Калі маладыя людзі пераходзяць у старэйшыя класы, яны становяцца бліжэй да прыняцця аднаго з найважнейшых рашэнняў свайго жыцця — выбару прафесіі. Некаторыя лёгка вызначаюцца з гэтым выбарам, але многія не ведаюць, што ім бліжэй і як ён можа паўплываць на іх будучыню. Менавіта таму прафарыентацыя з’яўляецца ключавым момантам у жыцці падлеткаў.
Каб пазнаёміць школьнікаў з некаторымі варыянтамі, спецыялісты Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа ў другі раз правялі прафарыентацыйны праект “Навучэнец на тыдзень”.
Летась яго ўдзельнікамі сталі некалькі навучэнцаў гарадскіх школ Нясвіжа, а гэтым разам магчымасцю пазнаёміцца з прафесіямі зацікавіліся каля 30 навучэнцаў школ Стоўбцаў, Баранавіч, Узды, Дзяржынска, Нясвіжа і другіх рэгіёнаў.
— Мы былі прыемна здзіўлены, як праект маштабаваўся, — падзялілася сваімі ўражаннямі па завяршэнні “тыдня” намеснік дырэктара Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа па выхаваўчай рабоце Надзея Юдзіна. — Вядома, мы адправілі запрашэнні ва ўстановы сярэдняй адукацыі не толькі нашага, але і суседніх раёнаў, але не чакалі, што заявак на ўдзел будзе так шмат. Рады, што школьнікі зацікаўлены магчымасцю пагрузіцца ў працэс навучання па профілях, якія іх цікавяць.
Праграма прафарыентацыйнага праекта была разлічана на 4 дні. Хлопцы і дзяўчаты першапачаткова былі зацікаўлены ў тых ці іншых напрамках, таму іх падзялілі на групы па патэнцыйнай прафесіі.
Пра тое, як праходзілі навучальныя дні, распавяла адна з “навучэнцаў на тыдзень” гімназістка з Мар’інай горкі Дзіяна Казак:
— Пра праект я даведалася сама, і вельмі рада, што ў ім паўдзельнічала. Я займаюся харэаграфіяй і хачу стаць трэнерам. Не раз я чула пра тое, што калі хочаш добрую фізічную падрыхтоўку, то варта паступаць менавіта ў Нясвіж. І вось дзякуючы “тыдню” мне ўдалося ў гэтым пераканацца. З раніцы мы наведвалі навучальныя заняткі па сваіх профілях. Выкладчыкі рыхтавалі адкрытыя ўрокі, якія былі максімальна набліжаны да заняткаў навучэнцаў каледжа. Але разам з гэтым была ў кожным занятку і нейкая адметнасць. У дзень у нас было па 3-4 урокі. Калі два ўрокі запар ішлі аднаго прадмета, г. зн. пара, то займаліся без перапынку. Увечары мы наведвалі заняткі аб’яднанняў па інтарэсах. Я аддала перавагу валейболу. Таксама мы хадзілі на баскетбол, рукадзелле і іншыя. Мне спадабалася, што былі заняткі з псіхолагам і з сацыяльным педагогам, трэнінгі па развіцці камунікатыўных якасцяў, неабходных педагогам. Паколькі было шмат моладзі з іншых гарадоў, нам праводзілі экскурсіі па гора-дзе, музеях і парку. Спадабалася мне і гульнявая праграма, якая прайшла 31-га кастрычніка. Увогуле, усё было вельмі насычана і цікава. А падтрымка навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа канчаткова пераканала ў тым, што менавіта сюды я хачу паступаць. Але хацелася б яшчэ раз прыехаць сюды падчас гэтага навучальнага года. Спадзяюся, гэта будзе магчыма.
За тыдзень складана пагрузіцца ў працэс навучання і адчуць усе адрозненні ад школьнага жыцця. Тым больш, што сутнасць праекта не столькі ў гэтым, колькі ў знаёмстве рабят з абранымі напрамкамі і вучобай. Для гэтага педагогі імкнуліся арганізаваць навучальны працэс гэтых чатырох дзён так, каб ахапіць больш навучальных прадметаў. А для тых, хто яшчэ сумняваецца, карысным вопытам стаў удзел у “калейдаскопе прафесій”, які право- дзіўся спецыяльна для школьнікаў. У ім былі прадстаўлены ўсе спецыяльнасці і групы. Аб прафесійных напрамках распавядалі як педагогі, так і навучэнцы каледжа. І фармат знаёмства кожны выбіраў сам — адны распавядалі вусна, іншыя — паказвалі пры дапамозе інтэрактыўнай праграмы або відэасюжэтаў.
На час правядзення праекта іншагароднім прапаноўваліся месцы ў інтэрнаце. І 11 чалавек скарысталіся магчымасцю, вырашыўшы не марнаваць па некалькі гадзін у дзень на дарогу на вучобу і назад.
Як адзначыла намеснік дырэктара каледжа Надзея Юдзіна, хлопцы і дзяўчаты былі матываванымі і актыўнымі.
— Першапачаткова падлеткаў зацікавілі практычна ўсе спецыяльнасці, асабліва “пачатковая адукацыя”, “графічны дызайн” і “фізічная культура”. Адзінае, што профіль дашкольнай адукацыі аказаўся незапатрабаваным. Але мы далі магчымасць тым, хто выбраў “пачатковую адукацыю” паглядзець абедзве спецыяльнасці.
Завяршаючы праект, мы правялі круглы стол і анкетаванне, каб атрымаць зваротную сувязь. Практычна ўсе, хто ідзе на “фізічную культуру” і “Графічны дызайн”, адказалі, што будуць паступаць. А вось “пачатковая адукацыя” не супала з чаканнямі школьнікаў і аказалася значна складаней. Таму дзяўчаты будуць яшчэ думаць.
Восеньскі прафарыентацыйны праект “Навучэнец на тыдзень” прайшоў паспяхова. Таму, як распавялі ва ўстанове адукацыі, у гэтым навучальным годзе плануецца правесці яго яшчэ раз.
— Мы ўбачылі, што гэта сапраўды цікавіць будучых выпускнікоў, таму будзем яго право- дзіць паўторна для тых, хто не паспеў прыняць удзел цяпер, — падкрэсліла Надзея Юдзіна. — Калі абітурыент матываваны і ведае, куды і дзеля чаго ён ідзе — гэта дорага каштуе. Таму “навучэнец на тыдзень” — сапраўды актуальны і карысны праект. І, спадзяёмся, што падчас прыёмнай кампаніі да нас прыйдзе шмат упэўненых у сваім выбары асоб.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.


