Не пакараць, а дапамагчы

На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. На ім былі разгледжаны тры матэрыялы. Два з іх тычыліся распіцця спіртных напояў у грамадскім месцы і адзін — праблемнай сям’і.

Герой першай справы, 17-гадовы жыхар вёскі Лявонавічы, навучэнец Капыльскага дзяржаўнага каледжа, літаральна ў першыя гадзіны кастрычніка (у начны час) быў затрыманы супрацоўнікамі РАУС без святлоадбівальнага элемента і ў нецвярозым стане. Ён патлумачыў, што піў піва з сябрам і ішоў дадому, калі трапіў у поле зроку міліцыі. На ўшчуванні членаў камісіі адказаў, што ўсвядоміў сваю памылку і больш яе не паўторыць. Улічваючы тое, што да гэтага хлопец нічым дрэнным не вызначыўся і выказаў раскаянне ў сваім учынку, камісія вынесла яму папярэджанне.
У другой справе ізноў фігурыравала піва. Толькі на гэты раз у яго распіцці была заўважана 16-гадовая дзяўчына, жыхарка г.п. Гара-дзея, навучэнка Мінскага дзяржаўнага вытворчага ліцэя будаўніцтва імя Жыжаля. Паколькі яна толькі сімвалічна падтрымала кампанію сябровак і хутка адмовілася ўдзельнічаць у прадаўжэнні алкагольнага “адпачынку”, да таго ж, праявіла чыстасардэчнае раскаянне ў сваім ўчынку, ёй таксама было аб’яўлена папярэджанне.
Абодвум падлеткам было рэкамендавана з’явіцца на прафілактычную гутарку да ўрача-нарколага, з імі будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.
Трэцяй разглядалася справа аб прызнанні шасцігадовага хлопчыка, вучня 1 класа адной з гарадскіх школ патрабуючым дзяржаўнай абароны і адабранні яго ў бацькоў. Сям’я ўжо знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы з-за сістэматычнага п’янства бацькоў. З імі праводзілася пэўная работа, яны неаднаразова праходзілі лячэнне, але беспаспяхова. Зараз хлопчык змешчаны ў сацыяльны прытулак, а дарослым дадзены апошні шанец выправіць сітуацыю і вярнуць дзіця. У адваротным выпадку камісія накіруе справу ў суд для пазбаўлення гора-бацькоў бацькоўскіх правоў.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!