Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C
Izobrazhenie 2022 11 28 153048501 335x165 1

15 студзеня 2023 года Мінская вобласць адмеціць 85-годдзе. Расказваем самае цікавае за гэты перыяд

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 1

Пост опубликован: 08.12.2022

Напярэдадні юбілейнай даты прэзентуем новы рэдакцыйны праект, дзе раскажам чытачам самае цікавае з таго слаўнага шляху, што прайшоў цэнтральны рэгіён.

15 студзеня 1938 года – знамянальная дата для Мінскай вобласці – гэта дата яе нараджэння. На карце краіны Міншчына, якой хутка спаўняецца 85 гадоў, сваім абліччам нагадвае сэрца, да яе, як артэрыі, сыходзяцца шляхі-дарогі з усіх канцоў рэспублікі. Так, сімвалічна сэрцам Беларусі яна і з’яўляецца, так успрымаецца яе жыхарамі.



Цэнтральны рэгіён

Гісторыя Мінскай зямлі складаная, шматгранная, багатая на падзеі. За час свайго існавання тэрытарыяльна-адміністратыўнае размяшчэнне і памеры Міншчыны неаднаразова мяняліся, і межы значна адрозніваліся ад сучасных.

У 1917 годзе ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі Мінскай губерніі ўсталявалася Савецкая ўлада. Была створана новая сістэма адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу, якая неаднара­зова трансфарміравалася. 15 студзеня 1938 года Першая сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Пастанову «Аб увядзенні ў БССР адміністратыўнага дзялення», згодна з якой і была ўтворана Мінская вобласць. Напачатку яе цэнтрам быў горад Мінск.

Сталічны рэгіён заўсёды быў і застаецца ў цэнтры падзей, ад яго ў многім залежалі і залежаць дабрабыт і жыццё нашай дзяржавы. Цікава, што па плошчы вобласць можна параўнаць з Бельгіяй, Даніяй, Нідэрландамі, Швейцарыяй.


Мінская вобласць – адзіная ў краіне адзначана двума ордэнамі Леніна

1 лютага 1967 года за актыўны ўдзел у партызанскім руху, за мужнасць і гераізм, праяўленыя жыхарамі Міншчыны ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і поспехі, дасягнутыя ў аднаўленні народнай гаспадаркі, Мінская вобласць Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР узнагароджана ордэнам Леніна.

23 снежня 1970 года Мінская вобласць узнагароджана другім ордэнам Леніна за поспехі, дасягнутыя працаўнікамі Міншчыны ў выкананні заданняў 8-га пяцігадовага плана па развіцці прамысловай і сельска­гаспадарчай вытворчасці.

13 студзеня 1998 г. за асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці і ў сувязі з 60-годдзем з дня ўтварэння Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вобласці быў прысуджаны Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.


Міншчына з’яўляецца цэнтральным рэгіёнам не толькі па геаграфічным статусе, але і па тым уплыве, які яна аказвала і аказвае на развіццё ўсёй нашай дзяржавы. Перадваенны ўзровень народнай гаспадаркі вобласці быў адным з самых высокіх у Беларусі. У Мінскай вобласці наліч­валася 8 460 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавалі больш за 62 тысячы рабочых. Сярод іх шклозавод, дрэваапрацоўчы камбінат, запалкавая, папяровая, макаронная фабрыкі ў Барысаве, чыгуналіцейны завод, мяса- і хлебакамбінаты ў Слуцку, кардонная фабрыка ў Пухавічах, ільнозавод у Любані і многія іншыя. У вобласці налічвалася 1 962 калгасы, 63 МТС, 7 470 жывёлагадоўчых ферм.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Міншчына зведала ўсе жахі ліхалецця, але не скарылася.

Нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі на тэрыторыі вобласці лагеры смерці, сярод іх Масюкоўшчынскі, Маладзечанскі, Трасцянецкі. 157 вёсак падзялілі трагічную долю Хатыні.

У вобласці дзейнічалі 3 партызанскія злучэнні, 45 партызанскіх брыгад, якія аб’ядноўвалі 213 атрадаў.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць ненавіснага ворага, больш за 80 ураджэнцаў Міншчыны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагаро­джаны ордэнамі і медалямі.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны жыхары вобласці пачалі аднаўленне разбуранай гаспадаркі. Дарэчы, 14 мая 1946 года горад Мінск стаў горадам рэспубліканскага падпарадкавання. З той пары Мінская вобласць – адзіная ў краіне, якая не мае абласнога цэнтра.

Статус абавязвае

Ужо да канца першай пасляваеннай пяцігодкі (1946–1950 гг.) быў дасягнуты даваенны ўзровень прамысловай вытворчасці. Была адноўлена сетка харчовых прадпрыемстваў мясцовай і кааператыўнай прамысловасці, атрымала далейшае развіццё металаапрацоўка.

