Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 10 °C

У нас была Радзіма — Савецкі Саюз

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

“Гэта была краіна, якую будавалі нашы дзяды і пра- дзеды, якую паважалі ў свеце, з якой лічыліся і дасягненні якой — такія як першы палёт у космас, стварэнне першага ядзернага рэактара, першай ЭВМ і многія іншыя — узрушылі свет. Мы былі ў гэтым плане лідарамі. Больш таго, ні адно пытанне ў свеце не вырашалася без Савецкага Саюза…”.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка



падчас адкрытага ўрока для ўсёй краіны ў Дзень ведаў
1 верасня 2022 г.

30 снежня 1922 года на І Усесаюзным з’ездзе Саветаў у Маскве прадстаўнікі РСФСР, БССР, УССР і Закаўказскай федэратыўнай рэспублікі падпісалі дэкларацыю і дагавор аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Ад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў гэтай гістарычнай акцыі бралі ўдзел 25 чалавек. Іх дэлегаваў ІV Усебеларускі з’езд Саветаў, які адобрыў ідэю стварэння СССР. За кожнай рэспублікай захоўваліся права свабоднага выхаду, роўныя правы і ўмовы развіцця, самастойнасць у ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі. У склад Цэнтральнага Выканаўчага Камітэтат СССР былі абраны і прадстаўнікі нашай рэспублікі. Адным з чатырох старшынь ЦВК СССР стаў кіраўнік ЦВК БССР Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў.
Пазней у склад СССР як саюзныя рэспублікі ўвайшлі: Туркменістан і Узбекістан — у 1924 г., Таджыкістан — у 1929 г., Казахстан і Кіргізія — у 1936 г., Латвія, Літва, Малдавія і Эстонія — у 1940 годзе.
Савецкая федэрацыя з’яўлялася новым тыпам шматнацыянальнай дзяржавы, падобнай на якую не было ў свеце. Пабудаваная на прынцыпах пралетарскага інтэрнацыяналізму, на адзінстве палітычнай і эканамічнай арганізацыі, агульнасці ідэйнага і культурнага жыцця, сацыялістычная дзяржава стварыла найшырэйшыя магчымасці для ўсебаковага развіцця народаў. Неабходнасць стварэння агульнай дзяржавы дыктавалася патрэбнасцю хутчэйшага аднаўлення і развіцця прадукцыйных сіл, умацавання абароны, забеспячэння дабрабыту працоўных — пасля інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны.
Паспяховае вырашэнне нацыянальнага пытання ў СССР мела вялікае міжнароднае значэнне. Савецкі Саюз стаў маяком для ўсіх прыгнечаных народаў, якія пачалі змагацца за сваю свабоду і незалежнасць.
