Сёння, 18 лістапада, ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа, ганаровы грамадзянін штата Гаяс Бразіліі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь Леанід Фёдаравіч Крупец адзначае свой 70-гадовы юбілей.
Яго жыццё багатае не толькі на гады, а і на падзеі, на людзей, з якімі разам вырашалі шматлікія задачы, на сяброў, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць у любы час.
Леанід Крупец узначальваў Нясвіжскі раён, працаваў першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама, памочнікам Прэзідэнта — галоўным інспектарам па Віцебскай вобласці, старшынёй Мінскага аблвыканкама, намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а з 2011 па 2016 гг. — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Рэспубліцы Бразілія.
Цяпер вядзе актыўную грамадскую дзейнасць. Сустракаецца з былымі калегамі, з рабочай моладдзю, студэнтамі і школьнікамі. Яму ёсць пра што расказаць, даць пэўныя парады, слушнасць якіх падмацавана прыкладамі з уласнага жыцця.
Ён вырас у шматдзетнай сялянскай сям’і. Дзяўчынку і шэсць хлапчукоў гадавалі Ядзвіга Іосіфаўна і Фёдар Міхайлавіч Крупец з аддаленай нясвіжскай вёскі Макашы. Выхоўвалі дзяцей у строгасці, у павазе да людзей, прывучалі да зямлі, да працы на ёй.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны прайшло тады яшчэ зусім нямнога часу. Жыццё заставалася цяжкім.
— Мы рады былі таму, што ёсць кавалачак хлеба, — апавядае Леанід Фёдаравіч Крупец. — Я памятаю, як хадзілі па яго ў Баранавічы. Або як пяклі хлеб у вясковай печы, на лістах аеру. Бацькі трымалі дзве каровы, якія нас кармілі. Мяса было толькі на свята — вепрука калолі на Каляды і Вялікдзень. Наш дом стаіць на беразе рэчкі — трымалі шмат птушкі. Даглядалі агарод. Вось гэта і было галоўнымі прадуктамі на сялянскім стале.
Макашы — вёска немалая, у той час у ёй налічвалася 120 двароў. Працавалі дзве пачатковыя школы. Дзеці Крупцоў хадзілі ў розныя змены, і тыя, хто вяртаўся з урокаў, здымалі чаравікі ці боты і аддавалі братам — ужо ім ісці на заняткі. Такімі былі рэаліі жыцця.
У вёсцы работы заўсёды шмат, у вялікай сям’і — асабліва. Акрамя клопатаў па хаце, па гаспадарцы, бацькоў чакалі абавязкі ў калгасе. Фёдар Міхайлавіч быў брыгадзірам паляводчай брыгады, доўгі час працаваў на млыне. Ядзвіга Іосіфаўна “прападала” на калгасных “дзялках”. Дзеці дружна дапамагалі ёй, кожны меў свае абавязкі. На праполцы буракоў адводзіла кожнаму свайму памочніку столькі радоў, колькі адпавядала класу яго навучання: у трэцім класе — тры радкі, у чацвёртым — чатыры… Восенню, калі ўбіралі буракі, дзеці спяшаліся ў поле пасля ўрокаў. Рвалі, чысцілі карэнне. І рвалі столькі, каб назаўтра напаўдня хапала.
Іх вучылі любіць працу. І мама з татам былі самым яскравым прыкладам для дзяцей.
Вялікая павага да іх, нястомных працаўнікоў, да бацькі — удзельніка Вялікай Айчынная вайны, да маці — захавальніцы хатняга ачагу, лепшых дарадцаў, і сёння жыве ў сэрцы сына.
“Я люблю зямлю, мне падабалася ў вёсцы”, — гаворыць Леанід Фёдаравіч. Таму ён і пайшоў вучыцца на агранамічнае аддзяленне Смілавіцкага сельгастэхнікума, які скончыў на “выдатна”, і працаваў брыгадзірам паляводчай брагады ў сваім калгасе. Таму і атрымаў прафесію вучонага агранома (адначасова — перакладчыка з іспанскай мовы) у Маскоўскім універсітэце Дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы. Працаваў у Беларускім НДІ аховы раслін, аграномам-тэхнолагам Гарадзейскага цукровага камбіната. А калі ў 1990-м яго, пасля работы ў райкаме партыі, прызначылі намеснікам старшыні Нясвіжскага райвыканкама — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, адказваў за ўвесь аграпрамысловы комплекс раёна.
