Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 9 °C

Танкіст, вадзіцель, разведчык

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Гарачае лета 1941 года. Кубань. Тут пачынаў свой баявы шлях беларус, ураджэнец Старобінскага раёна (цяпер ён у складзе Салігорскага раёна), пасля вайны — жыхар Нясвіжа Хрысанф Маркавіч Клішэвіч. Перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне ён каваў на поўдні нашай тады агульнай краіны — Савецкага Саюза, у Краснадарскім краі.

Пра яго нам расказала дачка Людміла:



— Службу ў Чырвонай Арміі бацька пачаў да вайны, у Ерэване. Калі вораг напаў на нашу краіну, іх часць перадыслацыравалі на поўдзень РСФСР. Ваяваў ён у складзе асобнай гвардзейскай 63-й танкавай брыгады, быў механікам-ва-дзіцелем танка Т-34, камандзірам аддзялення. У адным з баёў танк падбілі. Бацька перасеў на машыну. Потым расказваў нам, як ён у вайну стаў  шафёрам: “Калі камандзір перад строем спытаў салдат, хто ўмее вадзіць машыну, я зрабіў крок уперад. Хоць за рулём яе ніколі не сядзеў, вырашыў: вадзіў танк — і аўтамашыну павяду”. І павёў, сам усяму вучыўся.

Хрысанф Клішэвіч (справа) з аднапалчанамі Буткевічам і Лапікавым. Ерэван. 2 мая 1941 г.

Хрысанф Клішэвіч быў на фронце і танкістам, і шафёрам, і разведчыкам. І вось які выпадак аднойчы здарыўся. Вёз ён на машыне ў штаб групу разведчыкаў. Над іх галовамі, у небе, ішоў бой савецкіх і нямецкіх самалётаў. Стаяў суцэльны гул матораў, авіягармат і кулямётнай стральбы. Вось задыміўся адзін варожы знішчальнік. А потым — і наш. Х. Клішэвіч убачыў, як ад ахопленай полымем машыны адарвалася чорная кропка, пасля раскрыўся парашут. Фашысты спрабавалі падстрэліць парашутыста, але яму на дапамогу прыйшлі нашы знішчальнікі і адагналі “месершміты”. Калі парашутыст прызямліўся, разведчыкі пад’ехалі бліжэй. Да іх падышоў высокі, шыракаплечы афіцэр, прадставіўся: “Капітан Пакрышкін”. І папрасіў падвезці на камандны пункт авіяпалка. Ён быў вельмі стомлены і засмучаны сваёй няўдачай у баі. Хрысанф Маркавіч з разведчыкамі падвезлі афіцэра. Яго прозвішча ў той момант нічога не гаварыла. А пазней з газет Клішэвіч даведаўся, што падвозіў праслаўленага лётчыка, тройчы Героя Савецкага Саюза Аляксандра Пакрышкіна, які за вайну збіў 59 нямецкіх самалётаў.

Гэты здымак Х.М. Клішэвіча быў зроблены
ў Сімферопалі ў 1943 г. пасля вызвалення Крыма ад нямецка-фашысцкіх
захопнікаў

Аднойчы, нагрузіўшы поўны кузаў снарадаў, Хрысанф Клішэвіч давёз іх да месца прызначэння, але гармат там ужо не было. Толькі ляжалі пяць параненых савецкіх байцоў. Вадзіцель паслаў паверсе снарадаў салому, размясціў на ёй раненых, завёз іх у шпіталь і паехаў шукаць гарматы. Трапіў пад абстрэл нямецкіх танкаў, на шчасце, з пераплёту сумеў выбрацца. А пазней, падчас аднаго з баёў, быў кантужаны. Калі вылечыўся, ізноў вазіў боепрыпасы.

Ваяваў Хрысанф Клішэвіч на Таманскім паўвостраве, пад Новарасійскам, Таганрогам, вызваляў Крымскі паўвостраў і горад Растоў. Быў узнагаро-джаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За абарону Каўказа”, ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

У верасні 1944 г. яго перавялі ў Крывы Рог. Там да 1947 г. служыў у танкавай часці інструктарам. Пасля дэмабілізацыі прыехаў з жонкай Валянцінай Сямёнаўнай у Нясвіж. Тут галоўным ветэрынарным урачом раёна быў яго старэйшы брат Фёдар Маркавіч, паклікаў да сябе. Так і застаўся Хрысанф Маркавіч у нашым горадзе, працаваў шафёрам. Яго ўжо няма побач з намі, але дзеці, унукі памятаюць пра ваенны шлях роднага чалавека, пра яго ўклад у Перамогу.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

г. Нясвіж.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!