Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

Сцежкамі Купалы

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 8

Пост опубликован: 12.12.2022

Праз Нясвіжчыну праляглі пуцявіны-дарогі многіх cлынных людзей Беларусі. З гонарам гаворым пра тое, што да нас яны прывялі і будучага народнага паэта Янку Купалу.

У 1907-1908 гадах Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) жыў і працаваў у фальфарку Дольны Сноў. Як паэт трапіў сюды?

Восенню 1906 г. ён пачаў працаваць памочнікам вінакура на бровары ў вёсцы Яхімоўшчына недалёка ад Маладзечна. Але гаспадару не спадабаліся з часам яго паво- дзіны: малады чалавек вёў з сялянамі вольналюбівыя гутаркі, чытаў ім свае вершы. І ў разгар спіртагоннага сезона Купала вымушаны быў пакінуць Яхімоўшчыну. Якраз у гэты час памочнік вінакура быў патрэбен на бровары памешчыка Гартынга ў Дольным Снове. Знаёмыя падказалі пра гэта паэту, і Янка Купала прыехаў у Дольны Сноў.



Пазней, згадваючы пра работу на бровары ў лісце да даследчыка сваёй творчасці Клейнбарта, паэт пісаў: “Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ не меў”. У Дольным Снове ён афіцыйна лічыўся памочнікам вінакура, а на справе выконваў абавязкі чорнарабочага.

У гэтыя гады Янку Купалу як паэта ўжо ведалі ў пэўных колах. Яшчэ ў 1905 г. у мінскай газеце “Северо-Западный край” быў надрукаваны яго першы верш “Мужык”. А ў Дольным Снове ад сяброў атрымаў нумар газеты “Наша ніва” за 18 мая 1907 г. са сваім вершам “Касцу”, які стаў першым творам паэта ў беларускамоўным друку.
На сноўскай зямлі Купала сустрэў людзей, неабыякавых да яго творчасці. Гэта была сям’я Сярніцкіх, гаспадар яе і з’яўляўся вінакурам на бровары. Паэт бываў у іх, чытаў свае вершы, дзяліўся творчымі задумамі. Пані Сярніцкая, адукаваная і чулая жанчына, стала добрым слухачом і дарадцам. Ёй паэт прысвяціў свой верш “З песень нядолі”. У ім журба паэта пра цяжкі лёс беларуса. Яму хочацца расказаць пра сваю бяду, але сэрца так ные, што “песенька не йдзе”. Далей паэт дзеліцца сваёй марай: “Каб доля ў хатцы жыла, каб з бурлівай рэчкі нядоля сплыла”.

Некаторыя даследчыкі яго творчасці сцвярджалі, што ў Дольным Снове Купала спаткаў сапраўднае каханне. Пра яго моцныя пачуцці сведчыць верш “На адвітанне”. Толькі імя дальнасноўскай прыгажуні гісторыя для нас не захавала.

Падчас работы на бровары Янка Купала распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Ёсць меркаванні, што паэт мог мець зносіны з падпольнай арганізацыяй сацыял-дэмакратаў — у 1906-1908 гадах яе група дзейнічала ў Сноўскай воласці. Узначальваў сноўскую групу РСДРП(б) Васіль Хоміч з вёскі Грускова, у яе ўваходзіў і яго брат Антон (група была раскрыта, і братоў у 1909 годзе саслалі ў Сібір).

Вершы, што Янка Купала працягваў пісаць у Дольным Снове, часта друкавала “Наша ніва”. А ў адным з сакавіцкіх нумароў газеты за 1908 год паэт даведаўся: у Пецярбургу выйшаў у свет яго першы паэтычны зборнік “Жалейка”.

Дольны Сноў Янка Купала пакінуў летам 1908 года. Напера- дзе ў яго было новае, творчае жыццё. У верасні паэт паехаў у Вільню, пачаў работу ў адной з прыватных бібліятэк, адначасова супрацоўнічаў з газетай “Наша ніва”.

Рыхтуючы артыкул да 120-годдзя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў 2002 го- дзе, мы наведаліся ў Дольны Сноў — старэйшыя людзі па звычцы і цяпер так называюць тую мясціну, а некалішні фальварак зліўся з вялікай і сучаснай вёскай (дакладней — аграгарадком) Сноў. Адшукалі снаўчаніна-старажыла, які б паказаў нам, дзе стаяў бровар Гартынга — месца працы Янкі Купалы. Нашым правадніком стаў Дзмітрый Вячаслававіч Бабкоўскі. Ён прывёў да сённяшняга мясаперапрацоўчага прадпрыемства СВК “Агракамбінат Сноў”. Аказалася, што і старыя дрэвы, магчыма, яшчэ з тых часоў, шапочуць тут ліствой. І адзін з будынкаў — былая панская маёмасць — захаваўся. Цяпер у ім склад, унутры — сучаснае начынне, а вось знешні выгляд снаўчане вырашылі захаваць — усё-такі аўтэнтычнасць, сведка цікавых гістарычных падзей. Яго сцены бачылі будучага народнага паэта, чулі яго голас, яго вершы.

Ля ўваходу на тэрыторыю мясакамбіната стаіць памятны знак, які нагадвае: тут некалі працаваў будучы Пясняр Беларусі Янка Купала.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!