Opera снимок 2022 11 22 171514 cloud.mail.ru

Экзамен вытрымалі

Калі мы з дырэктарам адкрытага акцыя- нернага таварыства “Нясвіжскія Астроўкі” Васілём Халопіцам абмяркоўвалі, пра каго раскажам, каго сфатаграфуем у газетны артыкул да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, кіраўнік у першую чаргу назваў галоўнага агранома Аляксея Гроха.

— І ў асабістым жыцці Аляксея Яраслававіча сёлета адбыліся важныя падзеі: адзначыў сваё 40-годдзе, у яго нарадзіўся другі сын. І ўраджай добры сабралі, у чым немалая заслуга агранома, — падкрэсліў Васіль Мікалаевіч.



Photo1668691654
У ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” Аляксей Грох прыехаў маладым спецыялістам у красавіку 2004 года пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Атрымаўшы спецыяльнасць агранома, размеркаваўся на сваю Нясвіжчыну — ён родам з аграгарадка Салтанаўшчына. Пытанне выбару прафесіі пасля школы праблемным не было. Нарадзіўся ў сям’і калгаснікаў: тата працаваў шафёрам, мама — бухгалтарам. Вырас у вёсцы — і рашыў прысвяціць сябе клопатам пра зямлю. Быў Аляксей спачатку аграхімікам, а ў 2005-м яго прызначылі галоўным аграномам. Працуе спецыяліст адказна, цікавіцца навінкамі, укараняе іх у вытворчасць.
У Астроўках Аляксей стварыў сям’ю, атрымаў ад гаспадаркі жыллё, якое хутка стане ўласным. Абзавёўся добрымі, надзейнымі сябрамі. З жонкай Наталляй Міхайлаўнай гадуе сыноў. Мацвей вучыцца ў сёмым класе, радуе бацькоў поспехамі, захапляецца футболам. 8-месячны Марк з усмешкай сустракае тату, калі той прыходзіць з работы. Цяпер, увосень, Аляксей Яраслававіч можа больш увагі ўдзяляць сынам, не тое, што летам, асабліва ў жніво.
На маё пытанне, што для яго галоўнае ў жыцці, Аляксей Грох адказаў:
— Сям’я. Здароўе блізкіх. І, зразумела, любімая работа, добры заробак, каб сям’я жыла ў дастатку

 

З раслінаводства і пачнём сённяшні аповед. Парадавала хлебаробаў збожжавая ніва. З кожнага гектара яны сабралі па 77,6 цэнтнера зерня. Гэта чацвёрты паказчык па раёне пасля “Агракамбіната Сноў”, “Новага жыцця” і “Грыцкевіч”. Сёлета ўраджайнасць перавысіла леташнюю на 6,6 ц/га, а валавы намалот збожжа — на 1590 тон і дасягнуў 9704 тоны. Такога важкага хлебнага караваю на іх землях яшчэ не было.

Цукровыя буракі займалі 280 гектараў, 28 кастрычніка іх поўнасцю выкапалі. Ураджайнасць салодкіх каранёў — 613 ц/га. Усяго накапана звыш 17 тысяч тон караняплодаў. Яны адгружаны на Гарадзейскі цукровы камбінат. Цукрыстасць іх добрая, была па 17% і вышэй.

Кукуруза ў акцыянерным таварыстве расла на 620 гектарах. 488 з іх убралі на корм і сілас. Кожны гектар даў па 340 цэнтнераў зялёнай масы. З яе заклалі 14,8 тысячы тон сіласу. На астатніх намалацілі звыш 1300 тон зерня, пры ўраджайнасці 99 ц/га. Атрымаўся спажыўны складнік кармавога рацыёну жывёлы, ён дабаўляецца ў камбікорм, у кармасумесь да сіласу ці сенажу. Апошняга, дарэчы, заклалі звыш 9,8 тысячы тон. Вырасціць добры травастой, своечасова і якасна яго ўбраць — таксама адзін з клопатаў галоўнага агранома Аляксея Гроха.

Photo1668691638
Галіна Валуевіч — аператар машыннага даення МТФ “Астроўкі”. Жаданне працаваць з жывёлай у яе ад мамы, якая была даяркай у Ганцавіцкім раёне. Галіна Міхайлаўна прыехала на Нясвіжчыну, у гэтую гаспадарку, у 1992 г. — тут ужо ўладкавалася старэйшая сястра Ганна Савеня, якая працуе аператарам штучнага асемянення.
Галіна Міхайлаўна — вельмі адказны, добрасумленны чалавек. За 9 месяцаў яна надаіла ў сярэднім на фуражную карову па 7331 кг малака — на 326 кг больш, чым было летась

 

— Цяпер закладваем падмурак ураджаю 2023 года, — расказвае Аляксей Яраслававіч. — Азімыя культуры прапалолі хімікатамі, рапс апрацавалі супраць шкоднікаў і хвароб, а таксама рэгулятарам росту. Пад яравую сяўбу ўнеслі на палях гліфасаты супраць пустазелля. Узнялі зябліва, уносім арганіку. Робім усё, каб наступны год стаў больш шчодрым.
Трэба адзначыць, што бягучы год па кліматычных умовах быў няпросты. Вясна зацяжная і халодная надарылася якраз падчас сяўбы цукровых буракоў і кукурузы. У жніўні прыйшла анамальная засуха і зноў пацярпелі ад яе буракі і кукуруза. Дагледжаная зямля вытрымала гэтае выпрабаванне і аддзячыла чалавеку за яго турботы. Проста ўраджай мог быць яшчэ большым. Радуе, што ўсе ўкладанні ў зямлю — фінансавыя і чалавечыя — прыносяць добры плён, што кожны кілаграм угнаенняў, кожны літр паліва, кожны рабочы дзень механізатара, вадзіцеля ці спецыяліста маюць належную аддачу.

