Восень усё мацней уступае ў свае правы, усё менш становіцца навокал яскравых фарбаў, а парывы халоднага паветра нагадваюць, што хоць не так скора, але зіма ўсё роўна ўступіць у свае правы. І як вы думаеце, чым лепш за ўсё падняць сабе настрой у гэты пераходны ад цяпла да халадоў час? Адказ вельмі просты: навядзеннем чысціні і парадку, і не толькі ў сваіх дамах і кватэрах, але і вакол іх.
Чысціня ўнутры дома павінна ісці побач з чысцінёй вакол дома, таму што гэта першы паказчык нашай культуры і адказнасці за тое месца, дзе мы жывём. Асабліва гэта тычыцца жыхароў шматкватэрных дамоў, якім так лёгка прайсці міма паперкі, поліэтыленавай упакоўкі ці бутэлькі, што ляжаць каля скрынкі для смецця перад пад’ездам, спадзеючыся, што ўсё гэта падніме хто-небудзь іншы. Хто-небудзь больш свабодны ад важных спраў ці больш здаровы для таго, каб лішні раз нагнуцца. Але толькі не я — жыхар гэтага дома.
Жарты жартамі, але абавязкі па падтрыманні належнага санітарнага стану тэрыторый рэгламентуюцца адразу некалькімі нарматыўна-прававымі актамі. Асноўныя з іх — “Гігіенічныя патрабаванні па ўтрыманні тэрыторый населеных пунктаў і арганізацый”, зацверджаныя пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 01.11.2011 №110 і “Палажэнне аб парадку вызначэння памераў (межаў) тэрыторыі земляў агульнага карыстання населеных пунктаў для выканання работ па падтрыманні іх належнага санітарнага стану”, зацверджанае Пастановай Саўміна №430 ад 22.07.2020 года.
Сапраўды, калі гаспадара ўласнага дома лягчэй прымусіць адказаць за беспарадак на яго тэрыторыі, то з жыхарамі шматкватэрных дамоў усё нашмат складаней. Іх можна толькі заклікаць да сумлення. І так хочацца, каб яно прачнулася і ў тых, хто лічыць, што “ёсць ЖКГ, няхай і прыбірае”. ЖКГ то, вядома, ёсць, але чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць! А калі і ўзнікае патрэба нешта выкінуць (без гэтага ніяк), то цывілізаваныя людзі адпраўляюць сваё смецце менавіта туды, дзе яму адведзена спецыяльнае месца — у скрынкі для смецця ці смеццевыя бакі. І вучаць гэтаму сваіх дзяцей. Бо хто ім дасць правільны прыклад, як не тата з мамай?
І яшчэ немалаважны момант: не толькі наша кватэра, але і двор дома, дзе мы жывём, — гэта люстраны адбітак нашага ўнутранага стану. Нашага настрою, унутранага рэсурсу і нават адносін — і да саміх сябе, і да іншых людзей. І парадак у месцы, дзе мы жывём, і ў нашым жыцці — узаемазвязаны. Навукоўцы даказалі, што, навёўшы гармонію вакол сябе, чалавек здабывае душэўны спакой і адчуванне шчасця. Наша нервовая сістэма ўладкована так, што парадак вакол дзейнічае заспакаяльна, паслабляе і настройвае на пазітыў. Пастаянная разруха ў жыллі чалавека і вакол яго можа, наадварот, прывесці да глыбокай дэпрэсіі. Прывёўшы ў парадак месца, дзе мы жывём, жыць стане лягчэй. Паспрабуем?


