Меню
Курс $  3.25 | €  3.55 | ₽100  3.67 |
Погода 21 °C

Марыя і Міхаіл Тронец. Упрыгожыць кожны дзень свайго жыцця

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 16.09.2021

Разам яны амаль сорак гадоў. Маюць чатырох унукаў. Выгадавалі сына і дачку. Далі ім пуцёўку ў жыццё. Дзеці атрымалі добрую адукацыю і цяпер, вылецеўшы з роднага гнязда, працуюць на Гомельшчыне і на Брэстчыне. Але ніколі не забываюцца дарогу да бацькоўскага парога, дзе  кожная сцяжынка, кожная кветачка так і просіцца, каб ёю любаваліся, каб душа адпачывала.

Дом Марыі Уладзіміраўны і Міхаіла Міхайлавіча Тронец знаходзіцца на адной з вуліц аграгарадка Лань. Абое на заслужаным адпачынку, але працягваюць працаваць. Марыя Уладзіміраўна вырасла ў шматдзетнай сям,і. Ёй і сёстрам мама прывіла любоў да прыгожага — разам разводзілі ў гародчыку кветкі, даглядалі іх. Бо, вядома ж, вока кожнага прахожага цешаць фарбы прыроды, якія б яны ні былі — расквечаныя чэрвеньскім сонейкам ці пафарбаваныя пэндзлікамі мастака-верасня.



— Мама захаплялася вяргінямі, любіла бэз — яго ў нас было некалькі розных кустоў, напачатку лета двор напаўняўся водарам язміну, — дзеліцца ўспамінамі мая суразмоўца. — Сёння двор наш нічым не адрозніваецца ад іншых на вуліцы, бо ўсе — добрыя гаспадары, кожны стараецца своечасова навесці парадак, аздобіць зону адпачынку або зрабіць на свой густ кветнічак, — сціпла расказвае Марыя Уладзіміраўна. І працягвае:

— Раней наша сям,я жыла ў кватэры, а пасля мы вырашылі памяняць яе на дом. Тут і нам, і ўнукам раздолле. Дабудавалі частку, плот абнавілі, для летняй альтанкі, батута, мангала і дзіцячых арэляў адвялі месца.

Жыццёвая прастора на адкрытым паветры паступова пашыралася, усё, што стваралася  бабуляй і дзядулем, вельмі падабалася ўнукам, і яны сталі ўносіць свае ідэі ў добраўпарадкаванне тэрыторыі. З,явілася месца для гульняў з лялькамі, гаражы для машынак, утульная канапа, на якой у дождж можна перасядзець.

Так  атрымалася зона паціа, дзе любяць гуляць не толькі дзеці, але і дарослыя адпачываюць душой. Яны не проста ўпрыгожылі двор, а такім чынам упрыгожылі кожны дзень свайго жыцця. Менавіта так здаецца, калі пазіраеш летам на гэтую спакойную прыгажосць вачыма прахожага.

Ды і хіба могуць пакінуць каго-небудзь раўнадушным пеларгоніі, якія цвітуць ружовым, белым, бардовым колерам. Або прыгажуні ружы, што хораша расцвітаюць некалькі разоў за сезон. Праз плот кожны год ахоўнікамі  красуюцца шпагі-стрэлы гладыёлусаў, цыбулькі якіх на зіму гаспадыня клапатліва выкопвае і хавае ў спецыяльную скрыначку да наступнай вясны. А бялёсыя радочкі густога малачаю, што называюць прыгожым словам “нявеста”, суправаджаюць позірк прахожага да самай альтанкі, на даху якой сядзіць дружная сямейка буслоў — сімвала Беларусі, сімвала дабрабыту.

Усім гэтым займаўся Міхаіл Міхайлавіч.

— Муж мой многа дапамагае ў добраўпарадкаванні. Рабіў каркасы, розныя прыстасаванні ладкаваў. У спякотныя дні дапамагаў паліваць расліннасць, каб мне была палёгка, — расказвае пра свайго гаспадара Марыя Уладзіміраўна.

Паклапаціліся дбайныя ланцы і пра эканомію вады, якая выкарыстоўваецца для паліву. Міхаіл Міхайлавіч прыстасаваў для збору ападкаў спецыяльную ёмкасць, прыладкаваў ля яе дажджавыя стокі, каб можна было  карыстацца вадой для паліву кветніка і агарода, дзе вырошчваюць цыбулю, перцы, памідоры, бульбу…

Для іх вялікасці кветак з,явілася на ўчастку сапраўдная карэта, на каваных вазанічках якой — гваздзіка шабо ампельная, яркая петунія, дробнакветкавая датура.

На падворку Тронцаў сапраўды адчуваеш сябе расслабленым і нават шчаслівым. Радуюць падораныя сябрамі і сваякамі маленькія фігуркі — гном і вожык, калабок і слімак, якія размясціліся пад кустамі туй. Дарэчы, гэтыя  кусты былі куплены некалькі гадоў назад на прэмію, выдзеленую сям,і Тронец — як пераможцы раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Нясвіжскага раёна. Праўда, не ўсе кусцікі тады прыжыліся, некаторыя не перажылі перасадку, але гаспадары не адчайваюцца і набываюць новыя для аздаблення свайго дворыка, куды ім заўсёды хочацца вяртацца з работы, каб атрымаць захапленне ад карцінкі на ўчастку, створанай іх працавітымі рукамі.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!