Кіраўніку савецкай дзяржавы Іосіфу Сталіну належаць такія словы, што прагучалі ў 1931 г. перад актывам Саюза: “Мы адсталі ад перадавых краін на 50 — 100 гадоў. Мы павінны прабегчы гэтую адлегласць у дзесяць гадоў. Або мы зробім гэта, або нас змятуць”. І ўжо да 1938 г. Савецкі Саюз лідзіраваў у Еўропе і быў другім у свеце па выпуску валавой прадукцыі машына- і трактарабудавання, здабычы нафты. Па вытворчасці электраэнергіі, чыгуну, сталі, алюмінію выйшаў на другое месца ў Еўропе і трэцяе ў свеце. Па здабычы вугалю і вытворчасці цэменту — на трэцяе месца ў Еўропе і чацвёртае ў свеце. У 20 — 30-х гадах мінулага стагоддзя СССР устанавіў сусветны рэкорд па эканамічным скачку: савецкая эканоміка вырасла ў 300 разоў.
З вялікім напружаннем, энтузіязмам працавалі савецкія людзі ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выпускаючы патрэбную прадукцыю для фронту. Яны яшчэ больш з’ядналіся, гераічна змагаючыся з ворагам на ўсіх франтах і ў партызанскіх атрадах. Вялікая Перамога над фашысцкай Германіяй і мілітарысцкай Японіяй у 1945-м, за якую савецкі народ заплаціў мільёнамі жыццяў, аднаўленне краіны і яе далейшае паспяховае развіццё — вынік моцнай згуртаванасці людзей розных нацыянальнасцей і канфесій, вернасці камуністычным ідэалам і духу інтэрнацыяналізму, вялікага патрыятызму савецкага народа.
СССР — адна з дзвюх велізарнейшых звышдзяржаў планеты. Гэта была самая вялікая па плошчы краіна з перадавой навукай і лепшай у свеце сістэмай адукацыі, самая чытаючая краіна ў свеце. Яго грама- дзяне, згодна з міжнароднымі даследаваннямі ў 50-х гадах, на чытанне трацілі ў 2 разы больш часу, чым амерыканцы, англічане ці французы. У Краіне Саветаў знаходзіліся самыя большыя ў свеце запасы прыродных рэсурсаў. Яе буйнейшая армія была абсалютна непераможнай. Яе ядзерны патэнцыял мог шмат разоў спапяліць зямны шар. Першы ў свеце касманаўт быў савецкі, і першы чалавек, які выйшаў у адкрыты космас, — таксама грамадзянін СССР. “Іменна ў савецкі час быў сфарміраваны эканамічны, сацыяльна-культурны, навуковы патэнцыял, за кошт якога да сённяшняга дня жывуць і развіваюцца многія постсавецкія краіны. І мы таксама”, — падкрэслівае наш Прэзідэнт.
І мы ганарыліся, што жылі ў такой краіне.
Толькі імперыялісты ніяк не супакойваліся ў сваіх крыважэрных марах аб знішчэнні нашай сацыялістычный дзяржавы. Дырэктар ЦРУ пачатку 90-х гадоў Роберт Гейс сказаў: “Мы разумеем, што Савецкі Саюз ні эканамічным ціскам, ні гонкай узбраенняў, ні тым больш сілай не возьмеш. Яго можна было разрушыць толькі ўзрывам знутры”. На вялікі жаль, Захаду гэта ўдалося. Людзі не змаглі ўсвядоміць усю веліч савецкага праекта, які даваў рэальны шанс на выжыванне. У 90-х гадах многія бачылі ў распадзе СССР перамены да лепшага. А сёння зразумела: гэта была велізарнейшая геапалітычная катастрофа XX стагоддзя. Трагедыя не толькі савецкага народа…
Сёння мы прапануем чытачам успаміны жыхароў Нясвіжчыны пра іх савецкае мінулае.