Ладзяцца справы і ў жывёлагадоўлі. За 9 месяцаў валавая вытворчасць малака дасягнула 82273 цэнтнераў — на 5681 цэнтнер болей леташняга, або на 7,4%. На адну фуражную карову ў сярэднім атрымана па 7217 кг малака — гэта вышэй мінулагодняга паказчыка на 421 кг, або на 6,2%. Прыкметны рывок ажыццёўлены і ў рэалізацыі малака. Яго прададзена на перапрацоўку на 9,8% больш, чым за 9 месяцаў 2021 г. Таварнасць з 91,3% павялічылася да 93,3%, а гэта трэці паказчык па раёне.
Вытворчасць (вырошчванне) жывёлы, а ў гаспадарцы яна буйная рагатая, дасягнула 5481 ц, тэмп росту склаў 101,6%. Сярэднясутачная прывага адной галавы — 796 грамаў, ёсць хоць і невялікі, але плюс да мінулагодняга.

Photo1668691658
Бухгалтары Святлана Кунік, Лілія Шаламіцкая, Святлана Цімафейчык прафесіянальна спраўляюцца са сваімі абавязкамі

 

“Нясвіжскія Астроўкі” паступова, але ўпэўнена павялічваюць колькасць пагалоўя. Так, сёлета яно вырасла на 130 галоў, у т.л. на 15 кароў — дойны статак. Такім чынам, на малочнатаварных фермах зараз знаходзіцца 1151 карова. У верасні ў гэтай галіне гаспадаркі адбылася знакавая падзея: запрацавала першая чарга новага МТК “Прасці”. Аб гэтым расказала галоўны заатэхнік Галіна Рыбалтоўская:

— У новыя памяшканні мы перавялі жывёлу са старой фермы і паставілі яшчэ 79 цялушак. Усяго цяпер тут 415 галоў. Старыя будынкі будуць рэканструяваны пад утрыманне цялят. Умовы на новым комплексе створаны выдатныя як для працы людзей, так і для жывёлы. Прасторна, светла, камфортны мікраклімат. Абсталяваны кабінеты, створана зона адпачынку, працуюць асобныя мужчынская і жаночая душавыя. Падлога ўцепленая. Жывёла стаіць на мяккай, саламянай, падсцілцы, з вольным утрыманнем. Даільная зала аблегчыла работу даярак. Вельмі добры аб’ект! Мы ўпарадкавалі тэрыторыю вакол, пасадзілі кветкі і елкі, каб было прыгожа і ўтульна.

Photo1668691643
У чэрвені споўнілася 40 гадоў, як Генадзь Матусевіч прыйшоў на працу ў гэтую гаспадарку. Быў слесарам у машына-трактарным парку. Адслужыўшы тры гады на Балтыйскім флоце, адвучыўшыся ў Мар’інагорскім тэхнікуме, вярнуўся ў Астроўкі. Працаваў механікам, загадчыкам майстэрняў, інжынерам па газіфікацыі (для гэтага ў 1991 г. праходзіў спецыяльную падрыхтоўку ў “Газінстытуце” ў Мінску), 15 гадоў — галоўным энергетыкам. Апошнія 10 гадоў — намеснікам дырэктара па вытворчасці. Курыруе пытанні будаўніцтва. Задаволены, што ў іх гаспадарцы пастаянна штосьці абнаўляецца, што растуць вытворчыя паказчыкі.
— Гэта радуе, — кажа Генадзь Касперавіч. — Прыемна працаваць, калі ўсё ідзе як трэба

 

У акцыянерным таварыстве шмат выдатных працаўнікоў. Акрамя тых, каго вы бачыце на нашых здымках, яшчэ назвалі камбайнера Аляксандра Сукалу, які сёлета выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва на жніве па намалоце ўмоўных тон збожжа, механізатараў Юрыя Мануліка, Віктара Люміна і Кірыла Зуя, вадзіцеляў Віталя Кугана, Віталя Пашкевіча і Яўгена Чэкана, аператара машыннага даення МТФ “Астроўкі” Кацярыну Батчанку, аператара рабатызаванай фермы “Макашы” Генадзя Камеру, слесара Аляксея Яцкевіча і аператара штучнага асемянення жывёлы Ганну Савеню з гэтай жа фермы, будаўнікоў Валерыя Корзана і Вячаслава Лабазу. Іх праца, праца ўсіх калег па аграрным цэху — падмурак, на якім стаіць вёска сёння і будзе стаяць, будзе паспяхова развівацца заўтра.

Дарэчы будзе сказаць, што сёлета сам дырэктар таварыства Васіль Халопіца адзначыў 50-гадовы юбілей, стаў дзядулем. І споўнілася 5 гадоў, як ён узначаліў “Нясвіжскія Астроўкі”. І, як бачна, справы ў гаспадарцы ладзяцца.

Photo1668691650
ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” адным з першых у раёне выкапала цукровыя буракі. Шчыра папрацаваў на ўборцы механізатар Віталь Манулік. Ён спрытна кіраваў буракаўборачным камбайнам “Кляйнэ”

 

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!