Пасля распаду СССР адданасць роднай зямлі патрабавала асаблівых намаганняў, каб яе выратаваць. Становішча ў АПК было цяжкім. Тэхніка зношаная, глеба чакала сілкавання ўгнаеннямі, а купіць іх гаспадаркам не было за што. Знізілася пагалоўе жывёлы, яе прадуктыўнасць. Леанід Крупец, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў бачылі шляхі, якімі трэба выходзіць з таго эканамічнага стану, што склаўся. Укаранялі інтэнсіўныя тэхналогіі, павышалі якасць прадукцыі, мянялі формы гаспадарання, павышалі адказнасць за вынікі працы, стваралі зацікаўленасць кожнага работніка ў высокіх паказчыках. Рыхтавалі кіраўнікоў новай фармацыі.
Вытрымалі. Пераадолелі цяжкасці. На новую ступень узнялі прэстыж раёна. У 1999-м Леаніда Крупца прызналі Чалавекам года Міншчыны. У 2000-м наш раён выйшаў у лік пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на жніве.
Добра ішлі справы і ў вобласці. Шмат будавалі, вырашалі мноства сацыяльных пытанняў.
І той адрэзак часу з барацьбой на выжыванне, перамога ў бескампраміснай барацьбе — немалаважны ўнёсак у сённяшнія дасягненні Нясвіжчыны і сталічнага рэгіёну ў цэлым.
Цяпер, на пенсіі, Леанід Фёдаравіч з жонкай Ліліяй Вацлаваўнай вядуць хатнюю гаспадарку, наколькі дазваляе прысядзібны ўчастак у Нясвіжы. Ён таксама з задавальненнем наведвае бацькоўскую хату ў Макашах. Працуе на зямлі. Там шмат кветак, розных кустоў — усё гэта любіць, рассаджвае, дзеліцца з іншымі аматарамі. Іх дом стаіць на беразе ракі Ушы, у засені дрэў. Там вельмі прыгожа.
— І якое шчасце, што ёсць такія куточкі, дзе ты нарадзіўся, бегаў басанож, дзе вырас. Там — такая магутная энергетычная падпітка… Зразумела, вёска стала іншай. Вяртання да яе ранейшай ужо не будзе. Але тое, што ёсць, трэба захаваць. Захаваць яе быт, каб дзецям, унукам, праўнукам паказваць, як было раней, як людзі жылі, працавалі, якія цяжкасці пераносілі, — лічыць Леанід Фёдаравіч.
Настальгія па родным куточку асабліва востра адчувалася падчас жыцця на працягу шасці гадоў у Бразіліі:
— Неяк мы былі ў адным са штатаў гэтай краіны, дзе жыве шмат выхадцаў з Польшчы. І я ўбачыў там канюшыну і дзьмухаўцы. Гэта неапісальнае пачуццё, калі ты бачыш нешта роднае. Чым наталялі настальгію па Радзіме? Наведвалі бібліятэку ў расійскім пасольстве. Разам адзначалі святы, дні нараджэння, спявалі рускія і беларускія песні, лірычныя і патрыятычныя.
Каб пра яго любімую Беларусь у іншых краінах ведалі болей, Леанід Крупец зрабіў вельмі шмат — і на пасадах кіраўніка Нясвіжскага раёна і Мінскай вобласці, і з’яўляючыся паслом. Пасля распаду Савецкага Саюза і адкрыцця “акна ў Еўропу” трэба было заяўляць пра маладую беларускую дзяржаву, шукаць новыя шляхі супрацоўніцтва. Дамоўленасці аб ім у Нясвіжа былі падпісаны тады з нямецкім Лайхінгенам, польскім Злотувам і расійскім Рэутавам:
— Мы ў гэтым супрацоўніцтве шукалі шляхі развіцця, і не толькі эканамічныя, але і духоўныя. Гэта — пазнанне свету.