 

Гасцілі ў Зорным гарадку
Антаніна Міхайлаўна СІЛЬВАНОВІЧ, жыхарка пасёлка Новагара- дзейскі, ганаровы член кааператыву “Гарадзея”:
— З саўгасам “Гарадзейскі” (так раней называлася наша гаспадарка) я звязала свой лёс у 1970 годзе, калі пераехалі сям’ёй са Стаўбцоўскага раёна, адкуль з мужам родам. Мяне прынялі на работу брыгадзірам жывёлагадоўчай фермы “Дубрава”, якую і ўзначальвала больш за 30 гадоў.
А дагэтуль была праца на роднай Стаўбцоўшчыне: малаказборшчыкам, загадчыкам свінафермы, заатэхнікам. Смілавіцкі тэхнікум па спецыяльнасці “заатэхнія” паспяхова закончыла завочна. Мяне прынялі ў члены Камуністычнай партыі, выбралі сакратаром партыйнай арганізацыі ў калгасе “Краіна Саветаў”. Па пуцёўцы прафсаюза ездзіла ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, пабывала на экскурсіі ў канц- лагеры Бухенвальд, у Берліне ўсклала кветкі да помніка савецкаму салдату.
…На Нясвіжчыне працягвала працаваць гэтак жа шчыра і самааддана. Па-рознаму складвалася. Былі і бяссонныя ночы, і работа без выхадных. У бяскорміцу нарыхтоўвалі для жывёлы галінкі. Дома трымалі вялікую гаспадарку, каб было што на абедзенны стол паставіць. А ў полі яшчэ чакалі “дзялкі” буракоў, якія трэба было палоць. Ва ўсім дапамагалі дзеці, а іх у нас трое, і выраслі яны працавітымі і клапатлівымі. Я на ферме ўсё трымала пад сваім кантролем, магла, пры неабходнасці, і ўкол жывёліне зрабіць. І дабілася 100-працэнтнай захаванасці бычкоў. Калегі часам казалі: “Міхайлаўна, вы многа на сябе бераце…”. А як жа інакш?
Затое мы са сваімі бычкамі з “Дубравы” двойчы ўдзельнічалі ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве. Мой муж, Валяр’ян Антонавіч, таксама суправаджаў іх: дзесяць жывёлін трэба было карміць, паіць, чысціць, не знізіць прывагі. А ў суткі нашы адкормкі герафордскай пароды (такія белагаловыя прыгажуны) прыбаўлялі ў вазе па 1400 грамаў. На ВДНГ выстаўлялі жывёлу Казахстан, Украіна і іншыя рэспублікі Савецкага Саюза. Я вярнулся дамоў з сярэбраным і двума бронзавымі медалямі, а саўгас атрымаў аўтобус. І яшчэ такая памятная падзея: у Маскве для нас арганізавалі паездку ў Зорны гарадок, сустрэчу з касманаўтамі Клімуком, Кавалёнкам і іншымі. Захоўваю медаль “За доблесную працу”, Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, іншыя граматы. Разам з узнагародамі ляжыць і партыйны білет –– сведка нашых савецкіх святаў і будняў, нашай нялёгкай працы і радасных перамог, кіпучага жыцця.
Сёння працаваць лягчэй, чым у нашы часы. Шмат тэхнікі, новыя тэхналогіі. Застаецца толькі парадавацца за наша малодшае пакаленне. Я пайшла ў адпачынак у 2004-м, маючы больш за 40 гадоў працоўнага стажу. У канцы кожнага года ў ААТ “Гарадзея” нам даюць матэрыяльную дапамогу, да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і Новага года –– прадуктовыя наборы. Прыемна, што не забываюць ветэранаў працы. Жывём з пачуццём выкананага абавязку: мы стварылі падмурак сённяшніх здабытку, камфорту, дабрабыту.

 

