У мінулую суботу ў замку Радзівілаў адкрыўся новы магазін пад назвай “Крэданс”, які размясціўся на месцы былога “Віннага склепа”.

Сімвалічную чырвоную стужку пераразаюць князі Радзівілы,
з ролямі якіх выдатна справіліся артысты музычнага дома “Класіка” Сяргей Тоўсцікаў і Ганна Егараева
Як патлумачыла загадчык сектара рознічнага гандлю Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Таццяна Сямак, новы аб’ект невыпадкова атрымаў такую прыгожую назву — крэдансам у Радзівілаў называлася спецыяльнае памяшканне, дзе захоўваўся посуд, сталовыя прыборы і іншыя рэчы, якія маглі спатрэбіцца для сервіроўкі княжацкага стала.
І сапраўды, калі заходзіш у гандлёвую залу, здаецца, што ты хутчэй у музеі, чым у мага-зіне, так арыгінальна і па-святочнаму прыгожа тут усё выглядае — ярка адсвечваюць шкло і фарфор, якія пастаўляюцца з Бельгіі, пабліскваюць падсвечнікі і падносы, пасярэбраныя і пазалочаныя сталовыя прыборы (у тым ліку і беларускіх вытворцаў), прыцягваюць позірк вытанчаныя статуэткі і люстэркі — усяго і не пералічыць. Толькі, у адрозненне ад музея, рэч, якую вы вельмі ўпадабалі, тут вам з задавальненнем прададуць. Можна набыць у “Крэдансе” і высакаякасныя алкагольныя напоі да святочнага стала, і фірменны шакалад “Чорная панна Нясвіжа”.
Увесь асартымент вытрыманы ў старадаўнім стылі, а дапамагаюць пакупнікам з выбарам тры прадаўцы: Святлана Ярашэвіч, Ганна Цвірко і Людміла Харкова.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.