Самым улюбёным месцам падарожжаў для многіх пакаленняў удзельнікаў аматарскіх аб’яднанняў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы стала майстэрня мастака, скульптара, паэта, сябра Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алега Пракарыны.
Работы Алега Вікенцьевіча часта экспануюцца ў абласным Цэнтры народнай творчасці. Ён пастаянна прымае ўдзел у рэспубліканскіх, абласных і раённых плэнэрах разьбы па дрэве, якія праходзяць у розных гарадах Беларусі, а яго паэтычныя творы ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Адзін з апошніх — “Ступені” — 9-ы выпуск міжнароднага літаратурна-публіцыстычнага альманаха, які пабачыў свет у гэтым годзе.
Многія жывапісныя работы Алега Пракарыны знаходзяцца ў прыватных калекцыях у розных краінах свету. Штогод работы мастака экспануюцца ў салоне-галерэі “Скарбніца”, ладзяцца выставы і ў бібліятэцы.
Скульптурныя кампазіцыі нашага земляка ўпрыгожваюць тэрыторыю Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.
З карцін, што зараз знаходзяцца ў майстэрні ў Снове, палотны, прысвечаныя памятным мясцінам Нясвіжа і яго ваколіцам, землякам і людзям, лёсы якіх былі звязаны з Нясвіжам на некаторы час.
Усё гэта госці майстра і мастака пабачылі на свае вочы падчас экскурсіі. Рабят зацікавілі скульптурныя кампазіцыі з дрэва, самаробны камін, калекцыя камянёў, а таксама работы бабулі Алега Вікенцьевіча, прымацаваныя да столі. Справа ў тым, што сваякі хацелі пазбавіцца ад вышыванак, але майстар вырашыў, што працы яго бабулі не павінны быць страчанымі, як і іншая спадчына нашых продкаў.
Зараз да работ бабулі Алег Вікенцьевіч дадаў і карціну паэткі, мастачкі, майстра саломапляцення і таксама сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Веры Мацневай, якой ужо няма сярод нас.
Юныя падарожнікі пабывалі і на галубятні, дзе пацікавіліся асаблівасцямі догляду за гэтымі высакароднымі птушкамі.
Падчас экскурсіі Алег Вікенцьевіч прапанаваў рабятам паслухаць патэфон, пад музыку з якога танчылі ў маладосці нашы бабулі і дзядулі.
Алег Вікенцьевіч адказаў на ўсе пытанні сваіх юных, але надзвычай цікаўных гасцей.
У двары майстэрні таксама шэраг скульптурных кампазіцый. Найбольш спадабаліся іконы Божай Маці, выразаныя на камені. Іх асаблівасцю з’яўляецца наяўнасць на іх аўтарскіх вершаваных тэкстаў.
Зараз Алег Вікенцьевіч працуе над скульптурамі 12 апосталаў.
Шмат гадоў назад, калі Алег Пракарына толькі пачаў буда- ваць майстэрню, побач праходзіла бабулька. Спытала:
— Што, сынок, збіраешся будаваць і хто табе дапамагае?
Мастак падняў вочы ўгору. На што мудрая дарадца прамовіла :
— Ніхто не дапаможа, як Бог не дапаможа.
І першае, што зрабіў мастак і скульптар Алег Пракарына — выбіў на камені перад уваходам крыж.
У свой час некалькі гадоў Алег Вікенцьевіч займаўся роспісам праваслаўных храмаў, магчыма таму шырока прадстаўлена ў яго творчасці духоўная тэматыка. Яна прасочваецца ў многіх карцінах і знаходзіць сваё завяршэнне ў іконах “Успенне Багародзіцы”, “Адзігітрыя”, “Ісус Хрыстос”.
Летам гэтага года юныя ўдзельнікі праектаў бібліятэкі таксама наведаліся ў яго майстэрню, каб пабачыць, як насамрэч ствараецца абраз. Мастак патлумачыў рабятам, як зрабіць так, каб ён выглядаў так, быццам бы яму шмат гадоў. Для гэтага патрэбна выбіраць старую, паточаную дошку.
— Я бяру дошкі рознай таўшчыні, — расказаў рабятам Алег Вікенцьевіч. Мне патрэбна не проста зрабіць абраз, а як памяць аб чым-небудзь. Напрыклад, мы былі ў Маскве ў святой Матроны Маскоўскай і нам падарылі кветку. Я выразаў у іконе рамку, дзе змясціў малітву да святой і кветку. Атрымаўся такі каўчэжак са святыняй.
Далей мастак паказаў, якім чынам рыхтуецца дошка, затым з дапамогай сангіны пераводзіцца выява іконы, бо яна малюецца па спецыяльных канонах і адыходзіць ад іх немагчыма. Пасля накладваюцца колеры. Мастак паабяцаў правесці ў бібліятэцы майстар-клас па напісанні біблійскіх сюжэтаў.
Апошняй кропкай падарожжа стала каменная алея знакаў Задыяка ў Снове, пра якую расказаў яе стваральнік.
Імгненні ў “горадзе Сноў” праляцелі хутка, але тое, што яны запомняцца юным падарожнікам надоўга, сумнявацца не прыходзіцца.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
бібліятэкар аддзела
абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы.