Лаўрэат Дзяржпрэміі БССР
Міхаіл Міхайлавіч ЧЫРКО, слесар ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”:
— Першымі маімі настаўнікамі ў жыцці былі бацькі, калгаснікі калгаса імя Кірава (быў такі з цэнтрам у маёй роднай вёсцы Салтанаўшчына). Мама, Ганна Кандрацьеўна, працавала паляводам. Бацька, Міхаіл Ільіч, — конюхам, падвозчыкам кармоў. Бацькоў мы, дзеці, слухаліся, даручэнні іх усе выконвалі, дапамагалі і дома, і ў калгасе. Жылі па правілу: хто не працуе, той не есць — ды гэтак у вёсцы, у асноўным, усе жылі. Вось такі ўрок я засвоіў у дзяцінстве і згодна з ім жыў і жыву. У 77 гадоў яшчэ працую ў райаграсэр- вісе, рамантую паліўную апаратуру. Прыношу карысць.
Некалі пасля школы атрымаў прафесію трактарыста-машыніста торфаўборачных машын з кваліфікацыяй слесара трэцяга разраду ў прафтэхвучылішчы ў Ленінградскай вобласці. У 1964 годзе там і застаўся працаваць на торфапрадпрыемстве. Калі мабілізавалі ў рады Савецкай Арміі, апынуўся на поўдні СССР — спачатку ў Анапе, пасля — у Адэсе. Служыў у марскіх часцях пагранвойскаў. Неслі вахту на караблі ў Чорным моры ад Турцыі да Румыніі, ахоўвалі 26 пагранічных заставаў. Служба адказная, ганаровая і цікавая. Я і цяпер пільна адсочваю ўсе падзеі, што адбываюцца ва Украіне, перажываю, бо ў Адэсе маю сваякоў. Шкада, што ў суседняй славянскай краіне ідуць ваенныя дзеянні.
Сімвалічна, што я, беларускі юнак, вучыўся і працаваў у РСФСР, служыў ва УССР. Нашы братнія рэспублікі заўсёды былі разам, жылі ў дружбе. І хочацца спадзявацца, што такія адносіны з часам вернуцца.
Дэмабілізаваўшыся ў 1967 годзе, прыехаў дамоў і пачаў працаваць на трактары ў калгасе імя Кірава. Пасябраваў са сваёй будучай жонкай, і ў 1968 годзе старшыня гаспадаркі Альберт Антонавіч Чапоніс арганізаваў нам камсамольскае вяселле. Рэгістрацыя прайшла ў клубе, сабралася шмат людзей — усім было цікава паглядзець, бо такая ўрачыстасць надарылася ўпершыню.
Самы значны перыяд свайго жыцця я аддаў райсельгастэхніцы (цяпер гэта райаграсэрвіс) — 54 гады. Спачатку рамантаваў бульбакапалкі. Потым упраўляючы Рыгор Міхайлавіч Лазар прапанаваў узяцца за капітальны рамонт трактараў МТЗ-5, МТЗ-50. І я ўшчыльную заняўся паліўнай апаратурай. Ездзіў у камандзіроўкі, пераймаў вопыт, чытаў спецыяльную тэхнічную літаратуру. Вельмі дапамог слесар Мікалай Мікалаевіч Герман, Герой Сацыялістычнай Працы, у якога вучыўся 3 ці 4 месяцы. Мой настаўнік быў чалавекам творчым, усё нешта прыдумляў, уносіў рацыяналізатарскія прапановы. Даходліва расказваў, паказваў. Матор — сэрца трактара, і рамонт паліўнай апаратуры — справа вельмі адказная. Мы і ставіліся да яе адпаведна. Лазар сам усім цікавіўся: “Міхаіл, ёсць запчасткі? Калі няма — гавары мне.” Я сам ездзіў на базу ў Міханавічы, браў патрэбныя дэталі. З часам ужо ў мяне з’явіліся вучні — Аляксандр Емяльянчык, Георгій Паплаўскі. Мы рамантавалі тэхніку гаспадарак і свайго, і іншых раёнаў. Нагрузка была вялікая. Бывала, і ноччу клікалі на работу, калі патрабавалася тэрмінова “вылечыць” рухавік. За сумленную працу мяне ў 1973 годзе ўзнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”. 31 снежня 1982 года стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР.
Працаваць у Нясвіжскай райсельгастэхніцы было ганарова і адказна. Стварылі адмысловую базу. Працавалі розныя цэхі. Аб’ёмы паслуг раслі. Вырашаліся ўсе сацыяльныя пытанні. У 1971 г. калектыў быў узнагароджаны ордэнам Леніна, чатыры разы яго заносілі на Усесаюзную Дошку гонару на ВДНГ СССР. У нас працавалі сапраўды выдатныя спецыялісты, і сярод іх — слесар Генадзь Паўлавіч Клюсілаў, таксама лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Такіх знакамітых райсельгастэхнік было дзве на ўвесь Савецкі Саюз.
Але мы жылі не толькі працай. Спартыўныя мерапрыемствы, канцэрты, гарачыя камсамольскія і партыйныя сходы, на якіх абмяркоўваліся розныя пытанні… Я ж не проста з’яўляўся камуністам, а даволі актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Было цікава!
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!