У гісторыі беларускага тэатра ёсць значная старонка, якую ведаюць многія дасведчаныя людзі і не толькі. Я маю на ўвазе лялечны народны тэатр “Батлейка”, карані якога ідуць з XVI-га стагоддзя. Назва пайшла ад горада Бэтлеем (па-руску — Вифлеем), што паходзіць ад Бе́йт-Ле́хем — «Дом хлеба» на іўрыце. Тэматыка спектакляў насіла рэлігійны і бытавы характар, што і адлюстроўваліся ў пастаноўках. Гэты від мастацтва быў вядомы ў розных краінах Еўропы, і ў Беларусі таксама развіваўся здаўна. Напрыклад, у Гродзенскім францысканскім касцёле ў 60-х гадах ХХ-га стагоддзя. У канцы таго ж часу батлейка была створана ў г.п. Мір. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка ўжо некалькі гадоў дзейнічае студэнцкі тэатр “Батлейка”.
Дзякуючы энтузіязму адной няўрымслівай жанчыны названы від тэатральнага мастацтва з’явіўся і ў нашым раёне. Яго пачынальніцай стала бібліятэкар Ланскай сельскай бібліятэкі Алена Жук, якая захапілася ідэяй стварыць сваю батлейку. І ёй гэта ўдалося, хаця патрэбна было патраціць шмат часу на вывучэнне лялечнага тэатра, паездкі ў Мінск, распытванне дасведчаных людзей. Дома падбірала акцёраў, тыя зга- джаліся. Зрабіць двухпавярховую шафку ўзяўся муж Алены. Шылі лялькі, майстравалі дэкарацыі. Калі ўсё было гатова, паставілі першы спектакль “Цар Ірад”. Поспех быў значны. Потым пачалі выязджаць за межы раёна, пабывалі ў Літве, некаторых гарадах Беларусі.
Летась, на калядныя святы, ланцы прывезлі сваю батлейку ў Нясвіж. І ў актавай зале раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы прадэманстравалі спектакль “Цар Ірад”. Прэм’ера прайшла з вялікім поспехам, на прадстаўленні прысутнічалі не толькі дзеці, але і дарослыя. Спадабалася ўсім, і мне ў тым ліку. Гэта было як свежы струмень, новае заўсёды прыцягвае. Прыемна, што і сёлета Алена Жук прывезла новую пастаноўку — “Казачку пра Пятра, Казу і Каляды”. На спектакль прыйшлі ўдзельнікі клуба добрых зносін “Сям’я”, людзі розных узростаў, і, вядома, дзеці. Цікавы факт: да пачатку дзеяння апошнія бегалі па зале, смяяліся, як сапраўдныя гарэзы. А як толькі адчыніліся дзверцы цудоўнай шафкі, стала ціха. Юныя гледачы з захапленнем сачылі за дзеяннем, ім было цікава, як Пётр дапамагае бедным, а Каза прыносіць у дом добрыя весткі.
На гэты раз Алена Жук сама гаварыла за ўсіх лялек, бо яе артысты па розных прычынах не змаглі прыбыць. Але рэжысёр справілася выдатна з усімі ролямі. Напрыканцы яна падзякавала ўсім за ўвагу, а гледачы, у сваю чаргу, былі ўдзячны ёй за цікавую пастаноўку і з карысцю праведзены час. Па традыцыі ўсе сфатаграфаліся каля яркай і прыгожай батлейкі.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.
Калі гавораць лялькі
Пост опубликован: 02.02.2024



