Гістарычная хроніка

(Пачатак у № 51, 61, 73, 81, 85, 95)
1936 г. Пабудавана новая шасейная дарога, якая злучыла Нясвіж з Клецкам і маёнткам Радзівілімонты.

1937 г. У Нясвіжы з больш буйных прадпрыемстваў працавалі механізаваны млын братоў Крашэўскіх, сушыльня гародніны, гарадская бойня. На Агародняй вуліцы знаходзілася прыватная электрастанцыя магутнасцю ў 175 кВт.У Нясвіжы пражывалі 7586 чалавек, у т.л. 3182 католікі, 1002 праваслаўныя, 3364 яўрэі, 26 евангелістаў, 12 мегаметан.




1939 г., 17 верасня. Чырвоная Армія вызваліла Нясвіжчыну ад польскіх акупантаў. Створана Часовая ўправа горадам і паветам. Старшынёй яе выбраны М.І. Сіротка. У кастрычніку ён узначаліў райкам партыі. Створаны таксама раённы камітэт камсамола.

1939 г., 24 верасня. Часовая ўправа прыняла пастанову, згодна з якой на ўсіх былых дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах, у гандлёвых установах уводзіўся народны кантроль. Грамадскія кантралёры сачылі, каб прадпрыемствы працавалі, каб жыхары былі забяспечаны прадуктамі харчавання і прадметамі шырокага ўжытку, каб гандляры не дапускалі павышэння цэн на тавары.

1939 г., канец верасня. Выйшаў першы нумар нясвіжскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”. Першым рэдактарам быў Віктар Фінкевіч, мінскі журналіст.
Сям’я князя Радзівіла атрымала дазвол пакінуць межы Савецкага Саюза.Гістарычная хроніка

1939 г., 22 кастрычніка. Адбыліся выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. Ад Нясвіжскага павета выбраны М.І. Сіротка, В.С. Арэнь, У.П. Гуль, Р.І. Сяржант. На Народным сходзе ў Беластоку, што праходзіў 28 — 30 кастрычніка, яны прагаласавалі за ўстанаўленне савецкай улады, канфіскацыю памешчыцкіх і манастырскіх зямель, нацыяналізацыю банкаў і буйной прамысловасці. Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР.

1939 г. На базе прыватнай пякарні ў Нясвіжы створаны хлебазавод. На базе кааператыўнага прадпрыемства “Студзельня Млячарска” — Нясвіжскі гарадскі малочны завод.

1940 г., 15 студзеня. Утвораны Нясвіжскі раён у складзе Баранавіцкай вобласці.
Метадам народнай будоўлі вялася пракладка брукаванай дарогі Нясвіж — Сноў. За ўдарную працу многія сяляне, якіх вёскі накіроўвалі на будаўніцтва, былі прэміраваны. Жыхароў вёсак Квачы, Малева, Саска Ліпка Мікалая Карпача, Аляксандра Гацілу і Соф’ю Санько, якія выконвалі норму на 180 — 200 %, прадставілі да ўрадавых узнагарод.

1940 г. У былым панскім маёнтку Рудаўка арганізавана Нясвіжская машынна-трактарная станцыя. З 1961 г. — аб’яднанне “Райсельгастэхніка”. У 1971 г. узнагароджана ордэнам Леніна.
МТС была створана таксама ў былым маёнтку Горны Сноў. У вёсках арганізоўваліся калгасы. У чэрвені 1941 г. іх у раёне налічвалася 18.
Паспяхова працавалі прамысловыя прадпрыемствы: завод “Пагулянка” па выпуску цэглы, торфазавод “Фальваркоўцы” і іншыя.

1940 г. Прайшлі выбары ў Вярхоўны Савет СССР і БССР. У першым скліканні дэпутатам ад нашай акругі стаў удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху Р.І. Сяржант, у другім — кіраўнік раёна М.І. Сіротка і сялянка з в. Казлы Ф.А. Ладзята.

1940 г., 23 снежня. Адбылася арганізацыйная сесія Нясвіжскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных. Яе адкрыў старэйшы дэпутат К.А. Радаман. Першым старшынёй стаў В.Я. Дзятлаў, намеснікам — Ф.Я. Каплан, сакратаром — А.С. Ясінскі.

З літаратурнымі крыніцамі працавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
P.S. Гістарычная хроніка будзе прадоўжана ў наступным выпуску праекта газеты да 800-годдзя Нясвіжа.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!