Леанід Фёдаравіч упэўнены: важна ведаць мову той краіны, з якой маеш стасункі. Так, у Злотуве ён браў удзел у міжнародным форуме па ахове навакольнага асяроддзя. Прадстаўнікі Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі выступалі з перакладчыкамі, але так сталася, што ў Леаніда Крупца перакладчыка не было. І ён выступіў на польскай мове. Прысутныя ў зале ўсталі і авацыямі аддзячылі беларускага дакладчыка. Працуючы ў Бразіліі, вывучыў іх партугальскую мову, дзякуючы чаму меў добрыя стасункі з прэзідэнтам краіны, з сенатарамі, з кіраўнікамі штатаў.
Мінская вобласць ужо раней супрацоўнічала з бразільскім штатам Гаяс, дамоўленасць аб гэтым якраз і падпісваў старшыня Мінаблвыканкама Леанід Крупец. Зразумела, дружба падчас яго працы паслом умацоўвалася. Вырашаліся пытанні эканамічнага і сацыяльнага накірункаў, сувязей паміж галіновымі міністэрствамі, навуковымі ўстановамі. Ён часта выступаў перад студэнцкай моладдзю ўніверсітэтаў Бразіліі, расказваў пра гісторыю сваёй краіны, эканамічны патэнцыял, яе людзей. Пераконваўся, як мала там ведаюць пра нас, Беларусь атаясамліваюць з Расіяй, а ўсе выхадцы з былога Савецкага Саюза для іх — рускія. І гэты стэрэатып трэба было пакрысе ламаць.
За сваю працу Леанід Крупец атрымаў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, Ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Ён заўсёды імкнуўся падтрымаць царкву, развіццё і ўмацаванне міжканфесійных адносін. За што быў узнагароджаны ордэнам Беларускай праваслаўнай царквы Крыжа Прападобнай Еўфрасінні Полацкай, ордэнам Рускай праваслаўнай царквы Прападобнага Сергія Раданежскага ІІ ступені, памятным знакам “2000 гадоў Хрысціянству”. Леанід Фёдаравіч і ў Бразіліі ўнёс свой уклад у гэту справу, стаўшы ініцыятарам адкрыцця рускай праваслаўнай царквы ў яе сталіцы — горадзе Бразіліа.
Калі наш зямляк заканчваў сваю дыпламатычную місію, яму ўручылі Дыплом ганаровага грамадзяніна штата Гаяс.
Леанід Фёдаравіч часта падкрэслівае, як важна мець актыўную жыццёвую пазіцыю, не адседжвацца ўбаку. Ён і ў школе, і ў тэхнікуме, і ў арміі займаўся спортам, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Скажыце: калі б не быў актывістам, хіба ж зампаліт падпалкоўнік Жук прапанаваў бы некалі салдату Крупцу, які рыхтаваўся да дэмабілізацыі, паступаць у прэстыжны маскоўскі ўніверсітэт, адкуль у іх дывізію прыйшла прапанова?!
Леанід Крупец — чалавек, які дабіўся ўсяго сам. Ён удзячны людзям, што сустрэліся на яго жыццёвым шляху, дапамагалі, падказвалі, вучылі, раздзялялі яго думкі і разам ажыццяўлялі намечанае.
І на вытворчасці, і ў заканадаўчай сферы, і на дыпламатычным шляху, і цяпер, на заслужаным адпачынку, Леанід Фёдаравіч быў і застаецца верным свайму грамадзянскаму абавязку, роднай беларускай зямлі.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да сардэчных віншаванняў Леаніда Фёдаравіча з юбілеем. Жадаем міру, здароўя і доўгіх гадоў жыцця, добрых навін і яркіх падзей. Адчувайце сябе заўсёды запатрабаваным, калі Вашы вопыт і мудрасць дапамагаюць іншым знаходзіць правільныя адказы на пытанні, стаяць на верным шляху, які вядзе ў заўтрашні дзень.
Ганна МІХАЙЛАВА.








