Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Сэнс і радасць жыцця

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Вядомаму не толькі на Нясвіжчыне, але і ў вобласці журналісту Канстанціну Пятровічу Прыёмку нядаўна споўнілася 90 гадоў. Рубеж узяты немалы, і многае перажыта.
Кастусёвы ўніверсітэты
Дзяцінства было далёка не бесклапотным. У сям’і Пятра Прыёмкі гадаваліся 9 дзяцей, і гэтым многае сказана. Стала яшчэ цяжэй, калі пачалася вайна і на яе адправілі трох братоў Косці. Бацька падаўся ў партызаны, за што немцы спалілі іх хату. Косцік у 11 гадоў навучыўся плесці лапці, абуваў сям’ю. Наймаўся каровы людзям пасвіць. Калі загінуў бацька, хлопцу давялося шмат выконваць дарослай работы. Пасля вайны маці ўзяла крэдыт для будаўніцтва хаты, замест падлогі была гліна. 3 яе і цэглу навучыліся рабіць, печ склалі. На вокны Кастусь ладзіў саламяныя маты — ад холаду. Так і перазімавалі.



Станаўленне
I яно аказалася цяжкім. Пасля вайны не было ў чым хадзіць у школу, і Косця год прапусціў. А сястра яго паехала адбудоўваць Мінск. Там атрымлівала прадуктовыя карткі. I калі прывозіла сваім у вёску хлеб ці рыбу, то радасці колькі было!
Пасля сямігодкі юнак працаваў у калгасе на роднай Уздзеншчыне прычэпшчыкам на трактары. Ніякай работы не цураўся, пры неабходнасці і карову мог падаіць.
Калі яго прызвалі ў армію, у Паўночную ваенную акругу, і там многаму навучыўся.
— Перш за ўсё — салдацкай дружбе і выручцы, — гаворыць Канстанцін Пятровіч. — Пастаянна адчуваў падтрымку саслужыўцаў, камандзіры былі добрыя. У арміі я любіў чытаць газеты, а потым сам пачаў пісаць заметкі. Як радаваўся, калі апублікавалі першую! А потым дасылаў артыкулы ў мясцовую газету “На страже Родины”. На першы ганарар купіў хлопцам пячэнне і згушчонае малако.
Потым пісаў у саюзную газету “Во славу Родины”.
Спроба пяра акрыліла байца. На вучэннях камандзіры ўжо давалі заданне пісаць. За журналісцкую працу Косця купіў сабе першы гадзіннік, які выпісаў з Масквы па рэкламе “Тавары — поштай”, і быў вельмі шчаслівы.
Пасля дэмабілізацыі ён паступіў у Навамышскае вучылішча механізацыі і працаваў у калгасе камбайнерам. Але расло адчуванне, што гэта не тое, чаго хацела душа. Нібы пачуў яго думкі брыгадзір, які параіў вучыцца далей. I вось — Навапольскі тэхнікум, планава-эканамічнае аддзяленне.
А рукі цягнуліся да пяра і паперы, нара- джаліся заметкі, артыкулы, замалёўкі. Іх
К. Прыёмка дасылаў у райгазету “Шлях Ільіча”. Калі атрымаў дыплом і накіраванне ў Клецкі райвыканкам, то там аказаўся ў райгазеце. Так захапленне стала прафесіяй. У Клецкім раёне працавала настаўніцай і жонка Канстанціна Пятровіча, Марыя Іосіфаўна.
На новы прасцяг
3 вялікай ахвотай узяўся Канстанцін Прыёмка за журналісцкую работу:
— Мне было лёгка пісаць пра людзей працы, асабліва пра сельскае жыццё, бо я сам прайшоў гэту нялёгкую школу.
На Клеччыне нарадзіўся ў сям’і Прыёмкі першынец. Канстанцін Пятровіч паступіў на завочнае аддзяленне дзяржуніверсітэта. А тут раёны аб’ядналі, замест двух стаў адзін — Нясвіжскі, і газета адна — “Чырвоны сцяг”. Сюды ён і прыехаў працаваць:
— Памятаю, купіў тадышні рэдактар Іван Паўлавіч Тартоўскі матацыкл, і мы на ім у гаспадаркі ездзілі. Цікава, хоць і няпроста было.
Жыццё зрабіла нечаканы паварот: Канстанціна Пятровіча прызначылі ў райкам партыі інструктарам. Але ён не пераставаў пісаць. Талент журналіста заўважылі і ў “Мінскай праўдзе”, узялі ўласным карэспандэнтам.
— Пачалася сапраўдная радасць творчасці, — дзеліцца ўспамінамі Прыёмка. — Была самастойная работа. Працаваў па складзеным плане, сустракаўся з цікавымі людзьмі, перадавікамі вытворчасці. 3 натхненнем расказваў пра іх на старонках абласной газеты. Людзі званілі і дзякавалі мне. Дзеля гэтага варта працаваць.
А ўвогуле, дзе б ні служыў чалавек, трэба рабіць усё ад душы. Тады і сэнс, і радасць будуць.
З верай і надзеяй
Іменна яны жылі і жывуць у душы ветэрана працы. Вера ў каханне. Бо без яго свет быў бы сумны. Шмат гадоў пражылі яны з жонкай, і ўсё ў іх ладзілася. Канстанцін Пятровіч хоча бачыць шчаслівай і разумнай нашу моладзь, свабоднай ад сквапнасці і хамства. Лічыць: трэба вяртацца да нашых вытокаў, калі высока цаніліся сціпласць, цнатлівасць і працавітасць. Ён шчаслівы, бо выхаваў з жонкай добрых дзяцей: сына і дачку. Ужо сталі дарослымі ўнукі.
Канстанцін Пятровіч лічыць, што ў чалавека ў душы павінны быць вера, а сама душа — чыстай, думкі — светлымі. Верыць трэба ў лепшае…
— Жыццё такое шматграннае і цікавае, — гаворыць К.П. Прыёмка. — І гэта вялікае шчасце — пазнаваць яго, шукаць і знаходзіць.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!