Меню
Курс $  3.27 | €  3.55 | ₽100  3.68 |
Погода 18 °C

Звяжам свет прыгажосцю

Софья ЛЮБАНЕЦ 7 месяцев назад 0 6

Пост опубликован: 25.11.2023

Сёння ў Калекцыйнай зале Нясвіжскага замка адкрылася часовая экспазіцыя ірландскіх карункаў Вольгі Старасцінай “Звяжам свет прыгажосцю”.

Звяжам свет прыгажосцю Звяжам свет прыгажосцю



Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з работамі майстроў — членаў міжнароднай школы аматараў ірландскіх карункаў пад кіраўніцтвам аўтара міжнароднага праекта і заснавальніка школы Вольгі Старасцінай, а таксама з работамі самой Вольгі. Аўтар, удзельніца шматлікіх міжнародных выставак, стварае кручком калекцыйныя вырабы класа “люкс” у старадаўняй тэхніцы ірландскіх карункаў. Яе працы атрымалі высокую адзнаку ад майстроў каралеўскага двара Вялікабрытаніі. З 2016 г. Вольга Старасціна зарэгістраваная ў міжнароднай арганізацыі каруначніц, яна выдала ўласны часопіс па сучасных ірландскіх карунках.
Нагадаем, што часовая экспазіцыя Вольгі Старасцінай дзейнічае у Нясвіжскім замку напярэдадні Калядных свят ужо чацвёрты год. Сёлета на выставе прадстаўлены элементы таямнічасці, інтрыгі і навагодніх прыгод: карнавальныя карункавыя маскі, пальчаткі, арыгінальныя сукенкі і незвычайны дэкор ёлкі, выкананыя ў старажытнай тэхніцы ірландскіх карункаў.
Дарэчы, маскі і пальчаткі набылі шырокую папулярнасць ужо ў мінулых стагоддзях, калі іх насілі не толькі падчас свят і маскарадных шэсцяў, але і ў паўсядзённым жыцці. У ХІХ стагоддзі гэтыя аксэсуары трывала ўвайшлі ва ўбор модніц. У гардэробе стала абавязковым мець пальчаткі на ўсе выпадкі жыцця — для халоднага надвор’я ці паходу ў тэатр, у залежнасці ад выпадку або настрою.

Звяжам свет прыгажосцю Звяжам свет прыгажосцю Звяжам свет прыгажосцю
“Зоркай” выставы без перабольшвання можна назваць карункавую сукенку “Восень” — чароўны ўбор, створаны ў адценнях восеньскіх колераў ад жоўта-залатога да барвовага. Гэта трэцяя сукенка з серыі “Поры года”, якую Вольга Старасціна распачала ў 2021 годзе. Тады быў прадстаўлены першы шэдэўр з гэтай серыі — “Вясна”. Дарэчы, і “Вясну”, і “Лета”, і “Восень” можна зараз таксама пабачыць у Калекцыйнай зале замка. Усе гэтыя эксклюзіўныя вырабы ствараліся майстрыхамі з розных краін, што яшчэ раз адсылае нас да назвы выставы — “Звяжам свет прыгажосцю”.
— Любоў да прыгожага — гэта тое, што аб’ядноўвае людзей незалежна ад іх нацыянальнасці, — упэўнена Вольга Старасціна. — І калі мы ствараем яе сваімі рукамі і дзелімся ёю з іншымі людзьмі, мы тым самым умацоўваем паразуменне і мір паміж людзьмі.
Як доказ гэтаму — тое, што над праектам “Восень” працавалі дзве беларускі — Вольга Старасціна і Ірына Сталярова, украінка Аксана Садоўнік, расіянкі Галіна Мошкіна, Віялета Сіманава, Святлана Грышына, Аксана Каут, Наталля Ганчарова, Святлана Палякова, а таксама Любоў Шахімарданава з Канады.
Часовая экспазіцыя ірландскіх карункаў Вольгі Старасцінай “Звяжам свет прыгажосцю” будзе праходзіць у Калекцыйнай зале палацавага ансамбля да 21 студзеня 2024 года.
Не прапусціце магчымасць акунуцца ў казачную атмасферу старажытнай тэхнікі ірландскіх карункаў!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!