Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

“І няма лепшых хвілін…”

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Максім Хвіцька ўжо не першы год летні адпускнік. Ды не таму, што хочацца  адпачыць у самую цёплую пару  года. Прычына ўважлівая. Больш дзесяці сезонаў запар Максім разам з бацькам-механізатарам ААТ “Сейлавічы” Вячаславам  Канстанцінавічам кожную ўборачную кампанію разам з арміяй іншых працавітых людзей  Беларусі прымаюць  галоўны дар зямлі-карміцелькі — збіраюць ураджай збожжа.



У гэтай галіне сямейны экіпаж дабіўся пэўных вышынь — некалькі разоў станавіўся пераможцам раённага спаборніцтва, браў удзел у абласным свяце хлебаробаў.

Практычна ніколі не спыняюцца з-за паломак, тэхніку загадзя стараюцца  падрыхтаваць на-дзейна, бо як да яе адносішся, так яна і працуе — лічаць Вячаслаў і Максім Хвіцькі. Былі гады, калі намалоты складалі і тры тысячы. Гэты год, праўда, слабей, але зрабілі  ўсё магчымае, прызналіся яны. Падвяло крыху надвор’е, таму і ўраджай іншы.

Сёння з усмешкай на твары Максім успамінае, як бацька ўпершыню прапанаваў паспрабаваць  свае сілы на збожжавай ніве ў якасці  памочніка камбайнера. Так склаўся гэты моцны сямейны экіпаж. А капітан міліцыі Нясвіжскага РАУС штогод змяняе свой род дзейнасці, мяняючы міліцэйскую форму  на адзенне хлебароба.

— Лічу, што такія перыядычныя змены — гэта добра, — дзеліцца Максім Вячаслававіч. І працягвае:

— Мы, супрацоўнікі міліцыі, забяспечваем парадак у  час правядзення ўборачнай  кампаніі, спыняем  факты безгаспадарчасці і крадзяжоў, арганізоў-ваем  рэйды па  сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна па захоўванні і  падрыхтоўцы тэхнікі  на мехдварах, сочым, як  выконваецца закон па  абмежаванні продажу спіртных напояў у час уборачнай, як дастаўляецца з палёў ураджай, як ён захоўваецца  і іншае.

А вось працуючы на камбайне, шырокай жняярцы якога кланяюцца  налітыя каласы, паспяваеш заўважаць усю тую прыгажосць роднага краю і яго палеткаў з бусламі. Разумееш — вось яна, рамантыка працы хлебароба. І я вельмі  ўдзячны бацьку за тое, што паўсядзённы рытм  міліцэйскіх будняў на некалькі тыдняў магу змяніць  на ўсё гэта. Нездарма і назва нашай вёскі Сейлавічы некалі пайшла ад сейбітаў, якія жылі на гэтай зямлі.

Сям’ю Максіма ведаюць  як працавітую. Бо, як кажуць, у вёсцы, дзе вырас малады  чалавек, нічога не хаваецца ад чужога вока. Прывыклі Хвіцькі працаваць, бо ўпэўнены: нічога ў жыцці проста так  не даецца. А за шчырую  працавітасць і пашана ім  — і на ўрачыстых цырымоніях ушаноўвання лепшых работнікаў аграрнай галіны, і ад самой зямелькі-маці, да якой адносяцца  яны з любоўю.

Што аб’ядноўвае гэтых двух мужчын? Не толькі адказнасць  да любой справы. У іх — агульная радзіма. Так, тая самая маленькая радзіма, дзе адзін і другі з’явіліся на свет. Праўда, успаміны з дзяцінства ў іх  розныя, а вось краявіды  за ваколіцай былі і застаюцца адны і тыя ж: лес, куды яны ходзяць па грыбы, абсягі са збожжавымі нівамі, што чакаюць  іх “карабель палёў”.

— Я заўсёды з задавальненнем вяртаюся ў бацькоўскі дом, дзе сустракае мама, дзе на любое маё запытанне дасць слушную параду бацька. На тое яны і бацькі, каб іх слухаць. Ды і агульны сямейны стаж у іх унушальны — амаль чатыры дзесяцігоддзі.

Люблю, калі атрымліваецца бываць дома ў нядзелю, калі па добрай традыцыі  мама пячэ аладкі, ставіць да іх прысмакі. Садзімся за стол разам — і, здаецца, няма лепшых хвілін, якія аб’ядноўваюць нашу сям’ю.

— Ці падарожнічала калі-небудзь ваша сям’я? — пытаюся я.

— Каб нешта расказаць такое  пра дзяцінства, дык не  памятаю, каб мы  падарожнічалі, — адказвае Максім. — Тата практычна  заўсёды быў заняты на працы. Помню, што ўсё дома было на маме. Мы з сястрой прачынаемся — тата ўжо пайшоў на работу, кладзёмся спаць увечары — яго яшчэ няма. Атрымалася так, што, маючы адукацыю агранома, ён усё жыццё працуе механізатарам. Помню яго “Кіравец”. Вялікі трактар з плугамі. Разам з бацькам — я, маленькі, ехаў у кабіне,  бо мяне не было з кім  пакінуць дома, і назіраў, як за намі роўнымі лустамі кладуцца  заараныя барозны…

— Што ўзялі ад бацькі, чаму навучыў ён за час работы на камбайне?

— Падлеткам я многаму навучыўся ў бацькі. Асабліва  правільнаму карыстанню тэхнікай. Пазней, дзякуючы яму, як вопытнаму аграрыю, я  адказваў за  наладку абсталявання камбайна, каб пазбегнуць страт  у час уборкі, засвоіў устройства больш складаных тэхналагічных вузлоў машыны. Пачыналі мы разам некалі на “Лідзе”, а сёння працуем на “Лексіёне”. Удасканаленая тэхніка, камфортная кабіна з клімат-кантролем.

Адлучацца ў гарачую ўборачную пару з поля  не трэба, бо на месцы механізатараў кормяць смачнымі  абедамі. Што і казаць, клапоцяцца пра людзей  у сельгаспрадпрыемстве.

У апошнія гады змяніўся і наш населены пункт, дзе прайшло маё дзяцінства. Вёска змяніла свой статус. Сёння Сейлавічы — аграгарадок, з заасфальтаванымі вуліцамі, дбайнымі  гаспадарамі, добрымі  суседзямі, — расказвае мой суразмоўца. Заўважаю ў час размовы, што не забывае Максім і сцежкі, якія ў дзяцінстве вялі на лепшае месца адпачынку — школьны  стадыён. Сёння малады мужчына падтрымлівае  сябе ў спартыўнай форме — займаецца барацьбой, валейболам, футболам, поўнасцю прытрымліваецца здаровага ладу  жыцця.

Дарэчы, усе дамашнія Максіма — прыхільнікі  беларускай нацыянальнай  кухні. Дранікі, калдуны, зразы з бульбы — сярод самых любімых страў.

Так проста ў мяне атрымалася размова з Максімам Вячаслава-вічам Хвіцькам, старшым участковым інспектарам міліцыі Нясвіжскага РАУС. Дарэчы, згодна з рашэннем Нясвіжскага райвыканкама, сёлета яму прысвоена званне “Лепшы па прафесіі” па выніках работы за 2017 год. Пасля такіх сустрэч становішся яшчэ больш упэўненым у тым, што Нясвіжчына можа ганарыцца  сваёй моладдзю, якая жыве з павагай да сваіх каранёў, да сваёй малой радзімы.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!