.
І яшчэ мы кланяемся зямлі, якой дзякуем, якою захапляемся. Мы яе любім і беражом. Прысвячаем ёй вершы і складаем песні. Зямля-матухна, зямля-карміцелька. Прадмет бязмежнай чалавечай прыхільнасці, лепшая мелодыя душэўных струнаў.
Як хораша пра яе кажуць людзі паэтычнай натуры, з тонкай арганізацыяй свайго “я”! Самыя лепшыя пачуцці, самыя яскравыя вобразы ў іх нараджаюцца пра родную зямлю і ідуць ад зямлі. “Жытнёвае поле, лясы і азёры, крынічанька ў лузе і ў небе жаўрук…”. “Сакавітыя пожні мурожныя не заменіш нічым і нідзе…”. “Пах палыну і вясеннія ліўні…”. “Залацістыя прасторы.., рэкі ціхія, азёры, галасісты, шумны бор…”. “Святая васільковая краіна…”. “Ты песняю буслінаю — быліна: любоў, надзея, вера і вясна!..”. “Салодкасць хлебнага акрайца і непаўторны яго смак…”. “Спявае свята Беларусі, няма другога багацей: хлеб-соль заўсёды на абрусе здабыткам сонца і людзей”. Усё гэта — пра яе, нашу родную, беларускую зямельку.

У ёй — нашы карані, нашы сіла і праўда, магілы нашых продкаў, код нашага этнасу. Зямля нас корміць і поіць. Натхняе на подзвігі — працоўныя і ратныя. Нельга без шчымлівасці ў сэрцы глядзець на фотаздымак 1943 года, на якім савецкі салдат, ступіўшы з вызваленчай місіяй на тэрыторыю Беларусі, укленчыў і цалуе зямлю: “Добры дзень, беларуская зямля”. Сёння немагчыма без хвалявання бачыць шчаслівы твар хлебароба з узнятым угару важкім залатым снапом збажыны ці з духмяным караваем у руках, на беларускім ручніку — ільняное палотнішча, нацыянальны арнамент. Гэта ўсё — мы. І наша зямля.
У святочным перапляценні думак і слоў не буду ўдавацца ў афіцыёз. Аб тым, як беларусы на чале са сваім Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам адстойвалі падчас другога рэспубліканскага рэферэндуму ў 1996 годзе права беларускай зямлі заставацца дзяржаўнай уласнасцю, раскажам у адным з іншых нумароў газеты. Дзяржаўная ўласнасць на недры і прыродныя рэсурсы плюс развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, новыя тэхналогіі, моцная сацыяльная палітыка… Усё гэта — Беларусь. Сёння скажу толькі адно: правільна, мудра зрабілі тады беларусы. Таму што ёсць магчымасць агульнымі сіламі і сродкамі даваць зямлі тое, што ёй патрабуецца, а пасля мець высокую аддачу. Пацвярджэннем таму — і вынікі сёлетняга сельскагаспадарчага года. Возьмем хаця б намалот збожжа, рапсу і кукурузы. Наш раён увайшоў у лік тых, дзе паказчык — больш за 250 тысяч тон. Мінская вобласць перавысіла 3-мільённы “вал”. А рэспубліка сабрала больш запланаваных 11 мільёнаў тон.

Дзякуй табе, зямля!
Трэба памятаць коласаўскія радкі з вядомай паэмы:
“Зямля не зменіць і не здрадзіць, Зямля паможа і дарадзіць, Зямля дасць волі, дасць і сілы, Зямля паслужыць да магілы…”.
Зямля — не здрадзіць. Толькі нам бы — не здрадзіць ёй.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.








