Пра тое, што Нясвіж становіцца ўсё больш прывабным, кажуць не толькі мясцовыя жыхары, але і госці горада. Вось і на набярэжнай, што за Слуцкай брамай, адбыліся значныя змены. А наперадзе — яшчэ больш навацый.
Як расказаў першы намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Міхаіл Афанасік, на набярэжнай зроблена бетаніраванне, для гэтага паклалі каля 80 кубоў бетону. Для бяспекі адпачываючых і ў першую чаргу — маленькіх наведвальнікаў, на працягу набярэжнай — больш за 200 метраў — усталёўваецца агароджа. На сённяшні дзень ужо выканана разводка кабеляў пад вулічныя таршэры і нават устаноўлены самі свяцільні.
Унізе зроблены тры зоны адпачынку, дзе будуць стаяць лаўкі для тых, хто хоча перавесці дух і адпачыць. Акрамя таго, палюбавацца прыгажосцю пейзажу і замка з боку вуліцы можна будзе і з наглядальнай пляцоўкі, якая будзе выканана з бетонных баляс. У планах мясцовай улады — упрыгожыць набярэжную такой малай архітэктурнай формай, як маяк. Эскізны варыянт ужо ўзгоднены і спецыялісты пачалі зварачныя работы.
У дадатак да ўсіх названых планаў, за мастом па вуліцы Слуцкай падрыхтавана пляцоўка пад усталяванне каванай альтанкі ў выглядзе ратонды — круглага ці паўкруглага невялікага будынка, які звачайна мае купал і калоны па перыметры.
Акрамя таго, жыхары і госці горада маглі заўважыць за Слуцкай брамай металічную карэту выратавальнікаў. Гэта менавіта тая карэта, якая раней была ўсталявана каля Ратушы ў гонар 165-годдзя пажарнай службы. У хуткім часе кампзацыйным завяршэннем стане лаўка, якая будзе выканана ў адпаведнай па стылі тэхніцы.
Вось і ўсе асноўныя пераўтварэнні, якія датычацца гэтага прыгожага куточка Нясвіжа, які і сёння з’яўляецца добрым месцам для адпачынку, а улічваючы ўсё запланаванае — стане яшчэ больш добраўпарадкаваным і прыемным на вока.
Марыя АЛЯКСЕЕВА.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.