За кароткі гістарычны тэрмін – у другой палове ХХ стагоддзя – Мінскі край стаў рэгіёнам з найбуйнейшым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыя­лам, з развітай інфраструктурай, арыентаванай на агульна­саюзныя маштабы вытворчасці. Ва ўсе куткі краіны ішла прадукцыя прадпрыемстваў Міншчыны. Вобласць была неад’емнай і значнай часткай адзінага народнагаспадарчага комплексу СССР.

Слаўнае гістарычнае мінулае Мінскай вобласці знаходзіць годны працяг у сучаснасці. Сёння сталічная вобласць – адзін з найбольш эканамічна і культурна развітых рэгіёнаў рэспублікі з высокім патэнцыялам. Яна задае тон жыцця ўсёй краіне.

Прамысловыя арганізацыі Мінскай вобласці вырабляюць пятую частку рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі. Тут выпускаюцца калійныя ўгнаенні, легкавыя аўтамабілі, кар’ерныя самазвалы, дубленыя і вырабленыя скуры і многае іншае.

У Мінскай вобласці больш за 4 000 прамысловых арганізацый. Шырока вядомыя брэнды – ААТ «Беларуськалій», ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынга «Белазхолдынг», ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ААТ «Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат», ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў», ААТ «Мінскі малочны завод № 1», ЗАТ «Аўгуст-Бел», СЗАТ «БелДжы», СТАА «АлюмінТэхна», завод па выпуску сучасных пасажырскіх электрацягнікоў ЗАТ «ШтадлерМінск».

Мінская вобласць – найбуйнейшы сельскагаспадарчы рэгіён Беларусі. У большасці раёнаў развіта мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, вытворчасць збожжа, бульбаводства ў спалучэнні з ільнаводствам, а на паўднёвым захадзе – з буракаводствам. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы каля буйных гарадоў дадаткова спецыялізуюцца на вырошчванні агародніны і садавіны.

Колькасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на Міншчыне – 358. Сярод вядучых – СВК «Агракамбінат Сноў», ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», УП «Агракамбінат «Ждановічы», філіял «Аграфірма «Лебе­дзева» РУП «Мінскэнерга», УП «Азярыцкі-Агра», ААТ «Вялікі Двор», ААТ «Гара­дзея», ААТ «Гастэлаўскае», ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка», ААТ «Рапс».

На Міншчыне працуе шырокая сетка добра абсталяваных, медыцынскіх, адукацыйных, культурных устаноў, паспяхова функцыянуюць сучасныя фізкультурна-аздараўленчыя комплексы.

На тэрыторыі вобласці размешчаны Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Гэта найбуйнейшы праект у гісторыі двухбаковых адносін Беларусі і Кітая, адна з ключавых пляцовак Эканамічнага пояса Шаўковага шляху – грандыёзнай ініцыя­тывы супрацоўніцтва.

Крыніца натхнення

Міншчына – развіты культурны цэнтр. Гэта традыцыйнае месца правядзення маляўнічых фестываляў мастацтваў. Штогадовы фестывальны каляндар вобласці налічвае больш як 20 маштабных культурных мерапрыемстваў абласнога і рэспубліканскага статусу. Сярод найбольш значных фестываляў: Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна, рэспубліканскія святы музыкі і мастацтваў у Заслаўі і Нясвіжы і іншыя.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў уключаны 680 аб’ектаў. У тым ліку знакавы аб’ект сусветнага значэння – «Архітэктурны, жылы і культурны комплекс рэзідэнцыі роду Радзівілаў у Нясвіжы» у складзе палацава-паркавага ансамбля і комплексу былога манастыра езуітаў XVI–XIX стагоддзяў, які ўключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

У вобласці размешчаны 28 музеяў, 2 тэатры і адзін замак.

Міншчына валодае вялікімі рэсурсамі для развіцця турызму. Многія гарады і пасёлкі маюць багатае гістарычнымі па­дзеямі мінулае, валодаюць каштоўнай гістарычнай, культурнай і архітэктурнай спадчынай і мноствам славутасцяў. Усё гэта дазваляе развіваць гарады і вёскі Мінскай вобласці Беларусі як своеасаблівыя цэнтры мясцовага і міжнароднага турызму. Сярод важнейшых з пункту гледжання гісторыка-культурнай спадчыны населеных пунктаў асабліва вылучаюцца: Нясвіж, Будслаў, Заслаўе, Лагойск.

Таксама на тэрыторыі Мінскай вобласці Беларусі размешчаны і іншыя найважнейшыя турыстычныя славутасці, такія як мемарыяльны комплекс «Хатынь», музей пад адкрытым небам «Лінія Сталіна», вёска-музей «Строчыца», этнаграфічны комплекс «Дудуткі», спарткомплексы і горналыжныя комплексы ў Раўбічах, Сілічах і Лагойску.

Маючы адбыцца юбілей Міншчыны – нагода не толькі яшчэ раз успомніць пра яе дасягненні і лепшых людзей, але і накіравацца ў падарожжа па яе славутых мясцінах.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!